Адказна і клопатна быць бацькамі. Асабліва, калі твае сын ці дачка адрозніваюцца ад большасці. Жыхары вёскі Ліпанты Георгій Пятровіч і Алена Канстанцінаўна ЗУЕВІЧЫ выхавалі пяцярых дзяцей. Двое малодшых сыноў з-за асаблівасцей у развіцці не вучыліся ў школе, не атрымалі прафесію. Аднак яны сталі надзейнай апорай і падтрымкай для пажылых таты і маці.
Прасторны двор Зуевічаў прываблівае чысцінёй і дагледжанасцю. Пазітыўна выглядае афарбаваны ў яркія колеры дом. На падворку шмат клумб, чые межы абазначае дэкор з каляровых пластыкавых бутэлек. Летам тут красуюць кветкі. За некалькі метраў ад двара – абараны на зіму агарод. Крыху далей – сажалка, у якой разводзяць карпаў. Не столькі для кухні, колькі для эстэтыкі. Па ўсім відаць: жывуць тут дбайныя гаспадары.
– Хлопцы ўсё робяць. Як пойдуць у пяць раніцы спраўляцца, так да дзевяці ледзь на сняданак іх дачакаюся, – распавядае маці.
Алене Канстанцінаўне 77 гадоў. З мужам Георгіем Пятровічам яны равеснікі. Пажылы гаспадар цяпер на вуліцы мала бывае – ногі баляць. Калісьці сілы шмат меў: 15 гадоў адпрацаваў у калгасе трактарыстам, затым перайшоў на ферму. У вольныя хвіліны любіў у лесе ягады збіраць, на вадаёмах рыбу лавіць. Алена Канстанцінаўна была даяркай. Пасля нараджэння малодшага сына на працу не вярнулася, займалася дзецьмі і хатнімі клопатамі.
У працавітай сям’і выраслі дзве дачкі і трое сыноў. Старэйшая Марына жыве з сям’ёй у Наваполацку, Валянціна бліжэй – у Дзісне. Іван застаўся з бацькамі, працуе ў ААТ «Туркова», часта трапляе на палосы раённай газеты як перадавік вытворчасці. Малодшыя Міхаіл і Аляксандр штодня заняты клопатамі ў хляве, на падворку і палетках.
Гаспадарка ў Зуевічаў вялікая. Трымаюць каня, дзвюх кароў, авечак, гусей, курэй. Шмат клопатаў на агародах. Бульба сёлета не вельмі ўрадзіла, затое багата цыбулі розных сартоў, поўная цяпліца памідор была, у кладоўцы значныя запасы свежых капусты і яблыкаў, кансерваваных салатаў. З лесу грыбоў нанеслі хлопцы. Паўсюль яны паспяваюць. І градкі праполяць, і сена насушаць, і жывёлу накормяць і так далей.
Міхаілу 42 гады, Аляксандру – 39. Знешне дарослыя і дужыя мужчыны, здольныя справіцца з любой сельскай работай, у душы яны застаюцца чулымі і непасрэднымі дзецьмі. Прыроджаная хвароба не дазволіла ім цалкам сацыялізавацца ў грамадстве, аднак бацькоўская любоў зрабіла шмат. У сваім доме, на сваім падворку Міхаіл і Аляксандр адчуваюць сябе патрэбнымі, важнымі і любімымі. Іх Сусвет – бацькоўская хата, маленькая родная вёска і яе ваколіцы. Тут яны шчаслівыя. І ў большым не маюць патрэбы. Для дачок і сыноў Георгій Пятровіч і Алена Канстанцінаўна былі прыкладамі адказнасці і працавітасці. Гэтыя якасці дзеці перанялі сабе.
– Мы любім тату і маму, – шчыра гаворыць Міхаіл.
Яму няпроста выказаць пачуцці словамі, затое штодня разам з братам паказваюць удзячнасць на справе.
У выхадныя прыязджаюць у родныя Ліпанты Марына і Валянціна. Далучаюцца да агульных гаспадарчых заняткаў. Наведваюцца да дзядулі і бабулі дарослыя ўнукі Андрэй і Любоў. Сямейная традыцыя – збірацца разам на Вялікдзень.
– Нашых дачок, сыноў і ўнукаў люблю аднолькава, усе для мяне роўныя, за кожнага перажываю, – гаворыць Алена Канстанцінаўна. – Не разумею бацькоў, якія адмаўляюцца ад сваіх дзяцей, у каго іх у прытулкі забіраюць з-за п’янства. Не магу ўсвядоміць, як так можна. Кожнае дзіця заслугоўвае любові і ўвагі.
Відавочная ісціна гучыць з вуснаў простай сельскай жанчыны, якая не мела часу чытаць кнігі па педагогіцы і псіхалогіі. У якой у сем гадоў не стала маці, і яна не паспела адчуць усю паўнату мацярынскай любові. Адзіным дарадчыкам у выхаванні сваіх дзяцей было ўласнае сэрца. А яно ніколі не падманвае.
Кацярына РЫНКЕВІЧ
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.