Авторизация
 

Пернікавая асалода ад міёрскай майстрыцы Ксеніі МАСКАЛЕНКА

 Любімы ласунак міярчанкі Ксеніі МАСКАЛЕНКА – пернікі. Частуецца імі зрэдку, куды часцей раскатвае цеста, выразае фігуркі, пакрывае глазурай, распісвае ўзорамі. Атрымлівае асалоду ад любімага занятку і радуе іншых выпечкай, куды разам з духмянымі спецыямі дадае часцінку сваёй душы.

 

Смачная ініцыятыва

123 пернікі з яркімі зімовымі малюнкамі падрыхтавала майстрыца для дзяцей-сірот і інвалідаў падчас традыцыйнай дабрачыннай раённай акцыі «Пастукайся ў мае дзверы, Дзед Мароз!» Нядаўна правяла майстар-клас па роспісе пернікаў для выхаванцаў дзіцячага дома сямейнага тыпу. У лістападзе вучыла распісваць ласункі вучняў Павяцкай школы, у кастрычніку ладзіла выставу сваёй салодкай прадукцыі ў Пераброддзі і праводзіла майстар-клас на свяце ля возера Мядзведак.

 

У верасні сабрала шмат ахвотнікаў папрактыкавацца ў роспісе пернікаў на экафэсце «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю». Гэтыя мерапрыемствы Ксенія Маскаленка праводзіць у рамках рэалізацыі ініцыятывы «Распісныя пернікі Міёршчыны». Яна ўвайшла ў лік пераможцаў конкурсу мясцовых ініцыятыў, што праводзіў праект «Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён», які фінансуецца Еўрапейскім саюзам.

 
 – Заяўку на конкурс падавалі разам з мужам Дзянісам. Паўдзельнічаць параілі сябры. Можна сказаць, настаялі. Сама я не верыла, што мая дзейнасць адпавядае патрабаванням конкурсу, – расказвае Ксенія. – Знаёмыя былі ўпэўнены, што выйдзем у пераможцы. Я сумнявалася. Мы атрымалі 10 тысяч еўра на рэалізацыю сваіх задумак і з 1 верасня ўвасабляем іх у жыццё.

 
У плане Дзяніс і Ксенія абазначылі тры пункты: абсталяванне дома міні-майстэрні па вырабе сувенірных пернікаў, удзел мінімум у дзесяці раённых мерапрыемствах, правядзенне майстар-класаў па прыгатаванні і роспісе пернікаў для пажылых людзей і інвалідаў у тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, што з’яўляецца партнёрам ініцыятывы. Яшчэ запланавана сустрэча з экспертам для ўсіх жадаючых.

 
– Цяпер мы ў працэсе закупкі абсталявання для міні-пякарні. Набылі канвекцыйную печ з чатырма ярусамі, на кожным з якіх пернікі прапякаюцца раўнамерна. Дзякуючы прынтару для харчовага друку з’явілася магчымасць пераносіць на выпечку любыя карцінкі з інтэрнэту. Але знаёмыя заўважылі, што пернікі, распісаныя ад рукі, маюць большую індывідуальнасць, – расказвае Ксенія. – Чакаем дастаўкі міксера. Яшчэ патрэбны сушылка і шмат чаго іншага.

 

 Рэцэпт са старога сшытка

Калісьці Ксенія нават не здагадвалася, што пернікі можна выпякаць дома. У дзяцінстве разам з маці і дзвюма сёстрамі кожную нядзелю гаспадарылі на кухні, спрабуючы розныя рэцэпты. Гэта была сямейная традыцыя. Гатавалі булачкі, хрусты, выразалі шклянкай кружочкі з цеста для пячэння, ножыкам рабілі ўзоры. Ішлі ў ход чыста вымытыя формачкі для пяску. Пернікі на дамашняй кухні Ксенія прыгатавала ўпершыню гадоў дзесяць таму. У яе ўжо была свая сям’я, сын Арцём ахвотна дапамагаў распісваць выпечку.

