Адно з галоўных месц у штодзённай інфармацыйнай павестцы займаюць звесткі пра колькасць захварэлых на каронавірус. Як мы на іх рэагуем? Адны спакойна наведваюць масавыя мерапрыемствы, другія запасаюцца медыцынскімі маскамі, трэція перастаюць вадзіць дзяцей у сад і школу, чацвёртыя пераходзяць у рэжым поўнай самаізаляцыі. Як справіцца з негатыўнымі эмоцыямі і трывогай у перыяд нестандартнай эпідсітуацыі, падкажа псіхолаг тэрытарыяльнага цэнтра Зінаіда РАВЕЦКАЯ.
– Першы крок – знайсці надзейную крыніцу інфармацыі. Напрыклад, сачыць за дадзенымі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, мясцовых структур Чырвонага Крыжа і аховы здароўя, – адзначае Зінаіда Феафанаўна. – Крок другі – звярнуцца да правераных на сабе сродкаў барацьбы са стрэсам. Трэці – прыняць меры бяспекі: абмежаваць кантакты са староннімі людзьмі, трымаць сацыяльную дыстанцыю, насіць маску ў шматлюдных месцах.
У перыяд неспрыяльнай эпідсітуацыі асабліва важна весці здаровы лад жыцця і ўмацоўваць імунітэт. Якіх правіл неабходна прытрымлівацца ў першую чаргу?
– Тут усё даўно вядома: правільна харчавацца, добра высыпацца, выконваць фізічныя практыкаванні па сваіх магчымасцях. Важны псіхалагічны складнік. Трэба ўмець пераключацца з адной дзейнасці на другую. Не зацыклівацца на нечым адным у думках і ў справах, бо гэта вядзе да трывогі. Таксама важна ўсведамляць, што адчуваць у складаныя моманты сум, разгубленасць, страх і злосць – нармальна. Галоўнае, не засяроджвацца на гэтым.
Як паводзіць сябе ў зносінах з блізкімі, сябрамі?
– Канструктыўныя зносіны з людзьмі можна таксама аднесці да сродкаў індывідуальнай аховы. Калі ў вашым акружэнні ёсць хворыя ці з прыкметамі прастудных захворванняў, замяніце непасрэдныя кантакты на тэлефонныя ці інтэрнэт-зносіны. Падтрымайце таго, хто вельмі хвалюецца і перажывае. Выслухайце, дайце выказацца, прыміце яго пункт погляду і дайце параду, калі пра яе папрасілі. Слухайце больш, пра сябе гаварыце менш. Сваім вопытам дзяліцеся толькі ў пазітыўным накірунку. Захоўвайце спакой і заражайце ім сваіх блізкіх.
Заставацца ў аптымістычным настроі ў перыяд пандэміі далёка не кожнаму пад сілу. Як пераключыць думкі на пазітыўную хвалю?
– Перш-наперш зразумець: ад негатыву нікому лепш не стане. Таму не варта губляць аптымізм, трэба верыць у добрае і дарыць сабе станоўчыя эмоцыі. У кожнага ёсць свае спосабы палепшыць настрой. У складаныя моманты ў першую чаргу важна шукаць свае ўласныя рэсурсы, якія дапамагаюць справіцца з праблемай. Таксама трэба звяртацца за падтрымкай да сяброў і кансультацыямі да спецыялістаў.
Любая праблема нясе ў сабе філасофскі падтэкст. Пра што можна сказаць у выпадку з каронавірусам?
– Верагодна, гэты вірус нагадвае нам, што ў штодзённай мітусні мы забыліся пра шмат чаго важнага. Час спыніцца і падумаць. Жыццё – непрадказнае. Заўсёды можна здарыцца нешта намі не ўлічанае.
!!! Страх перад хваробай павялічвае рызыку захварэць.
Кацярына РЫНКЕВІЧ
Фота з архіва рэдакцыі.