Авторизация
 

«Міёрскія навіны» правялі Дзень падпісчыка ў Дзісне

 «А хто ж раённую газету не выпісвае?!», «Прыемна, што сталі больш пісаць пра наш горад», «Пра людзей і іх лёсы цікава прачытаць», «Я з дапамогай раёнкі вокны ў доме памяняла». Шмат добрых водгукаў пачулі супрацоўнікі рэдакцыі «Міёрскіх навін» падчас Дня падпісчыка ў Дзісне. 

 

У нашым калектыве замацоўваецца пераднавагодняя традыцыя. Яе абавязковыя складнікі – мандарыны, цукеркі, святочныя ўборы, добры настрой. З такім рэквізітам ідзём насустрач сваім чытачам – цяперашнім і будучым. Усіх частуем ласункамі, цікавімся меркаваннем пра газету ў падпісчыкаў, дорым падборкі нумароў тым, хто з выданнем незнаёмы. Паспрабавалі такую форму зносін у мінулым годзе на вуліцах Міёр, сёлета скіраваліся ў Дзісну.

 

 238 экзэмпляраў

Пачаць прагулку па самым маленькім горадзе Беларусі вырашылі з мясцовага аддзялення сувязі. Менавіта дзякуючы старанням работнікаў пошты раённая газета трапляе да чытача.
– На снежань выпісана 238 экзэмпляраў. Было менш, паднялі лічбу і стараемся яе павялічыць, – расказвае начальнік аддзялення Таццяна Гілеп. – Канешне, я таксама выпісваю «Міёрскія навіны». У газеце шмат рознабаковай інфармацыі. Мне ўсё цікава: і якія інтарэсы ў моладзі, і чым жывуць старажылы, і што дзеецца ў раёне і так далей. Апошнім часам стала шмат артыкулаў пра наш горад.

 

«Мы з раённай газеты!»

Скіроўваемся на дзісненскія вуліцы. Першым сустрэлі ля пошты Уладзіміра Ганебнага. Жыхар Цвеціна прыехаў у горад па справах.
– А хто ж раённую газету не выпісвае?! – здзіўляе яго пытанне, ці знаёмы з «Міёрскімі навінамі». – Як прыехалі сюды ў 1986 годзе, так на раёнку падпісаліся. Хочацца ведаць пра ўсё, што адбываецца на Міёршчыне. Як былога работніка аграпрамысловага комплексу мяне перш за ўсё цікавяць навіны сельскай гаспадаркі і вытворчасці.

 
 Супрацоўнік дзісненскага ўчастка УП ЖКГ Аляксандр Цурыкаў таксама наш пастаянны падпісчык.
– Выпісваем газету адразу на паўгода, – кажа ён. – Чытаем усё. Мне па душы матэрыялы пра сельскіх працаўнікоў, выратавальнікаў, ваеннаслужачых. Цікаўлюся тэхнікай, буду рады рубрыцы з парадамі па рамонце аўтамабіля.
Завіталі ў магазін «Бярозка» павітацца з Таццянай Навіцкай. Сёлета пісалі пра яе сям’ю і добраўпарадкаваную сядзібу.

 
– Пакуль газеты не выпісваю, няма часу чытаць, – заўважае прадстаўніца малога бізнесу. – Затое мая маці Раіса Уладзіміраўна ўсё жыццё з раёнкай. Расказвае, калі што цікавае прачытае. Я праглядаю вашу суполку ў «Аднакласніках».
На развітанне гаспадыня магазіна падарыла навагодняй кампаніі з рэдакцыі ручкі. Падзякаваўшы за сувенір, які вельмі дарэчы ў нашай справе, крочым далей.

 
Пагутарылі са школьнікамі, што вярталіся дадому пасля ўрокаў. Дзеці чытаюць газеты падчас падрыхтоўкі да інфармацыйных гадзін, у большасці чэрпаюць навіны з інтэрнэту. Запрасілі іх далучацца да нашай суполкі ва «УКантакце».
Прадстаўнікам старэйшага пакалення бліжэй друкаваны варыянт выдання. Разнастайнасць тэматыкі на старонках «Міёрскіх навін» адзначыла Алена Балтрушэвіч. У першую чаргу шукае публікацыі пра родную Дзісну Кацярына Казлоўская. Повар Вольга Кандраценка раіла часцей друкаваць рэцэпты. Такое пажаданне пачулі і ад іншых чытачоў. Многія ацанілі новую рубрыку «Гатую і рэкамендую», праверылі рэцэпты на практыцы.

 
 У будаўнічым магазіне знаёмімся з нашай чытачкай Аленай Яленскай.
– Цікавяць навіны. І добрыя, і дрэнныя. Увогуле ў газеце шмат рознай інфармацыі. У тым ліку рэцэпты, парады, усё гэта цікава, – дзеліцца меркаваннем. – Любіць чытаць раёнку мая маці Валянціна Іванаўна, з якой разам жывём.
Загадчык дзісненскага філіяла раённага цэнтра дзяцей і моладзі Вольга Смаршчок, з якой шмат гадоў трымаем творчыя кантакты, адзначыла, што раённая газета – выданне актуальнае і патрэбнае. Асабіста яе найбольш цікавяць матэрыялы на экалагічную тэматыку, віншавальная рубрыка. Ідэі аматараў рукадзелля, пра якіх піша газета, пераймаюць для работы з выхаванцамі філіяла.

