Галоўныя жыццёвыя дарогі кожнага чалавека ідуць праз органы загса. Нас прыводзяць сюды радасныя і сумныя нагоды. Стварэнне сям’і, нараджэнне дзяцей, страта блізкіх – усё знаходзіць адлюстраванне ў актах грамадзянскага стану. 18 снежня справаводы нашых лёсаў адзначылі прафесійнае свята.
І мінчане ў Міёрах шлюб бяруць
Працоўны тыдзень у начальніка аддзела загса райвыканкама Ірыны Юхно і галоўнага спецыяліста Таццяны Зарудніцкай пачынаецца ў аўторак. Як правіла, гэта самы багаты на візіты грамадзян дзень.
– Зарэгістравалі нараджэнне дваіх дзяцей. Прыемна, – радуецца Таццяна Рыгораўна.
– Адна пара прыйшла падаваць заяву на рэгістрацыю шлюбу. Ствараюць сям’ю беларус і расіянка, – дадае Ірына Сяргееўна. – З пачатку года зарэгістравалі пяць шлюбаў з іншаземцамі. Сярод іх двое грамадзян Украіны, па адным – Расійскай Федэрацыі, Казахстана, Арменіі.
Як заўважаюць работнікі загса, сёлета шлюбаў менш. За 11 месяцаў стварылі сем’і 66 пар, у мінулым годзе – 86. Верагодна, унесла свае карэктывы эпідсітуацыя. Дзень нараджэння сям’і хочацца адзначаць у шырокім коле родных і сяброў, а ў перыяд пандэміі гэта недапушчальна. Магчыма, хтосьці верыць у прыкметы і вырашыў перачакаць высакосны год.
Трэба заўважыць, у аддзеле загса рэгіструюць шлюбы не толькі міярчане і жыхары раёна. Летам абмяняліся пярсцёнкамі маладыя людзі з Мінска.
– З Міёрамі іх нічога не звязвае. Спадабаліся нашы прыгожыя мясціны, вырашылі тут зладзіць урачыстасць. Да таго ж не трэба займаць чаргу, у адрозненне ад сталічных загсаў, – расказвае галоўны спецыяліст.
– Зарэгістраваць шлюб у нашай краіне можна ў любым аддзеле загса, незалежна ад месца рэгістрацыі і пражывання маладых. Такая магчымасць прадастаўлена заканадаўствам з ліпеня 2012 года, – тлумачыць начальнік аддзела.
Даведкі і запыты – складнік штодзённых клопатаў
Значную частку часу работнікі аддзела загса прысвячаюць даведкам, за якімі звяртаюцца грамадзяне. Адным трэба дакументальна пацвердзіць сваяцтва, другім факт знаходжання ў шлюбе ў пэўны перыяд часу.
– Часцей за ўсё звяртаюцца за даведкамі жанчыны, якія скасавалі шлюб. Па тых ці іншых прычынах ім важна засведчыць факт змены прозвішча, – расказвае Ірына Юхно.
Яшчэ адзін блок клопатаў – адказы на запыты, дасланыя з іншых устаноў.
Застаецца актуальным унясенне змяненняў у запісы актаў грамадзянскага стану. Выправіць імя ці прозвішча, што калісьці запісалі з памылкай, – працэс складаны.
– Для мяне самая прыемная справа – рэгістрацыя нараджэнняў і шлюбаў, – заўважае Таццяна Зарудніцкая.
– Мне цікава весці справы па змене прозвішчаў, імя ці імя па бацьку, – гаворыць Ірына Юхно.
Нават імя па бацьку можна памяняць
Як расказала начальнік аддзела загса, сёлета паступіла дзевяць зваротаў па змене ўласнага імя: сем грамадзян пажадалі змяніць прозвішча, двое – імя па бацьку.
– Імя па бацьку мянялі дзве маладыя дзяўчыны. Абодвух выхоўвалі айчымы, таму вырашылі засведчыць гэта і дакументальна. Галоўнае ўпраўленне юстыцыі іх просьбы задаволіла, – расказвае Ірына Сяргееўна. – Вяртаюць свае дзявочыя прозвішчы жанчыны, якія скасавалі шлюб. Дарэчы, нават знаходзячыся ў шлюбе, можна ўзяць дзявочае прозвішча сваёй маці. Адзін падобны зварот быў ад мужчыны.
Толькі спакой і ўважлівасць
Работа з людзьмі і дакументамі. Так можна коратка ахарактарызаваць дзейнасць супрацоўнікаў органаў загса.
– Важнымі прафесійнымі навыкамі лічу ўменне аб’ектыўна ацэньваць сітуацыю, захоўваць спакой і ўважлівасць, – адзначае Ірына Юхно. – Вядома, трэба быць дасведчаным у сваёй справе.
Па словах работнікаў аддзела, адзін запіс акта патрабуе мінімум 30 – 40 хвілін. Гэта не заўсёды разумеюць наведвальнікі. На думку некаторых, выдаць пасведчанне, напрыклад, аб нараджэнні – пяціхвілінная справа. У складанні дакументаў, што суправаджаюць па жыцці кожнага чалавека, спешка не да месца.
Згодна з заканадаўствам, мінімальны тэрмін з моманту падачы заявы на рэгістрацыю шлюбу да самой урачыстасці – тры дні. Раней гэты перыяд складаў 15 дзён. Зарэгістраваць шлюб у дзень падачы заявы магчыма пры наяўнасці ўважлівых прычын (агульнае дзіця, цяжарнасць нявесты).
Кацярына РЫНКЕВІЧ
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.