Авторизация
 

Жыхарка Міёр Любоў Пухальская падзялілася ўспамінамі пра сваю вадзіцельскую маладосць

 Жанчына за рулём аўтамашыны – даўно звычайная з’ява. Але толькі калі размова ідзе пра легкавое і пераважна асабістае аўто. Вадзіцелямі грузавікоў, тым больш вялікіх, нашы дамы працуюць рэдка. Не, нават на сучасных гігантах руль круціць не цяжэй, чалавечыя намаганні памнажае гідраўліка. Толькі такі занятак абяцае шмат непрадбачаных сітуацый і працяглы адрыў ад сям’і, дзяцей, што не надта задавальняе замужніх гаспадынь і асабліва маці малалетніх дзяцей. Раней жа патрабаванні да шафёра не залежалі ад гендарных адрозненняў. За руль грузавіка іншы раз імкнуліся дзяўчаты і жанчыны. Пра адзін такі выпадак нагадаў тэлефонны званок у рэдакцыю.

 

Калісьці на Міёрскай аўтабазе працавалі шафярамі дзве жанчыны – Лідзія Арол і Любоў Ігнацік. Даўняя жыхарка райцэнтра Любоў Браніславаўна, цяпер Пухальская, падзялілася ўспамінамі пра сваю вадзіцельскую маладосць.

 
Нарадзілася яна на аддаленым хутары ля вёскі Белеўцы ў сялянскай сям’і ў 1944 годзе. Наведвала пачатковую школу ў Стэфанове, бо сюды было значна бліжэй, чым у Наўгародскую, што месцілася ў Каланіцы. Потым адолела сем класаў у Міёрах, бо там была магчымасць кватараваць у родных. Часіны пасляваенныя, бедныя, з такімі ж дзяўчатамі ездзіла на заробкі ў Латвію на вырошчванне буракоў. Працавала рознарабочай у міжкалгасбудзе. Рана выйшла замуж. Пакуль муж тры гады служыў у арміі, жыла ў свекрыві ў Наталіне. Сёння пад гэтым населеным пунктам ведаюць некалькі хат за аб’язной дарогай перад чыгункай. А ў той час вёска была і за рэйкамі, дзе цяпер узвышаюцца пабудовы металапракатнага завода. Туды нават электраправады не былі працягнуты.

 
Маладой жанчыне хацелася мець сталую прафесію. Таму скіравалася ў школу вадзіцеляў, што дзейнічала пры ДТСААФ у райцэнтры. Была адзінай у мужчынскім атачэнні групы. Як і ўсе, вывучала будову самых шматлікіх грузавых аўтамабіляў, каб умець выпраўляць няспраўнасці і паломкі, запамінала правілы дарожнага руху, набывала навыкі кіравання. Адолела сваю няўпэўненасць і насцярожанасць аднагрупнікаў. Пры невялікім росце гэта было зусім не проста. Тым больш шчаслівым стаў для Любові Браніславаўны дзень 23 жніўня 1967 года, калі стала ўладальніцай пасведчання вадзіцеля трэцяга класа.

 

Самастойную працу ў гэтай якасці пачала на кансервавым заводзе, папярэдніку хлебазавода. Там ёй даверылі грузавую аўтамашыну ГАЗ-69, высокапраходную, з вядучым пярэднім мостам. Ды не затрымалася на невялікім прадпрыемстве, дзе ўсе клопаты пра аўтамабіль ляжалі толькі на шафёры. Прывабіла адзіная спецыялізаваная аўтатранспартная арганізацыя, якая імкліва набірала моц на месцы. Гэта быў філіял Браслаўскай аўтабазы № 18, што неўзабаве пад кіраўніцтвам Часлава Пальчаха стаў самастойнай Міёрскай аўтабазай № 15.

