Напрасіўся паглядзець кватэру работніка рэдакцыі, якую ён павінен атрымаць у доме № 27 па вуліцы Лермантава ў райцэнтры. Набліжаецца час здачы гэтай пяціпавярхоўкі ў эксплуатацыю.
Трохпакаёвая кватэра нумар 40 пад самым дахам. Уваходных і міжпакаёвых дзвярэй яшчэ няма, аднак вокны на месцы, зроблена бетонная сцяжка на падлозе, сцены атынкаваны, батарэі цёплыя, электраправады выведзены ў каробкі пад разеткі. Асаблівых прэтэнзій да якасці работ у будучага гаспадара няма.
У кватэры не прадугледжана ўнутраная аддзелка, гэтым уладальнік будзе займацца сам як спецыяліст тынковачна-плітачных спраў. Цяпер у ёй яшчэ вільготна, таму ўстанаўліваць унутраныя дзверы, шпатляваць сцены, фарбаваць, класці керамічную плітку і клеіць шпалеры давядзецца пазней.
Між тым, цяпер дом № 27 звонку і ўнутры нагадвае патурбаваны мурашнік. Як сцвярджае прараб ПМК-55 Аляксандр Рубанік, у ім штодзень працуюць да васьмідзесяці чалавек. Дзесяць мясцовых аддзелачнікаў шпатлююць сцены ў кватэрах і на лесвічных клетках, вядуць расшыўку стаякоў, афарбоўку. Хапае спраў у другім пад’ездзе васьмі сталярам-бетоншчыкам. Будаўнікам з Міёрскага ПМК дапамагаюць аддзелачнікі з РВА ЖКГ. Вопытныя плітачнікі з Докшыц займаюцца тратуарамі.
Будаўнікі Браслаўскай ПМК-42 заканчвалі мураваць падпорныя сценкі пад дах над уваходам у першы пад’езд. Спецыялісты фірмы «Гравілат» укладвалі ў кватэрах з поўнай аддзелкай керамічную плітку ў кухнях, ванных і туалетах. Навапалачане дастаўляюць і ўстанаўліваюць уваходныя дзверы ва ўсіх кватэрах, а міжпакаёвыя – толькі ў жыллі з поўнай аддзелкай. Сантэхнікі «Белсантэхмантажу» асноўнае зрабілі – цяпло пададзена, каналізацыя зманціравана, вада да размеркавальнага пункта падведзена. Як установяць паўсюдна запорную арматуру, ванны, унітазы і іншае, вада паступіць і ў кватэры.
Пяціпавярховы саракакватэрны жылы дом на вуліцы Лермантава паскорана рыхтуецца да здачы. На апошнім тыдні лістапада тут яшчэ выдзяляліся сцены з сілікатных блокаў, якія звонку патрабавалі ўцяплення і атынкоўкі, не было цвёрдага пакрыцця на пад’язной дарозе, толькі пачалося добраўпарадкаванне навакольнай тэрыторыі. Таму разам з навасёламі чакаем дату афіцыйнага ўводу будынка.
Леанід МАТЭЛЕНАК
Фотарэпартаж Казіміра БЛАЖЭВІЧА.