Авторизация
 

Раіса СКУРАТ: доўгі працоўны шлях у міёрскай інспекцыі

 Раіса СКУРАТ нарадзілася 24 снежня. Гэтым днём, як споўнілася 60, меркавала завяршыць працоўны шлях. Але як ёй, тады начальніку раённай дзяржаўнай насеннай інспекцыі, пакінуць пост, калі новаму кіраўніку давядзецца складаць за яе гадавую справаздачу! Адказнасць заўсёды была ўласціва Раісе Анатольеўне, таму затрымалася ў кабінеце на некалькі дзён новага 2001-га года. Памятнай стала тая падзея, бо са студзеня адмянілі ўсе даплаты адыходзячым на заслужаны адпачынак. Аказалася, што ахвяравала трохмесячным акладам.

 

Раіса Скурат узначальвала раённую інспекцыю 27 гадоў. Служба не толькі кабінетная, асабліва для кіраўніка. Яе спецыялісты кантралявалі агратэхніку вырошчвання збожжавых у пяці насенняводчых калгасах, а яшчэ на насенных участках усіх гаспадарак ад апрацоўкі зямлі, выкарыстання ўгнаенняў, якасці сяўбы і догляду пасеваў да жніва і пасляўборачнай дапрацоўкі насеннага зерня. Каб не страцілі пасяўныя якасці зярняткі, важнае значэнне маюць рэжым сушкі, умовы захоўвання. Усё гэта было знаёмым для новага кіраўніка, але патрабавалася пазнаць асаблівасці службы. Да яе Раіса Анатольеўна прыступіла ў 1973 годзе з пэўным багажом тэарэтычных і практычных агранамічных ведаў. Хутка асвоіцца ў райнасенінспекцыі дазволілі дапамога і падтрымка інспектара Ірыны Касевіч, якая потым працавала ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі, старшага тэхніка-лабаранта Таццяны Томка.

 
Пэўную ролю іграла і тое, што яна была вясковым чалавекам. Нарадзілася ў сялянскай сям’і ў вёсцы Біейкі Шаркаўшчынскага раёна. Рана асірацела, бацьку скасіў тыф у 1943-м, калі ёй было толькі тры гады, а малодшай сястры яшчэ менш. З дзяцінства бачыла працу маці – звеннявой на палях калгаса. Пасля сямігодкі ў Іёдах паступіла ў Смальянскі саўгас-тэхнікум. У 18 гадоў маладога спецыяліста прызначылі галоўным аграномам сельгасарцелі «Дружба» на Глыбоччыне. Потым набіралася вопыту ў калгасе «Камайскі» ў Докшыцкім раёне. Дарэчы, там сустрэла студэнта ветінстытута Аляксея Скурата, які ўжо заканчваў вучобу. Зладзілі вяселле.

 

З дыпломам ветэрынарнага ўрача Аляксей Яўгенавіч атрымаў накіраванне ў Міёрскі раён, куды сям’я пераехала ў 1965 годзе. Ён адразу пачаў працаваць па спецыяльнасці і праз пэўны час узначаліў ветэрынарную службу раёна, а жонцы напачатку знайшоўся занятак толькі на метэапасту, потым – у сортнасенагародніне. У гэтай арганізацыі, якая займалася пастаўкамі насення агароднінных культур, агранамічныя веды ўжо былі запатрабаваны. Там праявіліся яе найлепшыя дзелавыя якасці, якія прывялі на новае рабочае месца.

 
Насенная інспекцыя ў 1973 годзе месцілася ў зборна-шчытавым доме на вуліцы Камсамольскай. Калектыў невялікі, усяго восем чалавек. Ведалі сваю справу тэхнікі-лабаранты Ліфа Шульга, Ія Баравік, Ірына Тамашэвіч. Крыху пазней прыйшла галоўным аграномам Ала Шпак. Усе стараліся, абсталявання і посуду хапала. Таму Міёрская раённая інспекцыя неаднаразова займала прызавыя месцы ў вобласці, узнагароджвалася.

 
Узначальваць сельгасустанову азначала ўваходзіць у актыў райкама партыі, які замацоўвалі за гаспадаркамі на час напружанага перыяду работ. Такім чынам Раіса Анатольеўна наведвала калгасы і саўгасы не толькі па службовых абавязках, але і пры выкананні даручэнняў па іншых накірунках. У такіх выпадках не ўпускала пытанні насенняводства. Той час адметны павелічэннем ураджаяў усіх сельгаскультур, умацаваннем матэрыяльна-тэхнічнай базы гаспадарак, найперш абнаўленнем камбайнаў і іншай тэхнікі, аснашчэннем сучаснымі збожжасушыльнымі і зернеачышчальнымі машынамі. Нагадвае, што вялікія зернесклады ўзводзілі сельгасарцелі «Праўда», імя Кірава, «Парыжская камуна» і многія іншыя.

