Авторизация
 

Пётр ПІРОГ з Лявонпаля: хроніка 28 гадоў вайсковай службы

 Вайсковай службе Пётр ПІРОГ прысвяціў 28 гадоў. За ўдзел у баявых дзеяннях у Афганістане ўзнагароджаны Ордэнам Чырвонай зоркі, медалямі «Ад удзячнага афганскага народа» і «10 гадоў Саурскай рэвалюцыі».

 

У школе сябры і аднакласнікі з іроніяй называлі Пятра афіцэрам, ведаючы пра яго намер стаць ваенным і не верачы ў поспех. Аднакурснікі ў вучылішчы нараклі журналістам, паколькі вёў журнал курса. У вучобе і на службе не пасаваў перад цяжкасцямі. Падчас прыёмнай камісіі адзін з афіцэраў ахарактарызаваў юнака: «Такі, калі трэба, і пад свае танкі кінецца».

 

Чаканая сустрэча, цікавая размова

З нашым земляком, палкоўнікам у адстаўцы Пятром Пірагом мяне пазнаёміла журналістка з Расіі Людміла Цвяткова. Супрацоўніца чарапавецкай раённай газеты «Сельская новь» даслала матэрыял пра маці Пятра Паўлавіча – Надзею Раманаўну Пірог (Барэйка), вязня канцлагера Равенсбрук (матэрыял апублікаваны ў «Міёрскіх навінах» № 37 за 8 мая 2020 года). Дамовіліся, што некалькі нумароў газеты перадам Пятру Пірагу, калі наведаецца на Міёршчыну. Раз на год ён прыязджае ў родныя лявонпальскія мясціны пабачыцца са сваякамі, наведаць магілы бацькоў, пахадзіць знаёмымі сцежкамі.

 
Наша сустрэча адбылася ў мінулым ліпені. Дзверы рэдакцыі адчыніў сапраўдны палкоўнік. У свае 67 гадоў бадзёры і падцягнуты, рухавы і энергічны, з гучным цвёрдым голасам і добрай усмешкай. У руках – шыкоўны букет кветак і падарункавы набор ласункаў.
Тры непрыкметныя гадзіны гутарылі з былым вайскоўцам пра яго дзяцінства ў вёсцы Балтрукі, пра курсанцкія будні, службу ў Германіі, на Далёкім Усходзе, у Афганістане, пра цяперашнія сямейныя радасці і клопаты ў Бабруйску.

 

Бог заўжды побач

«Нават калі ты мяне не ведаў, і тады я цябе прыпаясваў». Да гэтых слоў са Святога Пісання субяседнік не раз звяртаўся падчас гутаркі. Пётр Паўлавіч жыве з Богам у сэрцы. Свядома прыйшоў да веры. Азіраючыся на пражытае, зразумеў, што ва ўсім яго накіроўвала Божая рука.

 
– Калі ў самалёце адвальваецца крыло, адразу ўсе вернікамі становяцца. А на зямлі – па выбары, – заўважае Пётр Пірог. – У мяне вера, напэўна, у генах закладзена. Маці памятаю ў малітве. Яе родная сястра Вера выйшла замуж за святара, які ў свой час быў настаяцелем царквы ў Оршы. У маёй сям’і ўсе вернікі.

 

Хлеб елі, нібы шакалад

Дзяцінства Пятра прайшло ў месцейку Балтрукі, што ў ваколіцах Лявонпаля. У 60-я гады ў вёсцы налічвалася каля 30 двароў. Цяпер засталася толькі труба ад цагельнага завода, якім калісьці кіраваў бацька Пятра.
– Спачатку наша сям’я ў Трудах жыла, што таксама ва Узмёнскім сельсавеце, – распавядае субяседнік. – Тата быў добрым будаўніком. Яго накіравалі на вучобу ў Віцебск, дзе скончыў курсы керамікі, затым прызначылі дырэктарам цагельнага завода ў Балтруках, куды мы і пераехалі. Маці вяла хатнюю гаспадарку, нас з братам даглядала.

 
У школу хадзілі ў Лявонпаль за тры кіламетры. Па дарозе дадому заходзілі ў магазін. Духмяны хлеб быў смачны, нібы шакалад. І каштоўны, бо шмат не купіш. На чалавека паўбохана адпускалі.
Урокі Пеця рыхтаваў пры керасінавай лямпе. Калі вучыўся ў трэцім класе, з’явілася электрычнасць. Прыгадвае, як здзіўляліся сяльчане, пачуўшы з вакон іх дома радыёперадачу. Яны першыя ў вёсцы займелі прыёмнік на батарэйках.
Сельскія хлапчукі змалку прывучаліся да працы. Пётр умеў і сена накасіць, і карову падаіць, і каня запрэгчы.

