Достижения в спорте и туризме за пятилетку проанализированы на заседании Миорского райисполкома
gazeta 2-12-2020, 11:36 624 Грамадства / Моладзь / Спорт і турызм
2020-ы – фінальны год выканання раённых мерапрыемстваў па рэалізацыі Дзяржаўных праграм у сферы фізічнай культуры, спорту і турызму. Зробленае за пяцігодку прааналізавалі на пасяджэнні райвыканкама ў мінулую пятніцу.
З трэнажорамі і лыжамі
Справаздачны перыяд бярэ адлік з 2016 года. Па інфармацыі загадчыка сектара спорту і турызму райвыканкама Ларысы Малецкай, тады на тэрыторыі спарткомплексу ў Міёрах абсталявалі дзве дадатковыя пляцоўкі для пляжнага валейбола. Сіламі жыллёва-камунальнай гаспадаркі быў мадэрнізаваны комплекс у двары па вуліцы Дзяржынскага, 25. Дарэчы, і па Камуністычнай, 33, 58 парадавалі дзяцей і падлеткаў спартыўна-гульнёвыя пляцоўкі з гімнастычнымі гарадкамі і пясчанымі футбольна-валейбольнымі палямі.
У 2017-ым годзе на гарадскім стадыёне з’явілася спартыўная пляцоўка з вулічнымі трэнажорамі. Пазней аналагічную ўстанавілі ў Дзісне. Адрамантавалі першы паверх фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў райцэнтры. Сёлета ў жніўні завяршылі работы на другім. Дзякуючы праекту міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Разам да грамады і прыроды: Міёрскі раён» на тэрыторыі Язненскай школы цяпер ёсць пляцоўка, вулічныя трэнажоры і варкаўт. З часам аналагічная з’явіцца ва Узмёнах.
Усяго ў раёне 111 спартыўных збудаванняў. Дзейнічаюць два пункты праката сезоннага спартыўнага і турыстычнага інвентару ў райцэнты і Дзісне. На Міёршчыне 55 штатных профільных работнікаў, у тым ліку 15 спецыялістаў фізкультурна-спартыўнага комплексу «Міёры», 12 трэнераў-выкладчыкаў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, 20 настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя, два педагогі дадатковай адукацыі ў раённым Цэнтры дзяцей і моладзі, чатыры кіраўнікі фізічнага выхавання гарадскіх садкоў.
На ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі напярэдадні новага навучальнага года затрацілі 35 623,75 рублёў, у тым ліку 16,2 тысячы – на набыццё спартыўнага інвентару і абсталявання. Сёлета адрамантавалі спартзалы ў Дзісненскай школе, яшчэ раней – у Міёрскай СШ № 2, СШ № 3 імя Я. Томкі і Туркоўскай. Зімовы сезон вучні раёна сустракаюць з лыжамі, абы толькі выпаў снег. У цэлым установы адукацыі забяспечаны спартыўным інвентаром на 87,4 %.
І працаваць, і спаборнічаць не лянуюцца
Зацікаўлены ў фізічнай актыўнасці і дарослыя. У 13 установах адукацыі, 14 сельгаспрадпрыемствах, 20 арганізацыях дзейнічаюць клубы па фізкультуры і спорце. Займаюцца ў ФСК «Міёры» і Дзісне, у школах. Ёсць прыстасаваныя памяшканні ў аддзеле па надзвычайных сітуацыях, аддзяленні Дэпартамента аховы МУС РБ, філіяле ДЭУ-34. Праводзяць заняткі інструктары – метадысты па фізкультуры на базе Узмёнскай, Туркоўскай, Язненскай школ.
Штогод ладзяцца спартакіяды сярод працоўных калектываў па 11 відах спорту. Летась у іх прынялі ўдзел 12 арганізацый і ўстаноў, восем сельгаспрадпрыемстваў. Найлепшыя вынікі паказалі газавікі, аддзел па адукацыі, аддзяленне Дэпартамента аховы, ААТ «Туркова», «Узмёнскі край», ВУПКУ «Міёрскі». Сёлета ў сувязі з пандэміяй каманд-удзельніц менш.
Для фізічнай загартоўк і грошай не шкада
На базе Міёрскага фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў 24-х групах па валейболе, футболе, боксе, АФП, аэробіцы, пілатэсе, атлетычнай гімнастыцы, зумбе, аквааэробіцы, плаванні цяпер займаюцца 307 чалавек, з якіх 108 дзяцей. У тым ліку арганізаваны групы на базе аграгарадкоў Туркова, Узмёны, Язна, чатыры – у Дзісне. Спартыўным адпачынкам заняты 10 падлеткаў, якія знаходзяцца на розных відах уліку, 27 дзяцей са шматдзетных, малазабяспечаных сем’яў. Дзве аздараўленчыя групы прызначаны для асоб з абмежаванымі магчымасцямі.
ФСК «Міёры» папаўняецца неабходным інвентаром і абсталяваннем.
У 2018 годзе 18 311,07 бюджэтных і пазабюджэтных рублёў накіраваны на пашырэнне спартыўнага асартыменту трэнажорнай залы, турыстычнага фонду. Летась для паляпшэння якасці заняткаў у аздараўленчых групах, папаўнення арсеналу зімовых відаў спорту патрацілі 4 613 рублёў. Сёлета дзякуючы падтрымцы раённага Савета дэпутатаў, райвыканкама з раённага бюджэту дадаткова выдаткавалі 10 399,66 рублёў на інвентар і абсталяванне для новых більярднага і фітнес-залаў, а таксама 19 607,34 рублёў на мэблю для ўводу ў эксплуатацыю ўсяго будынка фізкультурна-аздараўленчага комплексу.
