Авторизация
 

Людміла Зелянкевіч з Сакалова: "Наша раёнка заўсёды крочыць у нагу з часам"

 Людміла ЗЕЛЯНКЕВІЧ – прыхільнік перамен. Гэта выказваецца ў імкненні разнастаіць сваю паўсядзённасць, унесці яркія ноткі ў хатні інтэр’ер. Пастаяннага хобі не мае, спрабуе розныя напрамкі. У адным жанчына непахісная: без «Міёрскіх навін» сябе не ўяўляе.

 

Калісьці раённая газета дапамагала маладой настаўніцы матэматыкі удасканальвацца ў прафесіі. Вывучала перадавы вопыт калег. Льготнай пенсіянерцы, як цяпер сябе называе, даспадобы нашы майстар-класы па рукадзеллі.

 

З раённай газетай Людміла Зелянкевіч знаёмая з 1984 года. З той пары, як ужо разам з мужам маладзенькая настаўніца, ураджэнка вёскі Сакалова, пераехала ў Папшулі. Мікалай Сямёнавіч працаваў вадзіцелем. Вёска была даволі вялікай, а гаспадарка – моцнай, тут ахвотна заставалася моладзь. Тады ж накіравалі старшынёй у калгас імя Гастэла і яе бацьку Васіля Таболу.

 
Першым працоўным месцам выпускніцы Віцебскага педагагічнага інстытута імя Кірава (цяпер – ВДУ імя П. М. Машэрава) стала Ліпаўская васьмігодка, дзе выкладала матэматыку ў старэйшых вучняў. Праз некалькі гадоў ужо працавала намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Калі школу рэарганізавалі ў пачатковую, займалася з малодшымі дзеткамі.

 
Новую сярэднюю школу ўзводзілі сваімі сіламі. Сродкі выдзелілі з бюджэту, дапамагаў у афармленні класных кабінетаў калгас імя Гастэла. Кіраваў работамі тагачасны загадчык аддзела адукацыі Мікалай Будо. Настаўнікі радаваліся новым светлым памяшканням, дапамагалі збіраць мэблю. Папшулёўская СШ адчыніла свае дзверы перад больш чым 100 вучнямі ў 1990-м.

 
У 2015 годзе ўстанову адукацыі зачынілі, Людміле Васільеўне прапанавалі настаўнічаць у Завуццеўскай. Аднак вырашыла пайсці на льготную пенсію. Матэрыяльны складнік не турбаваў, падрасталі ўнукі, хацелася дапамагчы дзецям. На заслужаным адпачынку ўжо шосты год, а агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту яшчэ не дасягнула.

 
Калгаснае жыллё Зелянкевічы прыватызавалі. Павялічвалася сям’я – рос і дом, дабудавалі амаль у два разы. Сёння ён мае два ўваходы. Адну палову выкарыстоўваюць толькі летам, калі прыязджаюць унукі. Людміла Васільеўна паважае і сучасны стыль афармлення ў інтэр’еры, і рэтра. Яны суседнічаюць у іх камфортным доме. Гаспадыня жартуе, што страсць да перамен прачынаецца вясной, калі абуджаецца прырода. Клеіць шпалеры, фарбаваць падлогу, выбіраць мэблю – яе стыхія. Муж дапамагае спраўляцца з рамонтам, а сын, які працуе ў фірме па вырабе корпуснай мэблі, абстаўляе пакоі.

 
– Нібы і не заўважыла тых пяці гадоў, дома заўсёды ёсць чым заняцца. Летам больш часу на агародзе праводзіш. Зіма пралятае хутка, бо на канікулы прыязджаюць унукі, – лагодна ўсміхаецца бабуля. – Не шкадую, што паміж работай і сям’ёй выбрала апошняе. Бываюць у гасцях дзеці, далей па вуліцы жыве мой бацька Васіль Васільевіч. Цяпер на ўсіх хапае часу і сіл.

 
З Полацка прыязджае сын Максім з жонкай Аксанай і дзецьмі. Архіп трэцякласнік, Міша пакуль наведвае садок. У Мінску жыве дачка Святлана з мужам Ягорам. Іх дачушцы Еве хутка споўніцца годзік. Часта бачыцца не дазваляе эпідсітуацыя, аднак бабуля не журыцца: асвоіла Вайбер і Скайп. Кожны дзень атрымлівае на тэлефон свежыя здымкі любімых унукаў.

 
Разам з сяброўкамі стварылі ў Папшулях аматарскі клуб па інтарэсах. Усе яны калісьці працавалі ў школе, кожны па сваім напрамку. І заняткі ва ўсіх розныя: Людміла Васільеўна нядаўна занялася вышыўкай, Ірына Ісаковіч пляце з газетных трубачак, Вікторыя Курашэвіч вяжа і вышывае, Ванда Васілёнак шые, Галіна Белавус – адметны кветкавод і агароднік. Несумненны плюс – у любы час можна пракансультавацца з творчымі каляжанкамі па любым пытанні.

 
– Хутарское жыццё стварае пэўныя праблемы. Усе мае сяброўкі жывуць у цэнтры, а я на ўскрайку вёскі, – заўважае субяседніца. – Летам села на веласіпед – і паехала. Зімой складаней. Цяпер збіраемся не так часта.

 
 Раней Людміла Васільеўна і Мікалай Сямёнавіч трымалі вялікую гаспадарку. Сёння на падворку толькі куры – нясушкі і бройлеры, свінні пароды венгерская мангаліца, якія падкупілі простым доглядам. Не баяцца холаду, ядуць няшмат, у асноўным сырую гародніну і сена.

 
Вольны час жанчына праводзіць за газетай. Падабаюцца артыкулы пра лёсы людзей, пра школьныя і сельскагаспадарчыя справы. Цікавіцца новай вытворчасцю, развіццём раёна. Як агароднік ацаніла лунны каляндар, парады па садаводстве. Як рукадзельніца звяртае ўвагу на матэрыялы, дзе дзеляцца вопытам умелыя гаспадыні. Спрабавала сябе ў квілінгу (стварэнне кампазіцый са скручаных у спіралькі палосак паперы), цяпер захапілася вышыўкай.

 
– Наша раёнка заўсёды крочыць у нагу з часам. Раней яна мела сельскагаспадарчы накірунак, цяпер стала шырокапрофільнай. Раён з аграрнага становіцца аграрна-прамысловым, што адлюстроўвае выданне, – аналізуе субяседніца. – І гэта радуе.

 

Алена ВАРОНІНА

Фотаматэрыял аўтара і з архіва Людмілы ЗЕЛЯНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 1 марта 2021
Даниил, Илья, Макар, Павел, Памфил, Порфирий, Самуил, Юлиан

Именины 28 февраля 2021
Алексей, Арсений, Иван, Михаил, Николай, Павел, Петр, Софья, Афанасий, Семен

Госці краін

free counters
Партнеры сайта