Жители деревни Новинцы Николаевского сельсовета остались без хлеба

 У мінулы панядзелак жыхары вёскі Навінцы, што ў Мікалаёўскім сельсавеце, засталіся без хлеба. Магазін на колах не змог даехаць у аддаленае месцейка – дарога абледзянела пасля дажджлівага надвор’я, якое змянілі замаразкі. 

 

– Сёння чакалі аўталаўку ад поўдня і не дачакаліся. Машына не даехала, бо дарога слізкая. Чаму яе своечасова не падсыпалі? – пытаецца пенсіянерка Валянціна Жураўская (нумар рэдакцыі яна набрала пасля 15.00). – Паштовую машыну заўтра таксама не дачакаемся? Аўталаўка ў наступны раз толькі ў чацвер будзе. Мы і ў сельсавет тэлефанавалі, прасілі вырашыць праблему.

 
Рэдакцыя таксама звярнулася за каментарыямі да старшыні Мікалаёўскага сельскага савета Анатоля Кудрашова. Ён патлумачыў, што сітуацыю з дарогамі трымае пад увагай. Інфармуе пра праблемныя ўчасткі ДРБУ-203, на чыім абслугоўванні сельскія шляхі. Аднак па тэхнічных прычынах дарожная служба не заўсёды можа тэрмінова справіцца.

 
Па словах старшыні сельсавета, дарогу ў Навінцы падсыпалі ў панядзелак у другой палове дня. Як пасля расказала Валянціна Жураўская, пошта ў аўторак і аўталаўка ў чацвер да вёскі даехалі. Праўда, сама сяльчанка разам з аднавяскоўцамі вырашыла з’ездзіць на кані ў магазін у Туркова. Каб раптам зноў без хлеба не застацца.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

Фота для ілюстрацыі.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.