Светла, прасторна, для ўсіх задумак і ідэй ёсць месца. Пра гэта супрацоўнікі і наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН марылі даўно. Жаданні споўніліся сёлета ў верасні, калі з будынка тэрытарыяльнага цэнтра пераехалі на новае месца. Наваселле справілі ў былым дзіцячым аддзяленні райбальніцы. Напярэдадні Міжнароднага дня інвалідаў рэдакцыя пабывала тут у гасцях.
гадчыца аддзялення Таццяна Шульга сустракае на ганку. Заўважаем, што пра зручнасць і камфорт тут паклапаціліся з парога. Для інвалідаў-калясачнікаў зрабілі шырокі пакаты пандус, па якім зручна падымацца ў будынак і спускацца на дарогу.
– У сярэдзіне верасня ў нас пабываў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксей Румак. Адзначыў, што створанае безбар’ернае асяроддзе адно з найлепшых у вобласці, – расказвае Таццяна Паўлаўна. – Цяпер аддзяленне займае 176 метраў квадратных. У дзесяці кабінетах размясціліся творчыя майстэрні, пакой для рэлаксацыі, спартзала, сацыяльная кухня, гасцёўня, санвузел. Перамяшчацца зручна ўсім наведвальнікам.
Сацыялізацыя праз творчасць, спорт, быт
Кожны куточак напоўнены атмасферай творчасці і ўтульнасцю.
Майстэрню «Лаўка цудаў», дзе ўмелыя рукі інструктара па працоўнай тэрапіі і кіраўніка гуртка Алены Плехтан і яе падапечных ствараюць арыгінальныя керамічныя вырабы, упрыгожвае вялікі насценны малюнак міёрскай набярэжнай і касцёла.
– Для нас гэта як наглядны дапаможнік. На аловачніцах, талерках, каляндарах і іншых дэкаратыўных вырабах часта адлюстроўваем адметнасці Міёршчыны, у тым ліку касцёл, – гаворыць Алена Анатольеўна.
Гэта яна аўтар прывабнага насценнага малюнка. Выявамі цікавых мясцін Міёрскага краю аздобіла сцены ў іншых памяшканнях. Так, у майстэрні «Займальная працатворчасць», дзе гаспадарыць яе калега Карына Арлюкевіч, любуемся малюнкам святой крыніцы ў вёсцы Дзедзіна. Затым пераводзім позірк на прыгожыя вырабы ручной работы.
– Працуем з льновалакном, прыродным матэрыялам, рознымі падручнымі сродкамі. Апошнім часам захапіліся вязаннем сумак з каляровых поліэфірных шнуроў. Самі прыдумваем мадэлі і фасоны. Атрымліваюцца стыльныя і практычныя аксэсуары, – гаворыць Карына Паўлаўна. – Яшчэ шыем зручныя маскі. Цяпер яны асабліва запатрабаваны.
Разам з творчымі справамі наведвальнікаў аддзялення вучаць наладжваць быт і планаваць бюджэт. Практычныя навыкі атрымліваюць на занятках гуртка «Акадэмія дамаводства», якім кіруе Вікторыя Ракіцкая. Практыкуюцца ў рамонце адзення, у майстраванні патрэбных у быце рэчаў з падручных матэрыялаў, у кулінарыі. Самым смачным днём называюць у аддзяленні чацвер, калі заняткі праходзяць у сацыяльнай кухні. Тут ёсць электрычная пліта, мульціварка, кававарка, посуд і ўсё неабходнае для кулінарных клопатаў. З простых і даступных прадуктаў атрымліваюцца смачныя стравы. Напрыклад, пастаянны наведвальнік аддзялення Максім Жугар так захапіўся выпечкай пірагоў, што цяпер да дня нараджэння сваіх сяброў гатуе ім духмяныя ласункі.
– Сёння ў нас аладкі з яблыкамі, – гаворыць валанцёр аддзялення Анастасія Кулянок, энергічна націраючы на тарцы спелыя плады.
