Поездка в Лынтупы - на встречу с историей и романтикой

 Гарадскі пасёлак Лынтупы – адзін з пунктаў падарожжа па Пастаўскім краі. Ад Пастаў яго аддзяляюць сорак два кіламетры, ад дзяржаўнай граніцы з Літвой – два. У мястэчка прывяло жаданне пабачыць касцёл Святога Апостала Андрэя і былую сядзібу роду Бішэўскіх. Натрапілі яшчэ на адну адметнасць, пра якую пакуль «маўчаць» сайты для падарожнікаў-аматараў.

 

Існуе дзве версіі наконт першага ўпамінання Лынтупаў у пісьмовых крыніцах. Часцей за ўсё называюць 1459 год, калі віленскі ваявода Андрэй Даўгірдовіч пабудаваў у месцейку касцёл. Другая дата – 1385 год. У гэты час атрад рыцараў з Дзінабурга (сучасны Даўгаўпілс) учыніў набег на Свірскі замак і па дарозе спаліў Лынтупы.

 

Святыня ў белым

Велічны касцёл узвышаецца ў цэнтры вёскі. Ідзём да святыні па выкладзенай пліткай дарожцы, якую з абодвух бакоў абступаюць невысокія хваёвыя дрэўцы і кустарнікі. Воблачны восеньскі дзень робяць ярчэй аранжавыя аксаміткі, пасаджаныя наводдаль невялікімі астраўкамі.
Касцёл Святога Апостала Андрэя – адметнасць Лынтупаў у прыватнасці і ўсёй краіны ў цэлым. Ён уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.

 
 Помнік архітэктуры з’явіўся на месцы драўлянага касцёла, што ўзведзены тут у сярэдзіне 15 стагоддзя таксама ў гонар Святога Андрэя. Былы храм згарэў у пачатку ХХ стагоддзя, і колішні ўладальнік месцейка Юзэф Бішэўскі выдзеліў сродкі на будаўніцтва каменнага храма. Распачалі будаўнічыя работы ў 1908 годзе і завяршылі ў 1914-м. У савецкі час касцёл спрабавалі зачыніць, але мясцовыя вернікі адстаялі святыню.

 

Актрыса не ацаніла, турыстам падабаецца

З імем Юзэфа Бішэўскага звязана не толькі будаўніцтва касцёла. Непадалёку ад святыні – хвіліны дзве – тры пешшу – як напамін пра былыя густ, эстэтыку і раскошу за стваламі высокіх дрэў бачыцца колішні сядзібны дом. На чорна-белых нямецкіх паштоўках 1915-16 гадоў ён выглядае куды больш велічна і высакародна, чым на сучасных каляровых здымках з камер смартфонаў. Час сцёр знешні глянец, падсушыў некалі шырокія штучныя каналы і сажалкі, у якіх адлюстроўваюцца разгалістыя кроны дрэў старога парку. Чым больш мінае гадоў, тым цікавей мясцовая адметнасць, чыя гісторыя авеяна рамантыкай.

 
 Па легендзе ці на самой справе – цяпер ніхто дакладна не адкажа, пабудаваць у Лынтупах сядзібу Юзэфа Бішэўскага натхніла французская актрыса, у якую быў закаханы. Яна паставіла ўмову: узвядзеш для мяне палац – выйду замуж. Праект распрацоўваў вядомы на той час віленскі архітэктар Тадэвуш Раствароўскі. Кожны пакой вызначаўся адметным інтэр’ерам і вытанчанасцю. Вакол сядзібы разбілі парк з рэдкімі раслінамі, выкапалі сажалкі, якія злучалі каналы, узвялі гранітную набярэжную са скульптурамі. У гаспадарчай частцы размяшчаліся бровар, вежа-капцільня і іншыя пабудовы.

 
Францужанка не ацаніла старанняў, заўважыўшы, што канюшні яе бацькі выглядаюць лепш за сядзібу. Юзэф Бішэўскі так і не ажаніўся. Жыў у драўляным доме ля палаца, у якім весяліліся яго госці. У 1939 годзе, калі польскую ўладу змяніла савецкая, памешчык быў вымушаны ўцякаць з Лынтупаў. Будынак сядзібы на пэўны час стаў сярэдняй школай. Затым апусцеў і пакрысе пачаў разбурацца. У 2010 годзе яго выкупіла расійска-беларуская кампанія, якая планавала ператварыць былы палацава-паркавы комплекс у аб’ект адпачынку.

 
Пра тое, што колішняе ўладанне Бішэўскага цяпер – прыватная ўласнасць, нагадвае шыльда. Узняцца на прыступкі сядзібнага дома і дакрануцца да яго гісторыі знутры, на жаль, не атрымалася. Арачныя мосцікі праз канал перагароджаны, а дабірацца ўплаў не рызыкнулі. Па-першае, не лета на дварэ, па-другое, заўважылі камеры відэаназірання, верагодна, яны нас – таксама. Прагуляліся па парку, палюбаваліся на адлегласці на калісьці шыкоўную сядзібу, не ацэненую капрызнай французскай актрысай. Для турыстаў пабудова і цяпер прывабная і цікавая.

 

 Фотазона для пажылых і ўсіх-усіх

Прывабіў позірк невялікі будынак праз дарогу ад касцёла. Дакладней яго тэрыторыя з мноствам дэкаратыўных элементаў. Шыльда на сцяне падказала, што гэта аддзяленне дзённага знаходжання для пажылых грамадзян Пастаўскага ТЦСАН. У выхадны дзень установа не працуе, таму не было ў каго запытацца пра ідэю добраўпарадкавання дворыка, куды вядуць сляды Снежнага чалавека. Дэкаратыўныя калодзеж, млын, печ, альтанка і іншыя збудаванні ўпрыгожваюць тэрыторыю разам з мноствам кветак. Па-добраму пазайздросціш наведвальнікам аддзялення. Між тым кожны можа прагуляцца па казачным дворыку і зрабіць шмат цікавых фота на памяць.

 
Непадалёку знаходзіцца яшчэ адна фішка Лынтупаў – лаўка спатканняў. Цікава, колькі тут было прызначана сустрэч і прагучала прызнанняў? А можа быць, гэтае месца выкарыстоўваюць толькі для фотасесій…

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фотаматэрыял з альбома аўтара.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.