Ко дню науки - вспоминаем имена известных белорусских ученых

За кожным навуковым дасягненнем – імя чалавека. Сярод беларусаў і выхадцаў з нашай краіны шмат вучоных, чые імёны жывуць у вынаходніцтвах сваіх аўтараў. Раскажам пра некаторых.

 

 Павел Сухі (1895 – 1975) – авіяканструктар, доктар тэхнічных навук, адзін з заснавальнікаў савецкай рэактыўнай і звышгукавой авіяцыі.

 
Нарадзіўся ў горадзе Глыбокае на Віцебшчыне. Школьныя гады і юнацтва прайшлі ў Гомелі. Вучыўся ў Маскве ў вышэйшым тэхнічным вучылішчы. У гады Вялікай Айчыннай вайны пад кіраўніцтвам Паўла Сухога стварылі браніраваны штурмавік Су-6.

 

У мірны час вучоны ў ліку першых авіяканструктараў узначаліў работы ў сферы рэактыўнай авіяцыі. На чале з Паўлам Сухім распрацавалі шэраг серыйных баявых машын. Сярод іх знішчальнік Су-7, хуткасць палёту якога ўдвая перавысіла хуткасць гуку; знішчальнікі-перахопнікі Су-9, Су-11, Су-15. Усяго больш за 50 мадэляў самалётаў.

 

 Міхаіл Высоцкі (1928 – 2013) – адзін з заснавальнікаў беларускага грузавога аўтамабілебудавання, стваральнік беларускай школы канструявання і даследавання грузавых аўтамабіляў. Малая радзіма Міхаіла Высоцкага – вёска Семежава ў Мінскай вобласці.
У 18 гадоў уладкаваўся слесарам-зборшчыкам на Мінскі аўтамабільны завод. Працу сумяшчаў з вучобай у аўтамеханічным тэхнікуме. Пасля скончыў Усесаюзны завочны машынабудаўнічы інстытут. На рахунку вучонага 134 вынаходніцтвы і 17 патэнтаў. Распрацаваны ім першы ў свеце 40-тонны самазвал МАЗ-530 у 1958 годзе выйграў гран-пры на Сусветнай прамысловай выставе ў Бруселі.

 
50 гадоў Міхаіл Высоцкі адпрацаваў на Мінскім аўтазаводзе, з іх 36 – галоўным канструктарам. У 2006 годзе ўдастоены звання Герой Беларусі. З гэтага часу і да сваіх апошніх дзён быў генеральным дырэктарам Аб’яднанага інстытута машынабудавання Нацыянальнай акадэміі навук.

 

 Жарэс Алфёраў (1930 – 2019) – вучоны-фізік, палітычны дзеяч. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па фізіцы. Родны горад Жарэса Алфёрава – Віцебск. У ваенныя гады сям’я знаходзілася ў Расіі. Пасля вызвалення Беларусі вярнуліся ў Мінск, дзе Жарэс скончыў школу. Паступіў на энергетычны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута, затым перавёўся ў пецярбургскі электратэхнічны ўніверсітэт «ЛЭТИ». Навуковую кар’еру распачаў у 1952 годзе.

 
Жарэс Алфёраў стаяў ля вытокаў новай электронікі. Дзякуючы яго распрацоўкам з’явіліся тэлефанія, сотавая сувязь, святлодыёды, оптавалакно. Работа кампакт-дыскаў і дыскаводаў сучасных камп’ютраў была б немагчыма без «лазара Алфёрава».
Вынік дзейнасці вучонага – больш за 500 навуковых работ, 50 вынаходніцтваў. У 2017 годзе часопіс «Forbes» назваў Жарэса Алфёрава адным са ста ўплывовых жыхароў Расіі ХХ стагоддзя.

 

 Уладзімір Улашчык (1943 – 2018) – вучоны-медык, фізіятэрапеўт. Нарадзіўся ў вёсцы Валіцкоўшчына Мінскага раёна. Пасля школы паступіў у Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут. Яшчэ студэнтам за адно са сваіх даследаванняў атрымаў залаты медаль на Усесаюзным конкурсе. Асноўныя навуковыя даследаванні прысвечаны праблемам фізічнай медыцыны і медыцынскай тэхнікі. Уладзімір Улашчык вывучаў механізмы і заканамернасці ўздзеяння на арганізм шэрагу фізічных фактараў (пастаянны ток, ультрагук, мікрахвалі, мінеральныя воды, лекавыя гразі і інш.). Прапанаваў новыя фізіятэрапеўтычныя метады і апараты. У лекавых установах Беларусі і краін СНД шырока выкарыстоўваюць распрацаваную вучоным фізіятэрапеўтычную апаратуру. Аўтар больш за 600 работ, 80 вынаходніцтваў і патэнтаў, 25 фізіятэрапеўтычных апаратаў.

 

Вынаходніцтвы айчыннай навукі – 2020

Сучасная беларуская навука не стаіць на месцы. Вось невялікая частка вынаходніцтваў мінулага года.

 

У мінулым годзе вучоныя БНТУ пачалі распрацоўваць вуглавыя пласціны, што дапамагаюць хутка зрошчваць косці з найменшым пашкоджаннем мяккіх тканак. На рэгістрацыю вырабу спатрэбіцца два гады. Затым пласціны з’явяцца ў клініках.
Праходзіць іспыты клапан сэрца, таксама зроблены ў БНТУ. Падчас вырабу адбылося больш за 20 тэхналагічных этапаў пад кантролем вядучых кардыёлагаў Беларусі.

 
У БДУ вынайшлі арыгінальны супрацьпухлінны прэпарат. Ён лечыць гліабластому галаўнога мозга, папярэджвае рэцыдывы на трэцяй і чацвёртай стадыях, знішчае пухлінныя клеткі.

 

У Фізіка-тэхнічным інстытуце Акадэміі навук з’явілася ўнікальнае лазернае абсталяванне. Комплекс можа выконваць лазерную зварку і рэзку. З яго дапамогай магчыма вырабляць і аднаўляць зношаныя дэталі ў абсталяванні, якое прымяняецца у медыцыне, прамысловасці, сельскай гаспадарцы.

 
Прыступілі беларускія вучоныя да распрацоўкі беспілотнага трактара, які аблегчыць працу аграрыяў. Сістэма спадарожнікавай навігацыі пракладзе маршрут і дапаможа пасеяць і сабраць ураджай. Прыкладна ў 2022 годзе ў Беларусі з’явяцца дроны, абсталяваныя дазіметрамі. Апараты з адчувальнымі датчыкамі заменяць чалавека ў экстрэмальных умовах.

 
Распрацаваны прыбор для дыстанцыйнага вымярэння тэмпературы аб’ектаў. Падобны да кінакамеры апарат робіць тэрмаздымкі. За мільённую долю секунды можа ўлавіць змяненні тэмпературы аб’екта на адлегласці да пяці метраў. Прыбор да месца як у касмічнай прамысловасці, так і ў іншых сферах, дзе трэба хутка і дакладна вымяраць высокія тэмпературы.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фота з адкрытых інтэрнэт-крыніц.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.