Авторизация
 

Рэжысёр міёрскага РДК Вольга БОРСКАЯ: "Кожны канцэрт – сумесная работа"

  Галоўная місія чалавека – знайсці сваё прызначэнне. Той занятак, які будзе дарыць асалоду яму і іншым. Адны з дзяцінства ведаюць, для чаго з’явіліся на свет, і ўпэўненымі крокамі ідуць да сваёй справы; другія шукаюць яе на розных сцежках, часам трапляючы ў тупік; трэціх вядуць абставіны, што не заўсёды здаюцца спрыяльнымі. У рэжысёра РДК Вольгі БОРСКАЙ свая дарога да самарэалізацыі, поспеху і прызнання.

 

Гледачы ў захапленні, рэжысёр – у дэпрэсіі

Адзначу ад сябе асабіста і ўпэўнена, што са мной пагодзяцца многія: у Вольгі Борскай не бывае няўдалых канцэртаў. Штораз гледача чакаюць непаўторная атмасфера, творчыя сюрпрызы, яркія эмоцыі. Паслядоўна і захапляльна раскрываюць сцэнарную задуму рэплікі вядучых і нумары артыстаў, кожны з якіх – самастойная частка непадзельнага цэлага. Інтрыгуе пачатак, заварожвае развіццё сюжэта, здзіўляе яркі фінал. Уся праграма – ад першых гукаў музыкі і да таго моманту, як заслона схавае ўдзельнікаў – трымае на высокім эмацыянальным пад’ёме і дорыць эстэтычную асалоду. Фінальную песню зала слухае стоячы і суправаджае сакавітымі апладысментамі, якія доўга не сціхаюць.

 
– Пасля канцэртаў я заўсёды адчуваю сябе дрэнна, – здзіўляе Вольга адказам на пытанне пра свае эмоцыі ад падрыхтаваных ёй мерапрыемстваў. – Падчас праграмы штосьці ідзе не так, як задумвалі, вінавачу ў гэтым сябе.
Між тым публіка, не ведаючы пра першапачатковыя задумы, заўсёды застаецца ўражанай і задаволенай.

 

Насуперак праблемам і абставінам

Атмасфера масавых мерапрыемстваў вабіла Вольгу са школьных гадоў. З усмешкай прыгадвае шматлюдныя першамайскія шэсці. Тады наўрад ці магла ўявіць, што стане сама дарыць людзям добры настрой.
Будучыня здавалася туманнай. У дзявятым класе Вольга перанесла аперацыю на сэрцы. Яе вызвалілі ад экзаменаў за курс дзесяцігодкі. Медыкі строга наказалі ў бліжэйшыя два гады не паступаць у навучальныя ўстановы. Гэтаму дзяўчына супрацьстаяць не магла, а вось забарону займацца фізкультурай ігнаравала. Употай ад маці хадзіла на ўрокі. Праўда, таямніца хутка раскрылася.

 
Перад цяжкасцямі Вольга Борская не пасуе. Пасля інсульту, які перанесла ў 2002 годзе, здзівіла ўрачоў просьбай пакінуць ёй трэцюю групу інваліднасці і не прызначаць другую, што лічылася нерабочай.
– Мне хацелася працаваць, – адзначае субяседніца.
Сёлета Вольга сустрэла свой залаты юбілей. У 50 гадоў гараць яркія агеньчыкі ў яе вачах, у думках новыя ідэі. Яна жыве любімай справай, да якой прывёў лёс.

 
Бібліятэчны пралог

Скончыўшы 10 клас СШ № 3, Вольга ўладкавалася сакратаром у райвыканкам. Праз год перавялі бібліятэкарам у дзіцячую бібліятэку. Работу там можна назваць пралогам да прафесійнай біяграфіі культработніка.

 
– Ва ўстанове дзейнічаў клуб «Собеседник», кіравала ім Святлана Яроменак, якая на той час працавала бібліятэкарам у школе. Мяне ўражвала яе красамоўства, уменне проста і лаканічна выказваць думкі. Я дапамагала Святлане Барысаўне рыхтаваць праграму пасяджэнняў клуба, на якія збіраліся старшакласнікі. Абмяркоўвалі кнігі за чаяпіццем, ладзілі танцы і забавы, – расказвае Вольга. – У гэты перыяд я стала ўдзельніцай народнага тэатра РДК. Яго тагачасны кіраўнік Віталь Варанько прапанаваў ролю Надзеі ў п’есе А. Макаёнка «Трыбунал».
Так Вольга Борская ўпершыню выйшла на сцэну раённага Дома культуры, а ў хуткім часе стала супрацоўніцай установы, дзе сустрэла аднадумцаў і сяброў.

