Першае слова — галоўнае

Першае слова — галоўнае Восем гадоў назад паступіла прапанова ад аддзела ЗАГС 14 кастрычніка — у Дзень маці — наведваць раддом. З той пары гэта стала добрай традыцыяй. Нядаўна на свята сюды завіталі начальнік аддзела ЗАГС Ірына Леанідаўна Гушча, маладзёжны лідар Марына Кашкур і галоўны спецыяліст РА ГА “Белая Русь” Анастасія Бунта. Да іх далучыліся ўрач Людміла Васільеўна Жук, намеснік галоўнага ўрача ЦРБ Святлана Васільеўна Бірукова і старшая акушэрка аддзялення Жанна Уладзіміраўна Стэфановіч.

 

Цяпер у аддзяленні адноснае зацішша, усяго два нованароджаныя. Асноўная ж частка родаў прыйшлася на ліпень — на свет з’явілася 27 новых чалавечкаў. Сёлета ўжо нарадзілася 133 малых (летась за ўвесь год было 114). Праўда, у гэтым “заслуга” і браслаўскіх жанчын, якіх накіроўвалі сюды падчас рамонту. Была адна парадзіха з Расіі. Жанна Уладзіміраўна адзначыла, што перамагае сяброўства — хлопчыкаў і дзяўчынак нараджаецца амаль аднолькава, перавага ў 3-4 чалавекі. І што самае цікавае, бацькі сур’ёзна ставяцца да выбару імя, ўжо ў аддзяленні ведаюць як назавуць малога.

 

Прыемна, што ў апошні час жанчыны аддаюць перавагу свайму раддому, іх накіроўваюць у Полацк або Віцебск толькі па стану здароўя.

У гэты дзень адбылася рэгістрацыя Дар’і Басаковай, прысутнічаў і малады тата. Даша ў сям’і першае і жаданае дзіця. Бацькі, Вольга Уладзіміраўна і Сяргей Дзяменцьевіч, атрымалі пасведчанне аб нараджэнні. Свой першы ў жыцці дакумент набыў і маленькі Макар Іваноў. Яго з мамай Зояй Анатольеўнай дома ўжо чакае маленькая сястрычка Маргарытка і тата Міхаіл Міхайлавіч.

 

Госці павіншавалі і жанчын, якія знаходзяцца ў аддзяленні на лячэнні. Усе атрымалі падарункі, а медперсаналу Ірына Леанідаўна ўручыла своеасаблівы “дыплом” — песню Алега Міцяева “Чароўны дом” у рамачцы.

 

Хочацца адзначыць — маладым мамам пашанцавала, бо побач з імі добразычлівы, згуртаваны калектыў. Вельмі прыемна, што для яго насельнікі аддзялення не проста часовыя госці, а людзі, за якіх яны хвалююцца, перажываюць. Большасць медыкаў ужо самі матулі, таму віншуем іх з цудоўным святам — Днём маці. Вы выбралі нялёгкую працу, дапамагаеце з’явіцца на свет новаму чалавеку, бачыце, як нараджаецца жыццё. Поспехаў вам у вашай нялёгкай, але такой неабходнай і адказнай працы! А матулям — цярпення, разумення сваіх дзяцей, здароўя. Са святам!

 

На здымках: Бацькам Дашы Басаковай уручае пасведчанне

аб нараджэнні дачушкі І. Л. Гушча.

 

Алена ВАРОНІНА.

 

           

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.