Калі на Міёршчыне быў зарэгістраваны першы хворы на каронавірус, медыкі адразу рэкамендавалі людзям у паважаным узросце без патрэбы не выходзіць з дому, не наведваць грамадскія месцы. Абысціся без звыклых паходаў па магазінах і ў аптэку няпроста.
Падпарадкоўвацца галоўнай рэкамендацыі дапамаглі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і раённая арганізацыя Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа. Для спецыялістаў аддзяленняў дзённага знаходжання для інвалідаў і для грамадзян пажылога ўзросту і суправаджальнага пражывання, а таксама валанцёраў, сацработнікаў клопат у прыярытэце. Адзін званок – і ўжо выязджаюць на дом. Без замінак дастаўляюць прадукты харчавання, тавары першай неабходнасці, лекі, нават аплачваюць камуналку і іншыя паслугі.
За перыяд пандэміі з красавіка па снежань тэрытарыяльны цэнтр абслугоўвання насельніцтва выканаў па раёне 56 заявак. Жыхарка прыватнага сектара па вуліцы Янкі Купалы ў райцэнтры звярнулася ў другі раз. Упершыню тэлефанавала ў красавіку, адразу прыслухаўшыся да парад медыкаў сацыяльна дыстанцавацца. Тады паслугай была вельмі задаволена. Летам, калі пандэмія ішла на спад, неабходныя справы вырашала сама. Восенню, у самы разгар вірусных інфекцый, зноў стала прытрымлівацца хатняга рэжыму. Аднаго дня адчула недамаганне і слабасць, узнікла неабходнасць наведацца ў аптэку. Набрала знаёмы нумар і зрабіла заказ на лекі, заадно на два пакеты малака. Кур’ер – старшыня раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Ганна Ліскова – прыбыла хутка. Зайшла ў дом за спісам пакупак і грашамі, а праз хвілін дваццаць ужо ўсё даставіла. Гаспадыня зноў шчыра дзякавала за клопат і каштоўную паслугу. Ганна Віктараўна заклікала не саромецца, звяртацца яшчэ, калі што спатрэбіцца. І жанчына патэлефанавала.
Цяпер заяўкі ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прымаюць па адзіным тэлефоне 5 27 72. Звяртацца можна ў буднія дні з 8 да 17 гадзін і ў суботу з 9.00 да 13.00. Паслугі прадастаўляюцца бясплатна. Такая ўвага да патрэб людзей у паважаным узросце сведчыць пра душэўнасць і цеплыню нашага грамадства, што ўжо само па сабе вялікая каштоўнасць.
Наталія СТАНКЕВІЧ
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.