Мінулы працоўны тыдзень завяршыўся ў аддзеле загса райвыканкама прыемнай падзеяй. Урачыста зарэгістравалі нараджэнне сотага дзіцяці. Завуць новага жыхара Міёршчыны Арцём Яўгенавіч ШАЎЛЮГА.
Першы дакумент хлопчыка разам з падарункам начальнік аддзела загса Ірына Юхно ўручыла яго бацьку Яўгену Шаўлюга. Пажадала быць годным прыкладам свайму сыну.
– Мы з жонкай Марынай марылі пра сына. Арцём з’явіўся на свет 22 кастрычніка. Гэта другое дзіця ў нашай сям’і. Дачушцы Насці чатары гады, яна ходзіць у дзіцячы садок. Браціку ўзрадавалася, – расказвае шчаслівы тата.
Жыве маладая сям’я Шаўлюга ў невялікай вёсцы Дзедзіна, што ў Перабродскім сельсавеце. Асноўная крыніца іх даходу – уласная гаспадарка. Трымаюць пяць кароў. Летам Яўген падпрацоўвае трактарыстам у ВУПКУ «Міёрскі». Марына да водпуску па доглядзе дзіцяці была прадаўцом у мясцовым магазіне. Цяпер яе галоўны клопат – сынок і дачушка.
Нараджэнне Арцёма зарэгістравалі 20 лістапада. У перакладзе са старажытнагрэчаскай мовы яго імя азначае «які мае бездакорнае здароўе». Няхай расце дужым, шчаслівым і радуе бацькоў і сястрычку.
Кацярына РЫНКЕВІЧ
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.