Авторизация
 

Раёну - 81! Успамінаем знакамітых ветэранаў Міёршчыны

 Сёлета раёну 81. Дата не юбілейная, але таксама вартая ўвагі. Асабліва калі размову пра яе весці праз лёсы вядомых на Міёршчыне людзей, равеснікаў раёна. Пра іх ужо расказвалі на старонках раённай газеты. Але мінулае тым і каштоўнае, што на яго ўспамінах мы больш аб’ектыўна ацэньваем сённяшняе.

 

Зінаіда Захарэвіч (Атопкіна) нарадзілася ў вёсцы Лаўкі, што месцілася ля дарогі перад Дворным Сялом. Вучаніцай шостага класа пачала дапамагаць бацькам на ферме: даіла кароў і паіла цялят. Вопыт абыходжання з жывёлай дазволіў пасля сямігодкі пастаянна даглядаць статак. Але вучобу не спыняла, скончыла восьмы клас у школе рабочай моладзі. Толькі мары стаць настаўніцай ажыццявіць не змагла.

 
Узбуйненую гаспадарку «Парыжская камуна» ўзначаліў Іосіф Майдзін. Калгасу востра патрабаваліся спецыялісты, і старанную даярку старшыня загітаваў паступіць у Бігосаўскі сельгастэхнікум. Стымулам стала павышаная стыпендыя.

 
 Заканчвала адзін за другім два факультэты – заатэхнічны і ветэрынарны. Вярнулася, і яе адразу прызначылі заатэхнікам, адказвала за ўсю жывёлагадоўчую галіну гаспадаркі. Кіравалася простым сялянскім правілам: каб мець малако і мяса, трэба добра карміць статак. У гэтым мела падтрымку кіраўніка.

 
«Парыжская камуна» пашырала кармавыя ўгоддзі за кошт разворвання прыбалотных тэрыторый. Напачатку травы выкарыстоўвалі для нарыхтоўкі цюкаванага сена, потым іх закладвалі ў сянаж. Зялёная маса кукурузы ішла на сілас. На палях павялічваліся ўраджаі збожжавых культур, таму фермам хапала мукі: кожная высокапрадукцыйная карова атрымлівала да 30 кілаграмаў штодзень. У рацыён уваходзілі таксама караняплоды ці бульба. Летам дзейнічаў зялёны канвеер. Зімой рацыён абагачалі хваёвай мукой і кармавымі дражджамі.

 
 Беспародныя мясцовыя каровы высокімі надоямі не вызначаліся, тады завезлі з суседняй рэспублікі першых сто буралатвійскіх цялушак. Для іх пабудавалі новыя памяшканні, пільна выконвалі ўсе патрабаванні па доглядзе. І вынікі парадавалі: пяршачкі давалі не менш чым па 21 кілаграму малака штодзень, а рэкардсменка Навальніца – нават 30. Вядома, дзякуючы старанням даяркі Валянціны Колас.

 
Пасля закупілі наступны гурт пароднага статка, стварылі племянную ферму. Увялі трохразовае даенне, а для высокаўдойных кароў нават чатырохразовае. Цялушачак ад іх накіроўвалі на ўзнаўленне і давяралі самым адказным і ўмелым даглядчыкам, а потым – даяркам. Паступова ўсе фермы запоўніў буралатвійскі статак, толькі кароў больш за 700. Па вытворчасці малака «Парыжская камуна» выйшла на першае месца ў раёне, хаця саступала «Маладой гвардыі» па надоях на карову. Ад кожнай у 1973 годзе мелі па 3 037 кілаграмаў малака, калі гвардзейцы – па 3 505. Прыкладам была даярка фермы «Свярдлы» Ксенія Дзяменцьева з надоем 4 134 кг, якая была гатова начаваць ля свайго гурта.

 
Яшчэ калгас штогод рэалізоўваў да тысячы кормнікаў, сярэднясутачная вага якіх у Альдоны Сінкевіч дасягала 997 грамаў.
У 1974 годзе даярка Т. Дармаковіч на старонках раёнкі дзялілася вопытам раздою цялушак: 45 дзён пасля цялення даіла кожную ўручную, рэгулярна масажыравала вымя, дадойвала, паступова прывучала да апарата. Клапацілася не толькі пра паўнацэнны, але і стымулюючы рацыён з добрага сена, сенажу, буракоў, саломы, канцэнтратаў, хваёвай мукі, мінеральных дабавак, кармавых дражджэй. Ва ўсіх гуртах кантрольныя даенні праз кожныя 10 дзён дазвалялі карэкціраваць выдачы кармоў.

 
Размова пра той рэжым, які падтрымлівала заатэхнік Зінаіда Захарэвіч. Яна важнае значэнне надавала штомесячнаму падвядзенню вынікаў, падтрыманню тэхналагічнай і працоўнай дысцыпліны, стымуляванню найлепшых работнікаў. Хаця здаралася ўсялякае. Самой з мужам ці сынам іншы раз даводзілася замяняць некага з даярак. Кожную карову ведала і па характары, і па магчымасцях. Потым адолела цяжкасці, звязаныя з пераходам на чорна-пярэсты статак.