Аматараў актыўнага ладу жыцця чакае спартзала з трэнажорамі і розным інвентаром. Пасля творчых, спартыўных і бытавых заняткаў можна прыемна правесці час у пакоі рэлаксацыі. Сядзець на мяккай канапе з кубачкам чаю, удыхаць прыемны водар, якім напаўняе пакой спецыяльная лямпа, любавацца малюнкам вадаспаду на сцяне, займацца пескатэрапіяй. У гэтым пакоі праводзіць групавыя і індывідуальныя заняткі псіхолаг цэнтра Зінаіда Равецкая.
– Нашы падапечныя самі праявілі ініцыятыву займацца з псіхолагам. Ім хочацца шчырых зносін, – заўважае загадчыца аддзялення Таццяна Шульга. – Наша мэта – максімальна сацыялізаваць сваіх падапечных, інтэграваць іх у грамадства, навучыць жыць самастойна і не адчуваць сябе недасканалымі.
Валанцёры побач
Рады ў аддзяленні валанцёрскай дапамозе.
– Калектыў наш невялікі: усяго пяць чалавек. Цудоўна, што ёсць пастаянныя памочнікі, многія з якіх таксама маюць групу інваліднасці, – расказвае Таццяна Паўлаўна. – Згодна з заканадаўствам, аддзяленне працуе толькі з інвалідамі першай і другой груп. У каго трэцяя, можа быць валанцёрам.
За энергічнасць і крэатыў цэняць Валянціну Юшкевіч – старшыню раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў і кіраўніка клуба «Надзея». Заўсёды рады Марыі Грыгаровіч і яе парадам па здаровым ладзе жыцця, масажы, гімнастыцы, рэцэптам карысных страў.
Актывістка на раённых і абласных конкурсах – Анастасія Кулянок. Яшчэ яна кіруе брыгадай узаема-
дапамогі «Талака». Гэтую суполку валанцёры і наведвальнікі аддзялення стварылі самі, дапамагаюць з бытавымі клопатамі таварышам.
«Хуткая дапамога» ў справе добраўпарадкавання – сямейная пара Генадзя і Наталлі Дубікаў. Перад наваселлем штодня прыходзілі і працавалі на тэрыторыі.
Духоўным настаўнікам можна назваць Таццяну Пацеенак, кіраўніка клуба «Азбука праваслаўя». На пасяджэннях расказвае пра мясцовую царкву і іконы, што ў ёй знаходзяцца, пра свята праваслаўнага календара, пра супрацьстаянне спакусам, праводзіць майстар-класы па прыгатаванні посных страў. Менавіта па ініцыятыве Таццяны Міхайлаўны штогод 3 снежня ў міёрскай царкве адбываецца малебен пра здароўе хворых. На ім пастаянна прысутнічаюць супрацоўнікі і падапечныя аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў.
– Мы вельмі ўдзячны ўсім валанцёрам за іх шчырае жаданне дапамагаць і быць побач. Падтрымка і дабрыня важныя для кожнага чалавека. Людзі з абмежаванымі магчымасцямі маюць у іх яшчэ большую патрэбу, – заўважае Таццяна Шульга.
Супрацоўнікі і наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў выказваюць шчырую ўдзячнасць кіраўніцтву раёна за фінансаванне і дапамогу ў правядзенні рамонту ў іх новым месцы жыхарства.
За матэрыяльную падтрымку ўдзячны ўдзельнікам дабрачыннай акцыі па ўладкаванні новага «Дома дабра». У іх ліку раённы выканаўчы камітэт, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, аддзел па адукацыі, СШ № 2, СШ № 3 імя Я. Томкі, Дзісненская і Язненская СШ, Чапукоўская, Новапагосцкая, Павяцкая ЯС-СШ, Дворнасельская, Сіцькоўская, Завуццеўская, Туркоўская, Узмёнская ЯС-БШ, Слабадская ЯС-ПШ, яслі-сады № 2 і № 3, Дзісненскі, Язненскі, Чэраскі яслі-сады, цэнтр карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі, Міёрскі раён электрасетак, прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Міёрскім раёне, Новапагосцкі сельвыканкам, раённы аддзел унутраных спраў, цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый, УП «Пінскдрэў-Віцебск», ДРБУ-203, УП «Гандлёвы дом «Лагуна», ІП А. Рачыцкая.
Кацярына РЫНКЕВІЧ
Фотарэпартаж Казіміра БЛАЖЭВІЧА.