Паважаныя жыхары Міёраў і раёна!
Побач з вамі жывуць дзеці, у якіх сёння няма сям’і. Яны знаходзяцца ў дзіцячых дамах, прытулках, інтэрнатах, пазбаўлены любові і пяшчоты мамы, мудрасці і моцнага пляча таты. Педагогі дзіцячага сацыяльнага прытулка стараюцца падарыць дзецям любоў і ўвагу, стварыць атмасферу сардэчнасці і дабрыні. Яны робяць для малых усё магчымае, але нават самыя ідэальныя ўмовы ў прытулку не заменяць дзіцяці сям’і.
Чакае бацькоў сямігадовы Андрэй. Па волі лёсу здарылася так, што хлопчык застаўся без родных, маці памерла, а бацькі няма. Педагогі характарызуюць яго як акуратнага, дысцыплінаванага і спакойнага. Ён цікаўны, любіць усё новае і незнаёмае. Але ў Андрэйкі патухлы позірк, у якім адлюстраваны надзея і чаканне: любові, шчасця, разумення, пяшчотных матуліных рук.
Вы можаце дапамагчы дзіцяці! Падарыце малому магчымасць жыць у сям’і, не заставайцеся раўнадушным да яго праблем, абагрэйце сваім хатнім цяплом.
Калі вы адчуваеце ў сабе сілы і неабходнасць аддаць часцінку свайго сэрца сіраце, падарыць яму любоў сям’і. Звяртайцеся ў сектар аховы дзяцінства аддзела адукацыі райвыканкама па адрасу: г. Міёры, вул. Кастрычніцкая, 28, тэл. 4-96-49.
Наша галоўная задача — знайсці кожнаму малому Сапраўдную Сям’ю!
С. ЦЫРКІНА,
дырэктар ДУА
“Міёрскі раённы СПЦ”.