 
Галоўнае, быў вынік. Вазіла сваіх самых надзейных і адказных даярак за ўзнагародамі ў Маскву, ездзіла за імі сама. Адзначана сярэбраным медалём ВДНГ за развіццё мясной жывёлагадоўлі, а ў лютым 1975-га ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

 

Раіса Шульга ўзгадвае, што няпростым і нялёгкім было яе мінулае, але ў маладосці на ўсё хапала сіл. Працавала ў дружных калектывах, пераймала вопыт ва ўмелых кіраўнікоў, таму расла сама. Паходзіць Раіса Уладзіміраўна з вёскі Кавалькі былога Даўгінаўскага сельсавета. Наведвала за тры кіламетры пачатковую Варанькоўскую школу, потым такім жа шляхам – Палякоўскую сямігодку. У восьмы клас у райцэнтры трэба было дабірацца пешшу ці на кані за 15 кіламетраў.

 
 Пасля курсаў рахункаводаў пачала працаваць у калгасе імя Чапаева з цэнтрам у Даўгінаве. Там дарасла да памочніка бухгалтара. Калі завочна скончыла Полацкі сельгастэхнікум, узначаліла бухгалтарскую службу сельгасарцелі, была і эканамістам. З удзячнасцю ўспамінае тагачаснага старшыню калгаса імя Чапаева Акіма Чувікава, дарэчы, абаронцу Брэсцкай крэпасці. Ён быў працавіты, адказнасці патрабаваў ад іншых. Нярэдка яшчэ з прыцемкамі верхам на кані аб’язджаў палі ці фермы, каб потым учыніць разбор недахопаў з брыгадзірамі, загадчыкамі ферм, пазней – начальнікамі ўчасткаў і іншымі памочнікамі.

 
Працавалі без выхадных. Канцылярскія работнікі нярэдка поплеч з паляводамі працавалі на льняных палетках – церабілі даўгунец, рассцілалі саломку, узнімалі трасту. У час жніва выходзілі ў начную змену на зерняток. Разам удзельнічалі ў мастацкай самадзейнасці, спартыўных спаборніцтвах. Калгас імя Чапаева быў эканамічна моцным. Акім Аляксеевіч сачыў, каб ён станавіўся найлепшым у раёне, гэтага ж патрабаваў ад сваіх спецыялістаў і работнікаў. У такіх умовах вырасла да Героя Сацыялістычнай Працы звеннявая па вырошчванні лёну Леакадзія Зімнік.

 
Сям’я Шульгоў перабралася ў райцэнтр у 1976 годзе. Да гэтага часу абодва былі вядомы не толькі ў сваёй гаспадарцы. Уладзімір Ануфрыевіч прайшоў шлях ад брыгадзіра, начальніка ўчастка да сакратара пярвічнай партарганізацыі – намесніка старшыні. Як спецыяліст у жывёлагадоўлі стаў прадстаўніком сельгасупраўлення на мясакамбінаце. Раісу Уладзіміраўну запрасілі ва ўпраўленне эканамістам. Каб больш адпавядаць пасадзе, яна паступіла завочна ў Вялікалуцкі сельгасінстытут. Потым дыпломную працу прысвяціла перспектывам развіцця жывёлагадоўчай галіны ў калгасе «Парыжская камуна». Яе прагнозы ў наступным спраўдзіліся.

 
Тэарэтычная і практычная падрыхтоўка дазволіла Раісе Уладзіміраўне працаваць галоўным эканамістам райфінаддзела, потым – інструктарам райвыканкама. У 1978-м узначаліла планавую камісію. Яшчэ праз тры гады выбрана членам райвыканкама і атрымала партфель намесніка старшыні райвыканкама – загадчыка аддзела эканомікі. Рыхтавала матэрыялы для пасяджэнняў бюро РК КПБ і райвыканкама, вырашала гаспадарчыя пытанні. Напрыклад, на хлебазаводзе патрабавалася павялічыць выпуск хлеба, хаця і так прадпрыемства выпякала яго штодзень на мяжы магчымага – 28 – 30 тон.

 
Амаль усю прадукцыю мясакамбінат адпраўляў спажыўцам, даводзілася «выбіваць» фонды для мясцовых магазінаў. Развівалася бытавое абслугоўванне, пашыраўся лесамэблевы цэх. Сетка комплексна-прыёмных пунктаў на вёсцы аказвала вялікі спектр бытавых паслуг насельніцтву. Лясгас нарошчваў пасадкі лясных культур і выпуск піламатэрыялаў, нават арганізаваў выпуск журавін у цукровай пудры. Ва ўсіх гэтых пытаннях дапамагала і падтрымлівала мясцовая улада, непасрэдна Раіса Уладзіміраўна.

 
Перажылі і распад Саюза, зноў жа пры супольнай дзейнасці кіраўніцтва раёна і ўсяго актыву. З удзячнасцю прыгадвае Раіса Уладзіміраўна тагачаснага старшыню райвыканкама Мікалая Шкляра. Ён меў вопыт кіраўніцтва вялікім калектывам райсельгастэхнікі, добра разбіраўся ў эканоміцы, умеў арганізаваць справу. Такімі ж кампетэнтнымі былі М. Каляга, В. Дзятлаў, І. Паплаўскі, У. Скавародка. Заўсёды можна было разлічваць на падтрымку іншых намеснікаў старшыні райвыканкама, работнікаў апарата.

 

Леанід МАТЭЛЕНАК

Фота з архіва рэдакцыі.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 10 мая 2021
Георгий, Иван, Иларион, Николай, Павел, Петр, Сергей, Степан, Анастасия, Мария, Семен

Именины 9 мая 2021
Василий, Иван, Николай, Петр, Степан, Глафира

Госці краін

free counters
Партнеры сайта