 
Што асабліва радавала спецыяліста, належную ўвагу вырошчванню насеннага матэрыялу надавалі многія кіраўнікі агранамічных служб гаспадарак. У гэтай справе асабліва вызначалася галоўны аграном самага вялікага насенгаса раёна – калгаса «Парыжская камуна» – Надзея Цвяценка. Яна забяспечвала вырошчванне зерня высокіх рэпрадукцый на вялікіх плошчах. Яшчэ выпрабоўвала дзясяткі перспектыўных гатункаў зерневых культур на маленькіх участках.

 
Цесным было супрацоўніцтва па павышэнні якасці насеннага матэрыялу з галоўнымі аграномамі Нінай Пухальскай са «Сцяга Перамогі», Марыяй Бічанінай з калгаса імя Гастэлы, Мікалаем Жуком з імя Дзяржынскага, Валерыем Пачопкам з імя Кірава, Клаўдзіяй Пятровай з «Перамогі», Валянцінай Пальчэх з «За мір», Фёдарам Дарашкевічам з «Баявога партызана», Міхаілам Івановым з імя Чапаева, Пятром Кандрашовым-малодшым з «Маладой гвардыі», Юрыем Белавусам з «Дзісненскага» і іншымі. Агульных клопатаў хапала – падборка належных участкаў для насеннікаў, доследы па нормах унясення тукаў і выкарыстанні хімічных сродкаў абароны, укараненне перадавога вопыту ў агратэхніку вырошчвання, правядзенне найперш відавых праполак, высвятленне асаблівасцей новых гатункаў у мясцовых умовах і прасоўванне элітных.

 
Раіса Анатольеўна і цяпер адзначае вялікую ролю ў рабоце з насенным матэрыялам зерневых культур здавалася б непрыкметных работнікаў – кладаўшчыкоў. Непасрэдна да іх спецыялісты насенінспекцыі звярталіся пры адборы проб. Запомніўся парадак, які падтрымліваў у складах у Сіцькове калгаса «Шлях да камунізму» ветэран вытворчасці Вікенцій Казельскі. З адказнасцю ён ставіўся да сваіх абавязкаў на пасадах брыгадзіра і начальніка ўчастка, такім жа застаўся ля засекаў з зернем: кожная партыя, кожная рэпрадукцыя размешчана асобна, засведчана этыкеткай.

 
Старанна даводзіў да патрэбных кандыцый насеннае збожжа ў «Парыжскай камуне» і клапаціўся пра яго захоўванне
Георгій Граноўскі. Такую ж добрую памяць пакінула пра сябе складскі работнік калгаса імя Кірава Ніна Талочка.
27 гадоў Раіса Скурат узначальвала раённую інспекцыю. Ганарыцца, што мае дачыненне да ўзвядзення для яе новага будынка на завулку Крупскай у райцэнтры. З радасцю расказвае пра спецыялістаў, з якімі працавала.

 
Яны таксама цёпла пра яе адгукаюцца. Былы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі па раслінаводстве Уладзімір Лукашонак называе Раісу Анатольеўну адказным і абавязковым кіраўніком, граматным і добрасумленным спецыялістам, чулым чалавекам.
Намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віктар Гагалінскі, які не так даўно адказваў за развіццё раслінаводства, падкрэслівае: спакойна і разважліва адпрацоўвала на месцах прынцыповыя пытанні тэхналогіі, дапамагала парадамі спецыялістам, умела і тактоўна перадавала вопыт і веды маладым аграномам.

 
Кіраўнік пярвічнай ветэранскай арганізацыі райсельгасхарчу Пётр Пятроў дапаўняе, што Раіса Анатольеўна падтрымлівае адносіны з былымі калегамі, удзельнічае ў мерапрыемствах пярвічкі, застаецца грамадскім актывістам, добразычлівым субяседнікам і аптымістам. Цікавіцца мастацкай і гістарычнай літаратурай, перыядычным друкам, займаецца дамашняй гаспадаркай.

 
Амаль два дзесяцігоддзі Раіса Скурат на заслужаным адпачынку. Жыве адна ў вялікім доме, якім давялося займацца самой, калі праводзіла ў апошні шлях мужа. Трэба было перакрываць дах і ўмацоўваць фундамент. Надумала падключыцца да газаправода і водаправода. Застаўся невялікі агарод з парніком. З усімі клопатамі дапамагалі спраўляцца сын з нявесткай і ўнукі, цяпер і прадукты дастаўляюць. Вольны час бавіць за кнігамі і ля тэлевізара, падтрымлівае сувязі з суседзямі.

 
Мне ж было асабліва прыемна бачыць на стале ў Раісы Анатольеўны раённую газету. Калісь рыхтавала для нас зводкі з каментарыям па падрыхтоўцы насеннага матэрыялу, цяпер па публікацыях адсочвае, як мяняецца жыццё на Міёршчыне.
З 80-годдзем, Раіса Анатольеўна!

 

Леанід МАТЭЛЕНАК

Фота з альбома Раісы Скурат.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 17 апреля 2021
Адриан, Вениамин, Георгий, Иван, Иосиф, Никита, Николай, Федор, Мария

Именины 16 апреля 2021
Никита

Госці краін

free counters
Партнеры сайта