Авторизация
 

Міёрскі урач-эпідэміёлаг Алена ТАНКАВІД - пра насычаны падзеямі 2020 год

 Лёс, прызванне. Адных вабяць завоблачныя высі, а хтосьці адчувае непераадольную цягу да роднай старонкі. Урач-эпідэміёлаг Алена ТАНКАВІД нарадзілася ў Міёрах, тут і клапоціцца пра павышэнне санітарнай культуры насельніцтва раёна ўжо на працягу 26 гадоў. У высакосным 2020-ым, ускладненым няпростай сітуацыяй па каронавірусе, цэнтр гігіены і эпідэміялогіі працаваў у асаблівым рэжыме. Аднак і ў такіх умовах справу, якая па душы, Алена Аляксееўна цяжкай не называе. Заўсёды сабраная і арганізаваная – характарызавалі яе калегі на залатым юбілеі лістападаўскім днём.

 

На выбар натхніла маці

У сямнаццаць гадоў Алена ўжо вызначылася з будучай прафесіяй санітарнага ўрача. Залатая медалістка трэцяй міёрскай школы любіла і ведала хімію, біялогію і фізіку. Экзамены па гэтых прадметах належала здаваць пры паступленні ў Мінскі медінстытут. Паглыбіла веды на падрыхтоўчых курсах. Найвышэйшыя адзнакі – і жаданае студэнцтва на санітарна-гігіенічным факультэце было дасягнута.

 
– Сама я дрэнна ўяўляла, хто такі санітарны ўрач, чым ён займаецца, – прызналася Алена Аляксееўна. – Матуля гэту прафесію маляўніча апісвала. Яна працавала ў райцэнтры ў гарадской сталовай. Туды часта наведваліся з праверкамі супрацоўнікі санэпідэмстанцыі. Рэпутацыя ў службы была непахісная, яе ўсе баяліся і паважалі. Маму, простую рабочую на раздачы, у першую чаргу захапляла інтэлігентнасць прынцыповых жанчын. Да таго ж на санітарнага ўрача вучылася дачка ў калегі. Мне пра гэта даводзіла. Тата падтакваў. Ён працаваў на пошце, справу санурачоў лічыў важнай не толькі для аб’ектаў грамадскага харчавання, але і для вытворчасці.
 
Залік лячэбнай практыкай

Санітарны ўрач ведае і ўмее практычна ўсё тое, што і лячэбнік. Студэнты медыцынскай вну пачынаюць навучанне па аднолькавых праграмах і толькі да старэйшых курсаў пераходзяць на паглыбленае вывучэнне профільных дысцыплін. У любым выпадку для папярэджання ўзнікнення і распаўсюджання хвароб неабходна ведаць, як яны зараджаюцца, агульныя механізмы развіцця, заканамернасці працякання. У наступным звычайны ўрач клапоціцца непасрэдна пра здароўе чалавека, а санітарны – пра здароўе грамадства ў цэлым.

 
Вучыцца Алене падабалася. Добра запомнілася практыка ў лячэбных аддзяленнях, дзе хворым рабіла ін’екцыі шклянымі шпрыцамі, якія тады кіпяцілі і стэрылізавалі ў біксах. Гэта таксама каштоўны вопыт, цікавая работа, падчас якой адточваліся і супрацьэпідэміялагічныя меры бяспекі.

 

 Цяпер не баяцца – паважаюць

З дыпломам на руках жадання застацца ў вялікім горадзе не ўзнікала. Клікалі родная міёрская зямля, цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, дзе быў неабходны малады запал. Дома адзінае дзіця з нецярпеннем чакалі бацькі. Напачатку набытыя веды прымяняла на практыцы ўрачом па гігіене дзяцей і падлеткаў. Праз некаторы час заняла вакантнае месца эпідэміёлага. Цяпер узначальвае адзіны ў РЦГЭ санітарна-эпідэміялагічны аддзел, у якім шматлікія раздзелы і падраздзелы. Асобныя: эпідэміялагічны, па працы, гігіене харчавання і камунальнай, гігіене дзяцей і падлеткаў і іншыя. Тут заняты двое ўрачоў і памочнікі.

