Прыемнай навіной падзяліўся з намі жыхар райцэнтра Фёдар Пятроў, які жыве на вуліцы Пятра Брынкевіча:
– Я ветэран працы і маю старую дызельную аўтамашыну «Фольксваген-Вента» і падрыхтаваць яе да дзяржтэхагляду для мяне ўжо няпроста. Але нядаўна адолеў строгі экзамен з першага разу, – засведчыў Фёдар Фёдаравіч. – Запасныя часткі для яе, як і іншых легкавых аўто, у райцэнтры набыць проста: у некалькіх магазінах толькі закажы – заўтра да абеду прывязуць.
А вось таварыства з абмежаванай адказнасцю «Барут» пад кіраўніцтвам Анатоля Рубаніка не абмяжоўваецца дастаўкай, яшчэ арганізоўвае ўстаноўку на станцыі тэхабслугоўвання, што знаходзіцца ў адным з памяшканняў былога аўтапарка. Там працуюць вопытныя слесары Андрэй Ражанскі і Сяргей Брынкевіч, яны добра ведаюць тэхніку і дапамагаюць адзін другому ў складаных сітуацыях. Да іх адразу трапілі і запчасткі, якія заказаў я. Спецыялісты замянілі заднія тармазныя цыліндры, тросы ручнога тормаза і штрус пярэдняга левага кола. Усё зрабілі хутка і акуратна, ніякіх прэтэнзій да машыны пры дзяржтэхаглядзе не прад’яўлена. Шчырая падзяка за гэта Анатолю Рубаніку і яго памочнікам.
Хацелася б, каб у раёне таксама з’явіліся свае спецыялісты па дызельных рухавіках: мне для абслугоўвання паліўнага абсталявання давялося ехаць у суседні Браслаў.
Запісаў Леанід МАТЭЛЕНАК.
Фота для ілюстрацыі.