 

Даўняя традыцыя – раёнку выпісваць

Перш чым скіравацца з калегамі на вуліцы Дзісны, завітала па рабочых справах у аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і суправаджальнага пражывання ТЦСАН. Яго наведвальнікі не раз былі героямі публікацый «Міёрскіх навін». Пацікавілася іх уражаннямі пра выданне.
– Падпісалася на раёнку дзесяць гадоў таму, як на пенсію выйшла. Раней часу не было чытаць. Цяпер з цікавасцю даведваюся пра мясцовыя падзеі, часта бачу на старонках знаёмых. З дапамогай раёнкі вокны памяняла, набраўшы нумар з аб’явы, – заўважае Алена Казлоўская.

 
– Выпісваць раённую газету – даўняя традыцыя, – гаворыць былы бібліятэкар Марыя Блажкевіч. – Хочацца ведаць пра ўвесь раён. Цікавяць навіны сельскай гаспадаркі і прамысловасці, развіццё металапракатнага завода.
– Трыццаць гадоў я пражыла ў Віцебску. Вярнуўшыся ў Дзісну, стала выпісваць раёнку. У дом маіх бацькоў газета прыходзіла пастаянна, – расказвае Людміла Тарубарава. – Чытаю ад пачатку да канца. Прыемна, што шмат пішаце пра Дзісну. Падабаюцца артыкулы пра дбайных гаспадароў і добраўпарадкаваныя сядзібы. Рэклама карысная. Раю развіваць рубрыку з рэцэптамі.

 
– Мае бацькі таксама пастаянна выпісвалі раённую газету. Сама я працяглы час жыла ва Украіне. Вярнуліся з сям’ёй у родныя мясціны ў пачатку 2000-х, з той пары прыходзіць у наш дом раёнка, – адзначае спецыяліст па сацыяльнай рабоце Алена Ільічова. – Цікава чытаць пра людзей і іх лёсы, пра невялікія вёскі і іх жыхароў. Падабаюцца публікацыі краязнаўчай тэматыкі, няхай іх будзе больш. Добрая ідэя – публікаваць чорна-белыя здымкі былых гадоў.

 

«Заўжды рады вас бачыць!»

Сказала нам на развітанне пастаянная падпісчыца. Гэтыя словы адрасуем кожнаму, хто нас ведае, чытае, выпісвае.
У раённай газеты ёсць як і верныя прыхільнікі, так і заўзятыя крытыкі. Мы ўдзячны і адным, і другім. Гатовы да канструктыўных дыялогаў і разлічваем на зваротную сувязь. Тэлефануйце ў рэдакцыю, дзяліцеся меркаваннямі пра публікацыі, сваімі гісторыямі, слушнымі парадамі, падказвайце тэмы і адрасы. Газета жывая і цікавая, калі журналісты і чытачы пішуць яе разам.
Заставайцеся з намі, далучайцеся да нас! 

 

Казімір БЛАЖЭВІЧ: «Дзісненцаў адрознівае добразычлівасць»
– З 1984 года, як уладкаваўся фотакарэспандэнтам у рэдакцыю, у Дзісну наведваўся шмат разоў. І тады, і цяпер жыхароў горада адрознівала добразычлівасць. Радасна, што яны захоўваюць аптымізм і добры настрой, хоць мястэчка перажыло няпростыя часы. Гараджане – і дарослыя, і моладзь – ахвотна ішлі з намі на кантакт, дзяліліся меркаваннямі і ўражаннямі пра газету.

 

Олег МОРОЗ: «Коллективные прогулки дарят позитив»
– Прогулка компанией и общение с людьми заряжают позитивными эмоциями. Интересно послушать отзывы читателей о районном издании и их пожелания для дальнейшего развития. Удивило, что старшеклассники не знакомы с газетой «Миорские новости». В их возрасте я пусть и не читал газету от первой до последней страницы, но с интересом просматривал каждый свежий номер. Это было настольное издание в доме родителей. В целом же прогулка оставила приятные впечатления. Создали хорошее настроение себе и другим.

 

Алена ВАРОНІНА: «Дзень добры, незнаёмыя знаёмцы!»
– Штодня працуючы над напаўненнем газеты, знаёмімся з новымі людзьмі. З аднымі асабіста, з іншымі – завочна. У Дзісне бываю рэдка, але пазнала герояў публікацый. Углядаюся ў твар удзельніцы клуба «Залаты ўзрост», якая дзялілася рэцэптамі вітамінных страў. Ведаю яе: Алена Казлоўская! Прыгадваю і кіраўніка клуба Алену Ільічову. Жанчыну з веласіпедам пазнала не адразу. Здзівілася: чаму калега не спытала яе імя. У ходзе размовы зразумела – перад намі загадчыца Дзісненскага філіяла цэнтра дзяцей і моладзі Вольга Смаршчок. Ах, якія навагоднія цацкі і аксэсуары атрымліваюцца ў яе выхаванцаў! Мы таксама не засталіся ў цені. Адна з субяседніц заўважыла: добра, што ў матэрыялах змяшчаеце фота аўтара. Я вас пазнала!

 

Игорь МАТЕЛЕНОК: «Спасибо, что цените»
– Дисна порадовала. На пути нам встречались по большей части общительные люди. Кто районку читает, отзывались о ней положительно, предлагали темы. Кто газету в глаза не видел – а таких немного – были не прочь познакомиться. Принимали в подарок несколько экземпляров и изучали газетные полосы прямо на улице. Такой живой, пусть даже сиюминутный, интерес к нашему труду дорогого стоит. Спасибо подписчикам нынешним и будущим за доверие и внимание!

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 21 января 2021
Василий, Виктор, Владимир, Георгий, Григорий, Дмитрий, Евгений, Емельян, Иван, Илья, Михаил, Юлиан, Василиса, Доминика

Именины 20 января 2021
Василий, Иван, Афанасий

Госці краін

free counters
Партнеры сайта