Без чаго немагчыма ўявіць навагоднія святы? Без цукерак! Пасля візіту Дзеда Мароза іх у Мікіты і Аліны шматлікая разнастайнасць. Толькі доўга не залежваюцца. Кладучы ў раток адну за другой, брацік і сястрычка з задавальненнем дзеляцца смакатой з дарослымі. А як інакш – сям’я ўсё ж. Праўда, у ролі таты і матулі выхавацелі Дзісненскага сацыяльнага прытулка. Але тут чужых дзяцей няма. Гасцінцы ад іх ветліва прымаюць і шчодра адорваюць імі ў адказ. Салодкую эстафету падхапіў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Полацкай сельскай выбарчай акрузе № 28 Мікалай ШАЎЧУК. Для яго таксама важна атуляць увагай тых, хто мае патрэбу ў клопаце.
У пакоях і калідорах Дзісненскага сацыяльнага прытулка навагодняе ўбранне і святочная прыгажуня-елка – падарунак ад лясгаса. У такой утульнай і па-дамашняму цёплай абстаноўцы выхоўваюць дзяцей, пакуль іх бацькі выпраўляюць памылкі жыцця. Прытулак разлічаны на сем выхаванцаў ад трох да 18 гадоў. З дашкольнікамі займаюцца педагогі на месцы, пры патрэбе малыя наведваюць інтэграваную групу ў садку, старэйшыя вучацца ў Дзісненскай школе. Іх сытна і смачна кормяць, модна апранаюць, проста любяць.
Цяперашнія пастаяльцы – пяцігадовы Мікіта і васьмігадовая Аліна. Жвавыя і ўсмешлівыя, яны плануюць у хуткім часе вярнуцца ў сям’ю. Як і большасць дзяцей, якія жылі тут раней. Калі гэта немагчыма, клопатам іх атуляюць прыёмныя бацькі. Дзісненскія са сваімі падапечнымі таксама завіталі ў прытулак пятага студзеня на сустрэчу з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Полацкай сельскай выбарчай акрузе № 28 Мікалаем Шаўчуком. Кожны з іх загадвае жаданне ў навагоднія святы, а задача грамадскасці – падарыць ім сваю цеплыню.
– Для дарослых самае галоўнае ў жыцці – дзеці. Яны павінны быць шчаслівымі, – зазначыў Мікалай Мікалаевіч. – Ад таго, наколькі зможам ім даць шчасце і дабрабыт, залежыць і далейшае развіццё краіны.
У адрас бацькоў і педагогаў гучалі падзякі за клопат, майстэрства і вялікае сэрца. Хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі салодкія падарункі. У кожнага госць распытаў пра надзённыя справы і настрой, пажадаў, каб свята як мага часцей наведвалася да іх, а запаветныя мары абавязкова збываліся.
Ёсць яны і ў дарослых. Начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аляксандр Жук і загадчык сацыяльнага прытулка Віктар Вяль заклапочаны дабрабытам выхаванцаў у цэлым, імкнуцца палепшыць матэрыяльна-тэхнічную базу ўстановы. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў адразу прыкмеціў ініцыятыву, жаданне на справе мяняць усё да найлепшага, у тым пастараецца дапамагчы.
Пакуль у дзелавым коле вырашаліся важныя пытанні, шчаслівыя дзеці частаваліся падарункамі. Пры гэтым артыстычная Царэўна-Алінка бесклапотна падпявала навагоднюю песеньку. Пеўнік-Мікітка прытанцоўваў і чакаў чарговага цуду – машынку з пультом кіравання, якая павінна была з’явіцца ў яго на Каляды. Хочацца верыць, што добрымі чараўнікамі сталі менавіта бацькі. У іх растуць цудоўныя дзеці, якія дзеляцца самымі смачнымі цукеркамі нават з чужымі людзьмі, даверліва зазіраючы ў вочы. Дабрыні, шчодрасці, любові нельга навучыць, гэтаму можна толькі павучыцца ў Мікіткі і Алінкі.
Наталія СТАНКЕВІЧ
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.