Ольга Дубчонок из Миор: будни социального работника

 Вымыць падлогу, выцерці пыл, вынесці смецце, купіць прадукты, прыгатаваць абед… Справы, якімі заняты сацыяльны работнік, штодня выконвае кожная гаспадыня. Але гэтага мала, каб стаць супрацоўнікам сацслужбы. Па меркаванні міярчанкі Вольгі ДУБЧОНАК, у гэтай сферы найперш неабходны высокая працаздольнасць, сумленнасць, эмпатыя.

 

– На работу іду на пазітыве, – бадзёра заўважае Вольга Анатольеўна. – Люблю сваіх падапечных. Цяпер іх у мяне восем. У кожнага свой характар, настрой розным бывае, але знаходзім агульную мову.

 
Сустрэліся з Вольгай Дубчонак у горадзе ля гандлёвага цэнтра. Выходзіла з магазіна з пакупкамі для падапечнай Ірыны Сяргееўны Матэленак. Да гэтага паспела вымыць вокны ў Ноны Андрэеўны Саркісян.
– Нона Андрэеўна часта паўтарае, што я для яе як родная дачка, – усміхаецца сацыяльны работнік. – Камусьці ўнучку нагадваю. Называюць мяне ўсе проста Вольга.

 
У сацыяльнай службе Вольга занята з мая мінулага года. Да гэтага запрашалі даваць водпускі будучым калегам. Сфера абслугоўвання і работа з людзьмі былі знаёмы ёй і раней. Пасля гандлёва-эканамічнага каледжа стаяла за прылаўкамі сельскіх магазінаў. Затым была афіцыянткай у дзіцячым санаторыі «Расінка», сачыла за парадкам у кафэ «Брыганціна». Калі заканчваўся другі водпуск па доглядзе дзіцяці, прапанавалі паспрабаваць сябе ў якасці сацыяльнага работніка.

 
– Я пагадзілася. Работы ніякай не баюся. Жаданне дапамагаць людзям у мяне, напэўна, у крыві. Школьніцай даглядала бабулю, калі яна нагу паламала. Ніхто не прымушаў гэта рабіць, сама хацела, – прыгадвае субяседніца. – Падапечныя спачатку сустракалі мяне з насцярогай, прыглядаліся. У хуткім часе мы пасябравалі.

 
Жвавая, энергічная, пазітыўная, з іскрынкамі ў вачах і бадзёрымі ноткамі ў голасе Вольга Дубчонак хутка стала сваёй у дамах падапечных. Наведваецца да іх па графіку. У адных бывае раз на тыдзень, у другіх – двойчы ці тройчы. Да інваліда першай групы Людмілы Фёдараўны Лакотка прыходзіць штодня. Дапамагае прыгатаваць ежу, справіцца з бытавымі клопатамі. Сталая жанчына нядаўна напісала пісьмо-падзяку свайму сацработніку і накіравала ў тэрытарыяльны цэнтр. Нона Андрэеўна Саркісян раней перадавала добрыя словы Вользе праз раённую газету.

 
– Прыемна, што падапечныя цэняць маю працу, давяраюць. Радуюцца, што існуе служба, якая пра іх клапоціцца. Шмат расказваюць пра сваё жыццё, успамінаюць мінулае. Пастаянна нагадваюць мне, каб берагла сябе. І я да іх – з душой, – гаворыць сацработнік. – Часам знаёмыя спачуваюць, што работа ў мяне цяжкая. Не пагаджаюся. Знайшла сябе ў гэтай справе, і яна мне не ў цяжар.

 
З энергіяй і запалам бярэцца Вольга за свае хатнія клопаты. Парадак у доме – адно з галоўных правіл гаспадыні. Любіць гатаваць і прымаць гасцей. Шкадуе, што з-за пандэміі рэдка прыязджае маці з Пераброддзя. З асалодай праводзіць час з сям’ёй – мужам Уладзімірам, дачкой-трэцякласніцай Насцяй і чатырохгадовым сынам Колем. Дома атуляе любоўю, увагай і клопатам сваіх блізкіх. На рабоце дзеліцца цеплынёй душы з падапечнымі, якія таксама сталі роднымі людзьмі.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.