Мерапрыемствы з нагоды Міжнароднага дня інвалідаў штогод праходзяць у раённым цэнтры карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі. Установа запрашае ў госці сваіх сяброў – прадстаўнікоў гарадскіх арганізацый і прадпрыемстваў, індывідуальных прадпрымальнікаў. Сёлета эпідсітуацыя абмежавала жывыя зносіны, але традыцыю не адмяніла.
У глядзельнай зале, у якую на паўгадзіны ператварыўся вучэбны клас карэкцыйнага цэнтра, нешматлюдна – толькі супрацоўнікі і выхаванцы. Настрой ва ўсіх светлы, радасны. Вось-вось адбудзецца сустрэча з чымсьці цікавым.
«У гасцях у казкі». Так называлася прадстаўленне, якое падрыхтавалі для дзяцей педагогі. Разам пісалі сцэнарый, майстравалі касцюмы і дэкарацыі, развучвалі ролі. І вось з’явіліся перад гледачамі ў вобразах Мальвіны, Артэмона, Бураціна, ката Базіліа, лісы Алісы, Карабаса Барабаса. Весялілі, забаўлялі, прасілі дапамагчы забраць у лісы і ката залаты ключык. Калі гэта ўдалося, адчынілі чароўны куфар з падарункамі.
– У яркіх пакетах – салодкія ласункі, канцылярскія прылады, цацкі. Такімі сюрпрызамі парадавалі дзяцей нашы педагогі. Ад тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва атрымалі гліняныя сувеніры. Цяпер у нас 17 выхаванцаў, трое з іх займаюцца на даму, падарункі атрымаў кожны, – расказвае дырэктар установы Вольга Мілашэвіч. – На жаль, эпідсітуацыя не дазваляе запрашаць гасцей і ладзіць масавыя мерапрыемствы. На пачатак снежня мы планавалі святочную праграму з нагоды 20-гадовага юбілею цэнтра, які адзначылі ў красавіку. Ажыццявіць задумкі не атрымалася. Аднак прайшлі іншыя мерапрыемствы.
Арганізавалі выставу «Павер у сябе». Майстар-клас па вырабе калектыўнага калажу правяла педагог Цэнтра дзяцей і моладзі Алена Немянёнак. За прыгожыя гелевыя шары, якія ўпрыгожылі казачнае прадстаўленне, удзячны індывідуальнаму прадпрымальніку Ларысе Кузьміной. Далучыліся да добрых спраў установы адукацыі раёна, дзе прайшла акцыя «Сэрца аддаю дзецям». Выхаванцам цэнтра перадалі канцтавары: алоўкі, альбомы, размалёўкі. Таксама на класных гадзінах у школах гутарылі на тэму «Што азначае быць міласэрным?».
Кацярына РЫНКЕВІЧ
Фота прадастаўлена ЦКРНіР.