Сусветны дзень барацьбы са СНІДАм штогод адзначаецца 1 снежня. Ён дэманструе згуртаванасць у змаганні з эпідэміяй. Сёлета гэты дзень календара прысвечаны тэме «Міжнародная салідарнасць, агульная адказнасць».
Увага ўсяго свету прыкавана да пандэміі COVID-19, яе ўплыву на жыццё і дабрабыт людзей. Яна яшчэ раз паказала, наколькі цесна здароўе звязана з іншымі важнымі пытаннямі. Мы зразумелі – падчас любой пандэміі агульная бяспека залежыць ад бяспекі кожнага. Каб дасягнуць поспеху, неабходна аказваць дапамогу ўсім, хто мае ў ёй патрэбу. Выкараненне стыгмы і дыскрымінацыі, прымяненне падыходаў, заснаваных на правах чалавека і гендарнай роўнасці – галоўныя ўмовы спынення сусветных пандэмій ВІЧ і COVID-19.
Па статыстыцы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, на планеце жыве звыш 38 мільёнаў ВІЧ-інфіцыраваных. За апошнія 30 гадоў ад СНІДу памерлі каля 33 мільёнаў чалавек.
На 1 лістапада ў Беларусі зарэгістравана больш за 30 тысяч выпадкаў ВІЧ-інфекцыі, звыш 23 тысяч людзей, якія жывуць з ВІЧ. За апошняе дзесяцігоддзе найбольшая колькасць захварэлых старэй за 35 гадоў. Пераважае гетэрасексуальны шлях перадачы. На Віцебшчыне на 1 лістапада зарэгістравана 1 620 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі, 1 253 чалавека, якія жывуць з ВІЧ, за студзень – кастрычнік выяўлена 66 новых выпадкаў. Па паказчыку распаўсюджанасці мы на шостым месцы сярод абласцей рэспублікі. Найбольш нядобранадзейныя Лёзненскі, Талачынскі, Гарадоцкі, Дубровенскі, Полацкі і Віцебскі раёны. На Міёршчыне зарэгістравана 12 выпадкаў вірусу імунадэфіцыту чалавека, сёлета новых няма.
Знешне здаровы, але інфіцыраваны чалавек, – крыніца інфекцыі з моманту заражэння і да сваёй смерці. Пасля таго, як вірус трапіць у арганізм, можа прайсці да 15 гадоў, перш чым з’явяцца першыя сімптомы. Калі не лячыцца, ён няўхільна разбурае імунную сістэму і пераходзіць у канечную стадыю захворвання – сіндром набытага імуннага дэфіцыту.
Спыніць ВІЧ і СНІД магчыма толькі сумеснымі намаганнямі, у тым ліку выконваючы меры прафілактыкі: выключыць выпадковыя палавыя сувязі, захоўваць вернасць аднаму палавому партнёру, адмовіцца ад наркотыкаў, выкарыстоўваць індывідуальныя прадметы асабістай гігіены, праводзіць медыцынскія і касметычныя маніпуляцыі толькі ў спецыялізаваных установах. Тэст на ВІЧ павінен стаць нормай, бо на пачатковай стадыі хваробу можна кантраляваць. Магчыма набыць тэст у аптэцы і прайсці праверку самастойна.
Адзін з асноўных аспектаў прафілактыкі – здаровы лад жыцця. А гэта штодзённая фізічная актыўнасць, рацыянальнае харчаванне, загартоўка арганізма, паўнацэнны адпачынак, адсутнасць шкодных звычак і стрэсаў.
Алена ТАНКАВІД, урач-эпідэміёлаг (загадчык аддзела) санітарна-эпідэміялагічнага аддзела РЦГЭ.
Фота для ілюстрацыі.