 
– Цяпер і не прыгадаю, адкуль і калі ў сшытку з’явіўся рэцэпт пернікаў. Пасля дапрацавала яго на свой лад. Спрабавала іншыя варыянты, але ў выніку вярнулася да першага, – гаворыць субяседніца. – Спачатку гатую карамель з падпаленага цукру і вады, важна, каб не было камячкоў. Затым дадаю цукар, мёд, сметанковае масла, соду. Са спецый мне вельмі падабаюцца карыца, імбір, гваздзіка, мускатны арэх. У астуджаную да пакаёвай тэмпературы аснову дадаю яйкі і муку. Замешанае цеста на суткі пакідаю ў халадзільніку. Пасля раскатваю, выразаю формы – і ў духоўку. Затым справа за нанясеннем глазуры і роспісам.

 
Спачатку Ксенія гатавала пернікі толькі на Новы год. Гэта быў чаканы салодкі ласунак на святочным стале. Духмянымі сняжынкамі, анёлкамі і елачкамі ўпрыгожвалі навагодняе дрэўца, а пад яго традыцыйна ставілі пернікавы домік. Цяпер майстрыца замешвае цеста ледзь не кожны тыдзень.

 

 Сэрцайкі – знак любові да кожнага

Шкатулкі з пернікаў, пернікавыя букеты, пернікі-пазлы, пернікі-даміно… Фантазія захопленай кулінаркі знаходзіць шмат цікавых варыянтаў афармлення выпечкі, што робіць прадукт і духмяным ласункам, і арыгінальным сувенірам. Такія пернікі – прыемны падарунак да любой даты. Дорыць прыгатаваную з любоўю салодую прадукцыю родным і сябрам, прымае заказы. Любімая форма майстрыцы – сэрцайкі. 200 пернікаў-сэрцайкаў гатавала для ўдзельнікаў інтэлектуальнага фестывалю «Міёры OPEN», што ў мінулым годзе праходзіў у Дзень усіх закаханых.

 
– Да гэтага лічыла, што сэрцайкі можна дарыць толькі блізкаму чалавеку. Таму доўгі час шырока не выкарыстоўвала гэтую форму. Пасля паглядзела на яе па-іншаму і зразумела, што магчымасці большыя, – расказвае Ксенія. – Увогуле ў кулінарнай творчасці з пернікамі межаў няма.

 

 На першым месцы – радасць

На кухні разам з мамай часта заняты адзінаццацікласнік Арцём і трохгадовы Мікалай. Цеста замешвае сама, распісваць выпечку давярае сынам. Для малодшага важна, каб пернік быў упрыгожаны, інакш нясмачна. Муж, наадварот, аддае перавагу ласункам без малюнкаў. Сама гаспадыня частуецца рэдка. Ёй салодка ад радасці, што атрымліваюць удзельнікі майстар-класаў, большасць з якіх – дзеці, ад слоў захаплення, што чуе ад кожнага, хто бачыць і спрабуе ласункі.

 
– Матэрыяльныя бонусы – рэч другарадная, – заўважае Ксенія. – Добра, што хобі прыносіць дадатковы прыбытак. Між тым на першым месцы для мяне – прыдумваць цікавае афармленне пернікаў, гатаваць іх і атрымліваць ад гэтага задавальненне.

 
Рыхтуючыся да майстар-класаў ці гатуючы на заказ, Ксенія затрымліваецца на кухні да позняй ночы. Раніцай трэба ўставаць на працу, яна – спецыяліст па сацыяльнай рабоце ў ТЦСАН. Недахоп сну кампенсіруе радасць, якую дорыць любімы занятак.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фотаматэрыял аўтара і з асабістага архіва Ксеніі МАСКАЛЕНКА.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 21 января 2021
Василий, Виктор, Владимир, Георгий, Григорий, Дмитрий, Евгений, Емельян, Иван, Илья, Михаил, Юлиан, Василиса, Доминика

Именины 20 января 2021
Василий, Иван, Афанасий

Госці краін

free counters
Партнеры сайта