 
На месцы былой сенабазы ўзводзіліся вытворчыя памяшканні, павялічваўся калектыў. У ім было нямала жанчын: бухгалтарскіх спецыялістаў, касіраў, кандуктараў, а з ліку вадзіцеляў – толькі дзве. Стаянкі паступова запаўнялі грузавыя аўтамашыны, аўтобусы, рэфрыжыратары, іншая тэхніка. Сярод іх знаходзіўся і надзейны бартавы ГАЗ-51, які даверылі Любові Браніславаўне. Сцвярджае, што яго нумар памятала вельмі доўга.

 

Вазіла на невялікім грузавічку будаўнічыя матэрыялы і розныя грузы па заказах арганізацый і прадпрыемстваў. Найбольш памятным стаў удзел у будаўніцтве жылля ў вёсцы Хоцькава, якое ўзводзіла рамбудкантора. З пуцёўкай ад гэтай невялікай арганізацыі дастаўляла на аб’ект каменне, цэглу, гравій, лесаматэрыялы. Запомнілася, як прыязджала з гравіем у абедзенны перапынак і нікога з рабочых на месцы не заставала, раскрывала ўсе тры барты і хутка разгружала машыну. Такія працоўныя будні працягваліся два гады, пакуль не настаў час дэкрэтнага водпуску. Сына нарадзіла ў Дзісне, бо раддом у райцэнтры быў на рамонце.

 
Кім ён стаў? Вядома, шафёрам, бо з’явіўся на свет амаль што ў кабіне аўтамабіля. Праз восем месяцаў Любоў Браніславаўна вярнулася ў сваю арганізацыю. Толькі цяпер ёй прапанавалі пасаду кладаўшчыка склада запасных частак. Працавала па тры дні запар у змену з Мікалаем Валеўкам, які жыў непадалёку на вуліцы Маякоўскага. Спраў абодвум хапала. Запчасткі тройчы на тыдні поўным кузавам аўтамабіля ГАЗ-51 з розных баз прывозіў Рыгор Бароўскі. Іх трэба было прыняць, а потым выдаць пры паломках тэхнікі вадзіцелям ці рамонтнікам. Клопатаў, рабочых і дамашніх, хапала, але мінулае ўзгадваецца цёплым і светлым.

 

У першую чаргу дзякуючы падтрымцы калектыву, добрым узаемаадносінам, душэўнай цеплыні калег. У іх ліку Любоў Браніславаўна называе інжынера Пятра Гарноўскага, механіка Вікенція Кукуця, які арганізоўваў абслугоўванне і рамонт аўтатэхнікі ў гаражы, аўтобуснікаў Віталія Зінкевіча, Пятра Кліпацкага і Леаніда Матэленка, рэфрыжыратаршчыка Алега Арлюкевіча, бензавозніка Юрыя Арлюкевіча. Па прозвішчы гатова назваць і многіх іншых, шкада, памяць не захавала іх імёны.

 
Пятнаццаць гадоў аддала аўтапарку Любоў Браніславаўна, удзячна за гэты час усім, з кім працавала. Потым пачаліся іншыя дарогі. Цяпер працягваецца спакойнае ветэранскае жыццё ва ўласнай хаце на ціхай вуліцы райцэнтра з сімвалічнай назвай Будаўнічая. Дастаткова часу для ўспамінаў. А заўсёды перад вачыма і цешаць душу шматлікія дыпломы, пахвальныя лісты, Ганаровыя граматы і іншыя школьныя ўзнагароды ўнука, цяпер студэнта-другакурсніка Полацкага дзяржуніверсітэта, будучага праграміста.

 
Пасля сустрэчы з Любоўю Браніславаўнай у мяне перад вачыма яшчэ доўга паўставаў вобраз светлай маленькай жанчыны за рулём вялікага аўтамабіля.

 

Леанід МАТЭЛЕНАК

Фота аўтара.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 18 мая 2022
Адриан, Ирина, Яков

Именины 17 мая 2022
Иван, Исаакий, Кирилл, Климент, Леонтий, Никита, Николай, Мария, Пелагея

Госці краін

free counters
Партнеры сайта