 

Словы маці запалі ў душу

Стаць ваенным Пеця вырашыў у восем гадоў. На Дзень Перамогі разам з многімі вяскоўцамі на мітынгу ў Даўгінаве ён слухаў расповяд маці пра жудасныя пакуты ў канцлагеры. Уразлівую дзіцячую душу захлынула жаданне хутчэй вырасці і адпомсціць ворагам.
Дарэчы, праходзячы службу ў Германіі, Пётр Паўлавіч наведаў мемарыяльны комплекс на тэрыторыі былога канцлагера ў Равенсбруку.
 
 Просты сельскі хлопец – курсант

З 1970 па 1974 гады Пётр Пірог – курсант Ленінградскага вышэйшага агульнавайсковага каманднага двойчы чырванасцяжнага ваеннага вучылішча імя С. М. Кірава. У тым, што на экзаменах трапляліся білеты, якія найлепш ведаў, што прыёмная камісія заўважыла ў ім адказнасць і ўпартасць, бачыць Божы промысел.

 
– Вельмі хваляваўся перад мандатнай камісіяй. Я – просты сельскі хлопец з беларускай глыбінкі, разам са мной паступаюць сыны, унукі ці пляменнікі ваенных з высокімі званнямі, – прыгадвае палкоўнік у адстаўцы. – Кажу нашаму камандзіру роты маёру Сачэнка: «Нас пастрыглі нагала. Калі не паступлю, як мне ў такім выглядзе дадому вяртацца?» Той запэўніў, што ўсё будзе добра. На камісіі шмат пытанняў мне не задавалі. А маёр Сачэнка падняў руку і гаворыць: «Я з гэтым хлопцам размаўляў, і ён сказаў, што пакуль валасы не адрастуць,
адсюль не паедзе». У гэты момант мне хацелася падбегчы да яго і абняць.

 

Пірог смачней

– Абрамовіч, Алёшкін, Акалбекаў, Багамаз, Букін, Весялоў, Вінаградаў, Гаўрылаў, Гуляеў…, – прозвішчы сваіх аднакурснікаў Пётр Пірог без запінкі называе па памяці ў алфавітным парадку. Відаць, паспрыяла тое, што вёў журнал паспяховасці. Гэтых абавязкаў дадаў Пятру яго прыгожы почырк.

 
Прыгадвае смешны выпадак на першых занятках па тактыцы.
– Аддаў выкладчыку журнал, сеў на сваё месца, а той кажа: «Не буду вас па прозвішчах называць, прадстаўцеся самі, я ўсіх адзначу». Дайшла чарга да мяне. Устаю:
– Курсант Пірог.
– Сядай. Два!
– За што?
– Ты што, жартаваць з мяне вырашыў? – злосна сказаў выкладчык, а затым зазірнуў у журнал і заўсміхаўся: – Сядайце, Ваша прозвішча смачней за маё.
Аказалася, прозвішча выкладчыка – Хлеб.

 

Генералы казалі: «Дзякуй, сынок!»

Вучылішча Пётр Пірог скончыў на «4»-кі і «5»-кі. Толькі адна «тройка» па вышэйшай матэматыцы. Не знайшоў агульную мову з гэтай дысцыплінай, ды і пасля яна не спатрэбілася.
Выпускніку прадаставілі самому выбраць месца службы. Параіўся з выкладчыкамі. Тыя адзначылі, што добры вопыт атрымае за мяжой. Так хлопец з Міёршчыны апынуўся ў групе савецкіх войск у Германіі. Прызначылі на пасаду начальніка разведкі асобнай часці. Пасля перавёўся ў мотастралковы полк, дзе камандаваў ротай. Праз пяць гадоў з Германіі накіравалі ў Далёкаўсходнюю ваенную акругу.

 
– Там таксама служба добра ішла. Мая рота была найлепшай у акрузе. «Дзякуй, сынок!», – казалі генералы, – распавядае субяседнік. – З часам мне прапанавалі пасаду начальніка штаба. Неўзабаве выйшла дырэктыва, згодна з якой начальнікаў штаба, што на пасадзе менш за год, трэба накіроўваць у Афганістан для атрымання практычных навыкаў.