 
З савецкіх часоў рэпутацыя санітарнай службы, якую трэба баяцца, ужо не такая актуальная. Яе спецыялісты перайшлі на прафілактычныя метады работы. Як і ў медыцыне, арыентуюцца на ўсім вядомы пастулат: хваробу лягчэй папярэдзіць, чым лячыць. Алена Аляксееўна ўзгадвае, як на зары прафесійнай дзейнасці часта давалі пра сябе ведаць інфекцыі, якія цяпер рэдкая з’ява. Шмат было выпадкаў кішэчных, гепатыту. Дыфтэрыя, слупняк, адзёр, эпідэмічны паратыт сёння таксама ў ліку хвароб, якія лічацца практычна пераможанымі.

 

З прыходам пандэміі стала менш сальманелёзу, радзей хварэюць на рэспіраторныя інфекцыі. Са слоў урача-эпідэміёлага, паўплывала асабістая гігіена – такія простыя рэчы, як мыццё рук, падпарадкаванне правілам пры чханні і кашлі, рэгулярная ўборка і праветрыванне памяшканняў, пазбяганне шматлюдных месцаў маюць насамрэч вялікае значэнне для прафілактыкі шматлікіх інфекцый, у тым ліку каронавіруса.

 

У атаку на вірус

З першага зарэгістраванага кавіда ў сярэдзіне красавіка ўсе выпадкі інфекцыі праходзяць праз рукі супрацоўнікаў санэпідслужбы. Па кожным трэба адсачыць кантакты, каб своечасова прыняць меры і не даць вірусу імгненна рухацца далей. Карпатлівая і няпростая задача – выпытаць у чалавека, дзе быў, з кім вітаўся за руку, меў стасункі за апошнія два тыдні. Ад некаторых атрымаць неабходную інфармацыю не так проста. У ачагі скіроўваецца брыгада дэзынфектараў. Іх дзве – асноўная і резервовая.

 
Загадчык санітарна-эпідэміялагічнага аддзела РЦГЭ знаходзіцца ў эпіцэнтры вялікай работы па арганізацыі мерапрыемстваў супраць новай хваробы. Сюды паступае паток інфармацыі з медустаноў, якую трэба ўлічыць, апрацаваць, перадаць у вышэйшыя інстанцыі і выбудаваць сістэму папярэджання распаўсюджання каронавіруса.

 
– У нас добра адпрацаваны агульныя падыходы на выпадак асабліва небяспечнай інфекцыі, тэорыю паспяхова прымяняем на практыцы, – гаворыць Алена Аляксееўна. – З прыходам пандэміі ўмацавалі матэрыяльна-тэхнічную базу. У дастатку ахоўных касцюмаў, сродкаў дэзынфекцыі. Пры апрацоўцы небяспечных ачагоў добрае падспор’е – генератар халоднага туману.

 

Родная зямля і дружная сям’я

У рабоце надае сіл уменне захапляцца прыгожым, радавацца кожнаму дню і навакольнаму асяроддзю.
– Я вельмі люблю зямлю, – прызнаецца Алена Танкавід. – Гэта жывы арганізм, які прагне догляду. Агарод, кветнікі – тое, што пышнее і квітнее, калі задавольваеш іх патрэбы. Муж іншы раз смяецца з мяне: «Ты не ў той сферы рэалізавала сябе».

 
Аляксандр – вадзіцель хуткай дапамогі ў ЦРБ. Дом пабудаваны яго рукамі. Разам імкнуцца зрабіць быт яркім, зручным. Сядзіба дагледжаная, тут усё з густам. Улетку красуюць ружы і петуніі, створана камфортная зона для сямейных пікнікоў і сустрэчы гасцей. За эстэтычнае афармленне двор дбайных гаспадароў адзначаўся на раённым конкурсе па добраўпарадкаванні. Зімой большы акцэнт на кветках на падваконніках, прычым у рабочым кабінеце таксама. Шмат відаў дзекабрыстаў. Пышна красуюць архідэі, іх Алена Аляксееўна навучылася размнажаць дзеткамі, якія ўтвараюцца на кветканосах. У вольную часіну любімыя інструменты – вязальныя пруткі.

 
Дадому, дзе заўсёды цёпла, утульна і сытна, з задавальненнем вяртаецца сын. Яму 20, вучыцца ў ПДУ на фінансіста. У родным куточку ёсць нешта незвычайнае, асаблівае, што цягнула сюды і яго бацькоў. 

 

Наталія СТАНКЕВІЧ

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 5 декабря 2021
Алексей, Архип, Борис, Василий, Владимир, Герасим, Иван, Илья, Максим, Марк, Михаил, Павел, Петр, Фаддей, Федор, Прасковья, Афанасий, Яков

Именины 4 декабря 2021


Госці краін

free counters
Партнеры сайта