 
– Удзячна лёсу за знаёмства з Ірынай Гушча, – адзначае яна. – Разам няшмат працавалі: Ірына Леанідаўна перайшла ў аддзел загса. Між тым стала для мяне настаўнікам і ў прафесіі, і ў жыцці. Заўжды ў добрым настроі, аптымістычная і бадзёрая, яна зараджала сваёй жыццёвай энергіяй, дзялілася мудрасцю.

 

Наказ дырэктара – быць больш уважлівай

У 1992 годзе міёрская публіка пабачыла калядны канцэрт, падрыхтаваны Вольгай Борскай. Поўную залу гледачоў чакала насычаная праграма на два аддзяленні з перапынкам. Вялі яе сама Вольга і Аляксандр Фурс, цяперашні дырэктар РДК. На той час узначальвала ўстанову Ала Чарнюк.

 
– Той канцэрт я запомніла на ўсё жыццё, – гаворыць рэжысёр. – Перад выхадам на сцэну заўважыла, што забылася туфлі ў іншым памяшканні. Сталі праводзіць конкурсы з гледачамі – успомнілі, што прызы на другім паверсе засталіся. Выручыла дырэктар. Пасля канцэрта сказала: «Оля, мерапрыемства ўдалося, але я яшчэ ніколі так не хвалявалася. Калі ласка, будзь больш уважлівай». Да слоў кіраўніка я прыслухалася.
З таго часу калядныя канцэрты для Вольгі Борскай сталі традыцыяй. Упісаліся ў кола службовых абавязкаў урачыстасці з нагоды 8 Сакавіка і 9 Мая.

 
Больш за 10 гадоў разам з калегай і сяброўкай Аксанай Аляксеевай рыхтавалі конкурсную праграму «Міёрская прыгажуня», што дэбютавала ў 1993-м. Актыўна дапамагаў Аляксандр Фурс, які прыдумаў назву спаборніцтва.
З лёгкай рукі рэжысёра з’явіўся ў РДК тэатр мініяцюр «Свае хлопцы». Спачатку так называлася каманда КВЗ, у якой гулялі Дзмітрый Грыгор’еў, Андрэй Капусцін, Андрэй Пісар, Юрый Казлоў, Аляксандр Капцюг, Васіль Мядзюха, Аляксандр Фурс. З таго часу змянілася некалькі пакаленняў гумарыстаў.

 

Натхняюць паэзія і подзвіг дзядоў

На рабочым стале рэжысёра разам са штодзённікам, рознымі папкамі і сцэнарнымі распрацоўкамі ляжыць томік вершаў Роберта Раждзественскага.
– Люблю паэзію, – гаворыць Вольга. – Падабаюцца паэты Сярэбранага веку: Мікалай Гумілёў, Ганна Ахматава, Аляксандр Вярцінскі, Марына Цвятаева і іншыя. Раней перапісвала вершы ў сшыткі. Захоўваю іх. Часам дастаю, перачытваю.

 
Уся работа рэжысёра непарыўна звязана са святамі. У яе календары самая важная дата – Дзень Перамогі.
– Гэта з дзяцінства закладзена, – заўважае субяседніца. – Пяцігадовай дзяўчынкай слухала ў бабулі, як гучалі з пласцінкі радкі «Нас ждёт огонь смертельный…» Дзясяткі разоў гатова пераглядаць фільм «Летят журавли». Знаёмыя часам не разумеюць, як можна ў чарговы раз глядзець «Безымянную звезду» і зноў плакаць ад захаплення і задавальнення.
Пачытаць вершы, паглядзець фільмы пра вайну ці проста паўнацэнна выспацца – такі адпачынак выбірае Вольга, каб зарадзіць батарэйкі.

 

Загадка творчасці

Застаецца загадкай для ўдзячнага гледача, як кожны раз у Вольгі Борскай атрымліваюцца яркія, запамінальныя, непаўторныя канцэрты.
Пытацца ў рэжысёра, адкуль з’яўляюцца ідэі чарговых сцэнарыяў, тое самае, што цікавіцца ў паэта, як нараджаюцца вершы. Творчы працэс – рэч таямнічая, невытлумачальная. У тым ліку і для аўтара.

 
– Не ведаю, як і што ў мяне атрымліваецца, – смяецца Вольга. – Кожны канцэрт – сумесная работа рэжысёра і артыстаў, іх сатворчасць. Ідэю развіваем разам. Кожнаму ўдзельніку прадастаўляю свабоду самавыяўлення, вітаю імправізацыю.
Цяпер рэжысёр і яе каманда рыхтуюць для гледачоў чарговы сюрпрыз. Творчы працэс у разгары.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фота з архіва Вольгі БОРСКАЙ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 15 апреля 2021
Георгий, Григорий, Ефим

Именины 14 апреля 2021
Ефим, Иван, Макар, Сергей, Мария

Госці краін

free counters
Партнеры сайта