Для прыродаахоўнай установы «Ельня» сёлетні год аказаўся напружаным.
На базе экацэнтра правялі больш за дзесяць трэнінгаў і семінараў для захавальнікаў балота Ельня і валанцёраў, нашых патэнцыяльных экскурсаводаў. Асабліва запамінальным стаў вераснёўскі валанцёрскі лагер, арганізаваны сумесна з ТАА «Ахова птушак Бацькаўшчыны». Каля 40 яго ўдзельнікаў некалькі дзён рамантавалі плаціны, што рэгулююць сцёк з балотнага масіву.
Непасрэдна ў экацэнтры прайшлі экскурсіі для 336 арганізаваных груп турыстаў. Незвычайна шмат дэлегацый з розных куткоў краіны з’ехалася на экалагічны фестываль «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю». Дзякуючы гэтым і іншым мерапрыемствам даходы ад турыстычнай дзейнасці мы павялічылі ўдвая, хаця з-за пандэміі не прынялі ні аднаго замежнага госця. Можна сказаць, што скарачэнне міжнароднага турызму садзейнічала актывізацыі мясцовага. На заканчэнні сезона ў некаторыя выхадныя кастрычніка нашу экалагічную сцежку наведвала да тысячы прыезджых за дзень, людзей было не менш, як на ажыўленым гарадскім праспекце.
Цяпер ДПУ «Ельня» рыхтуецца да наступнага сезона, распрацоўваем новыя паслугі для мясцовых аматараў прыроды і прыезджых турыстаў.
Іван БАРОК, дырэктар ДПУ «Ельня».
Фота для ілюстрацыі.