Авторизация
 

"Хачу расказаць пра свайго бацьку-франтавіка": як дачка паляка з Украіны стала міярчанкай

 У рэдакцыю патэлефанавала жыхарка райцэнтра Канстанцыя Аўласевіч:
– Выпісваю і чытаю раённую газету, хачу на яе старонках расказаць пра свайго бацьку-франтавіка. Ён з Украіны, там даволі рана закончыўся яго жыццёвы шлях. Радні таксама засталося мала. Пісаць ім ужо не магу – дашлю газету, каб нагадаць пра сябе і паведаміць, што тут памятаюць воінаў-пераможцаў.

 

Звестак пра Івана Іосіфавіча Любецкага ў дачкі захавалася няшмат. Нарадзіўся ён у 1907 годзе ў сяле Жданаўка Хмельніцкага раёна Вінніцкай вобласці. Рана стаў сіратой, расціла старэйшая сястра ў беднасці. Зведаў голад, з дзяцінства давялося працаваць, таму школу не наведваў, застаўся непісьменным. Паспачувалі добрыя людзі, дапамаглі ўладкавацца сувязістам. Ваенную службу прайшоў з канца 1929-га па лістапад 1934-га радавым стралком у 72-м палку НКУС. Пасля звальнення ў запас ажаніўся на зямлячцы-калгасніцы, асноўным клопатам якой было вырошчванне буракоў для мясцовага цукровага камбіната. Дарэчы, гэтае прадпрыемства дзейнічае і цяпер. У сям’і было трое дзяцей: два сыны і дачка. Жылі небагата, яшчэ горш стала пры нямецкай акупацыі, ды і адразу пасля яе.

 
Івана Любецкага мабілізавалі на фронт 20 ліпеня 1944 года, ужо пасля выгнання немцаў. Добрым здароўем ён не вылучаўся, у армейскіх дакументах запісана, што быў годны да нестраявой службы і толькі ў ваенны час. Таму трапіў у асобны працоўны батальён. А фронт не ствараў нейкія асаблівыя ўмовы. Зведаў халодныя акопы, мокрую золь пад абстрэлам. У памяці дачкі засталіся яго кароткія ўспаміны пра цяжкую працу, удзел у баях радавым байцом.

 

Затое захавалася «Благодарственная грамота» за подпісам камандуючага войскамі Першага Украінскага фронту маршала І. Конева, дзе акрэслены баявы шлях, які прайшлі савецкія байцы пад яго камандаваннем. У ім за Вінніцай названы Камянец-Падольск, Ковель, Цярнопаль, Чарнавіцы, Станіслаў, Драгабыч, Львоў, Кракаў, Берлін, Дрэздэн, Прага. Нагадана фарсіраванне Сана, Віслы, Одэра, Нейсэ, Шпрэе, якое проста не магло адбыцца без рабочых батальёнаў. А для Канстанцыі Іванаўны памятны бацькаў успамін пра асаблівы напал баёў, калі дасягнулі Германіі: па наступаючых стралялі адусюль.

 
Бацька вярнуўся з вайны ў канцы лета 1945-га з медалём «За перамогу над Германіяй…» хворы, кантужаны і зранены. З-за аскепкаў не мог дакрануцца да шчок, балела спіна. Дома крыху акрыяў, потым працяглы час працаваў слесарам на мясцовым цукровым камбінаце, дзе лічыўся выдатным работнікам – у пацвярджэнне захавалася Ганаровая грамата. З тымі аскепкамі ў целе заўчасна адышоў у іншы свет.
Распытаў, якія жыццёвыя абставіны прывялі Канстанцыю Іванаўну з далёкай украінскай Жданаўкі ў нашы Міёры. Да слова, тут яе больш ведаюць як Розу. Першая імя ёй дала пры нараджэнні маці, так і запісана ў дакументах. Але яно надта не спадабалася бацьку, той катэгарычна сказаў – толькі Роза. Гэтым імем карысталіся ў сям’і, з ім ідзе па жыцці і цяпер.

 
Роза сустрэла вайну маленькай дзяўчынкай-свавольніцай. Памятае, што ў хаце прыпыніліся немцы. Адзін з іх запатрабаваў ачысціць шафу ад адзення і рэчаў гаспадароў, размясціў там свае паперы. Нешта з іх дзяўчынка парвала і раскідала па падлозе. Пакаранне было такім, што некалькі тыдняў малеча не злязала з печы. Час акупацыі і першы пасляваенны запомніўся голадам, калі радаваліся хлебу з лебядой, жмыху ад сланечніку, гнілой бульбе, абшчыпанай вароне…

 
Лягчэй стала, як вярнуўся бацька. Але Роза падрасла, і трэба было дапамагаць маці дагледзець два гектары буракоў, вырваць іх і здаць на камбінат. На гэтым прадпрыемстве потым сама працавала лабарантам. Неяк яе запрасілі на вяселле, дзе пазнаёмілася з беларусам Уладзімірам Аўласевічам, які гасцяваў у дзядзі. Прыглянуліся адзін другому, пажаніліся. З мужам прыехала да свекрыві ў Відзы. Уладзіміру Іванавічу прапанавалі працу на Міёрскім ільнозаводзе, а Роза стала санітаркай у бальніцы, няняй у яслях, што былі на вуліцы Паштовай, потым – у 2-м садку. Вырасціла з мужам дваіх дзяцей. Даўно на пенсіі, даўно адна. Даймаюць хваробы.

 
Вось так дачка паляка, што лічыць сябе ўкраінкай, паўстагоддзя як міярчанка. Яе дачка і сын ужо беларусы, не кажучы пра чатырох унукаў і такой жа колькасці праўнукаў. Але надта складаная радаслоўная не перашкаджае суседзям лічыць Розу-Канстанцыю сваёй зямлячкай.

 

Леанід МАТЭЛЕНАК

Фота з альбома Канстанцыі АЎЛАСЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 14 мая 2021
Герасим, Ефим, Игнатий, Макар, Нина, Тамара

Именины 13 мая 2021
Василий, Игнатий, Климент, Максим, Никита, Яков, Ефрем

Госці краін

free counters
Партнеры сайта