У цэлым на будаўніча-ўзнаўленчыя работы тут патрацілі 308 698,05 рублёў. 10 тысяч былі выдаткаваны на набыццё сілавых трэнажораў для трэнажорнай залы пасля візіту міністра спорту і турызму Сяргея Кавальчука. Дапамагалі матэрыяльна «Беларуская федэрацыя боксу», раённае аб’яднанне прафсаюзаў, РК ГА «БРСМ», раённая арганізацыя «Белая Русь».
Малайцы ўсе, але баксёры руляць
Наладжана міжраённае ўзаемадзеянне з установамі фізічнай культуры і спорту Верхнядзвінскага, Шаркаўшчынскага, Браслаўскага, Глыбоцкага, Пастаўскага, Шумілінскага раёнаў, Полацка, Наваполацка, Новалукомля, Віцебска. Праводзяцца сумесныя турніры па футболе, валейболе, боксе. Каманда валейбалістак другі год запар займае першае месца на абласных спаборніцтвах у аграгарадку Ноўка. Футбалісты ФК «Міёры» пастаянныя ўдзельнікі чэмпіянату вобласці. У сёлетнім сезоне наша маладзёжная каманда на пятым месцы з 12-і.
Выдатныя дасягненні ў юных баксёраў, якія ўваходзяць у тройку лідараў па выніках выступленняў у абласных і занальных спаборніцтвах. У 2018 годзе заваявалі 16 першых, пяць другіх і сем трэціх месц, у 2019-ым – сем першых, шэсць другіх, восем трэціх. Сёлета – тры першыя, тры – другія, адно трэцяе месца. Два найлепшыя баксёры працягваюць навучанне ў Віцебскім дзяржаўным вучылішчы алімпійскага рэзерву, адзін – у Магілёўскім.
Спартыўныя здольнасці дзяцей і падлеткаў па валейболе, футболе, лёгкай атлетыцы развіваюць у дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе. Цяпер у трох аддзяленнях 21 група, дзе 275 наведвальнікаў. Сёлета яны занялі восем першых месц на абласных спаборніцтвах, тры – другія і пяць трэціх.
Пры падтрымцы райвыканкама стала добрай традыцыяй ладзіць свята для адораных і таленавітых дзяцей «Зорны россып», на якім узнагароджваюцца грашовымі прэміямі найлепшыя юныя спартсмены раёна і іх выкладчыкі-трэнеры. У 2016 годзе адзначаны 67 дзяцей, у 2017 – 36, у 2018 – 37, летась 32.
Зроблена шмат, планаў яшчэ больш
У рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Разам да грамады і прыроды: Міёрскі раён» плануецца замяніць падлогу ў спартыўнай зале міёрскага спарткомплексу, устанавіць павеці над трыбунамі, з укрыццем на полі для міні-футбола і пляцоўках для пляжнага валейбола на гарадскім стадыёне. Па праектах гуманітарнага супрацоўніцтва «Спартыўная сям’я – здаровая нацыя» і «За здароўем – на спартыўную пляцоўку», якія распрацаваў сектар па спорце і турызме, намечана пабудаваць сучасныя комплексы пад адкрытым небам для сямейнага адпачынку ў мікрараёне Русачкі і ў Дзісне.
Разам з тым акрэслена задача павышаць якасць работы па далучэнні насельніцтва да заняткаў фізкультурай і спортам, павялічыць склад наведвальнікаў у спартыўных секцыях, аздараўленчых групах па месцы жыхарства. У кагорце выкладчыкаў не хапае трэнераў, таму важная задача – падбор кадраў. Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на павелічэнне прыбытку ад развіцця платных паслуг па пазабюджэтнай дзейнасці, далучаць спонсарскую дапамогу.
На імідж раёна працуе турызм
Экспартам турыстычных паслуг у раёне займаюцца дзіцячы санаторый «Расінка», раённая структура беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў, ТАА «Абстэрна», Дзісненскі лясгас, УП ЖКГ, ПУП «Нікафуд», прыродаахоўная ўстанова «Ельня». У сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй планавыя заданні яны не выканалі. Колькасць турыстаў, прынятых за студзень – кастрычнік сёлета, у параўнанні з аналагічным перыядам летась знізілася на 2 099 чалавек, замежных – на 305. Усяго палюбавацца на краявіды Міёршчыны прыязджалі
5 306 гасцей. За 10 месяцаў аб’ёмы экспарту турыстычных паслуг раёна ў параўнанні з 2019 годам зменшыліся ў чатыры разы і склалі 20,6 тысячы долараў ЗША, гэта 24,5 % да леташняга ўзроўню.
Адзін з перспектыўных відаў турызму – экалагічны. Яго развівае заказнік «Ельня», тут прапануюць экскурсіі ў візіт-цэнтр, на экалагічную сцежку, прагулкі на балотаступах, наведванне месц росту марошкі прыземістай, занесенай у Чырвоную Кнігу, назіранне за матылькамі, стракозамі і журавамі. За бягучы перыяд сёлета «Ельня» сустрэла 336 турыстаў, летась – 564, у тым ліку 78 замежных. Сёлета іншаземцы да нас не прыехалі. У раёне 56 аграэкасядзіб, 13 з якіх зарэгістраваны сёлета. Найбольш іх на тэрыторыі Перабродскага і Міёрскага сельсаветаў. За пяць гадоў яны прынялі звыш 6 тысяч гасцей, з якіх 738 – замежных. Большасць іх з Расійскай Федэрацыі. Былі і з краін далёкага замежжа і Прыбалтыкі. Для павышэння турыстычнага іміджу раёна распрацаваны брэндбук Міёрскага краю, новая сувенірная прадукцыя. У гэтым рэчышчы плануюць развівацца.
Наталія СТАНКЕВІЧ
Фота з архіва рэдакцыі.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.