 

Бамбамёты з Міёр спяшаюцца на дапамогу

У Афганістан Пётр Пірог трапіў у сакавіку 1987 года. На год месцам службы начальніка штаба стаў горад Кішым, што за 40 км ад граніцы з Пакістанам.
– Перад 1 мая кіраўніцтва паехала на зборы, я застаўся за камандзіра, – прыгадвае адзін выпадак Пётр Паўлавіч. – Па нас пачалі страляць, шэсць гадзін лупілі. Падначаленым я загадаў спусціцца ў бомбасховішча. Засталіся толькі адзінкі, каб у выпадку неабходнасці адбіць наступленне. Дакладваюць, што насупраць нас сабралася сур’ёзная варожая групіроўка і пытаюцца пра падтрымку авіяцыі. І тут я чую: «Два бамбамёты з Міёрскага аэрадрома выйшлі». Гэта так кранула: я ў Афганістане, родам з Міёршчыны і адтуль ляціць дапамога. Бамбамёты зрабілі вылет па ўказаных мной квадратах, і ўсё супакоілася. Пасля сабраў камандзіраў падраздзяленняў і спытаў, колькі ў нас страт. Аказалася – ніводнай, акрамя сабакі.

 
 За кіраванне аперацыяй Пётр Пірог узнагароджаны Ордэнам Чырвонай зоркі.
– Пасля Афганістана ў мяне было права выбару ваеннай акругі. Вырашыў паехаць у Беларусь, – працягвае расповяд. – Службу скончыў у 1995 годзе камандзірам мотастралковага батальёна ў Бабруйску. Пасля вёў урокі спецпадрыхтоўкі ў школе, працаваў начальнікам аховы ваеннай нафтабазы.

 

Родныя людзі побач

Дні на пенсіі Пётр Пірог прысвячае сям’і. Нядаўна з жонкай Ліліяй адзначылі 45-годдзе сумеснага жыцця. Знаёмы з дзяцінства, разам вучыліся ў школе. Ажаніліся, калі Пётр скончыў вучылішча і стаў лейтэнантам.

 
– Атрымаў пад’ёмныя, купіў фату, сукенку і пярсцёнкі. Вяселле згулялі на малой радзіме, – расказвае ён. – У Германію адзін скіраваўся, а праз тры месяцы жонцы прыйшло запрашэнне, і яна да мяне прыехала. Усе сямейныя клопаты на ёй былі. Я на службу адыходзіў, цалаваў у шчочку дзяцей, якія яшчэ не прачнуліся, дадому вяртаўся – яны ўжо спалі.

 
Дарослыя дзеці са сваімі сем’ямі таксама пражываюць у Бабруйску. Сын Андрэй працуе вадзіцелем міжнародных рэйсаў. Дачка Марына скончыла Мінскі лінгвістычны ўніверсітэт, цяпер у водпуску па доглядзе дзіцяці. Усяго ў Пятра і Ліліі Пірагоў сем унукаў, малодшая Дамініка з’явілася на свет у мінулым годзе.

 

На сувязі з саслужыўцамі і не толькі

Даўно мінулі курсанцкія і вайсковыя будні, аднак таварышы па зброі працягваюць зносіны. Сацыяльныя сеткі спрасцілі пошук сяброў і далі магчымасць заставацца на сувязі, нягледзячы на адлегласць.

 
– Праз 45 гадоў пасля вучылішча мяне знайшоў у «Аднакласніках» аднакурснік Юрый Вінаградаў. Родам ён з горада Чарапавец, што на Валагодчыне, цяпер у Маскве жыве. Удзельнічаў у Чачэнскай вайне, – расказвае пра таварыша. – Праз Юрыя пазнаёміўся з журналісткай Людмілай Цвятковай, яны ў Чарапаўцы па-суседству жылі. З ёй таксама пасябравалі, падтрымліваем зносіны праз інтэрнэт.

 
Мінулае лета для Пятра Пірага было багатым на паездкі і новыя ўражанні. Пасля традыцыйнага візіту ў Міёрскі край скіраваўся ў Расію на Валагодчыну сустрэцца з сябрамі. Падарожжа пакінула прыемныя ўспаміны. 

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фотаматэрыял з архіва Пятра ПІРАГА.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 18 мая 2022
Адриан, Ирина, Яков

Именины 17 мая 2022
Иван, Исаакий, Кирилл, Климент, Леонтий, Никита, Николай, Мария, Пелагея

Госці краін

free counters
Партнеры сайта