Ариада ДРАЧЕНКО с Миорщины: «Ветеринария стала судьбой»
gazeta 25-11-2020, 09:52 616 Грамадства / Вясковае жыццёУ гісторыі раёна Арыада ДРАЧЭНКА назаўсёды застанецца галоўным ветэрынарным урачом. Хоць абыходжанне з дамашнім статкам для яе, вясковай дзяўчыны са шматдзетнай сялянскай сям’і, было звычайнай справай, усё ж выбар прафесіі ў значнай ступені аказаўся выпадковым.
Нарадзілася Арыада Генадзьеўна ў вёсцы Цімошкава, якая потым стала цэнтрам калгаса імя Дзяржынскага. Бацька быў брыгадзірам, маці – паляводам. Расла разам з трыма сястрычкамі. Усім чатыром дочкам Протасы далі вышэйшую адукацыю ў няпросты пасляваенны час, у іх хаце панавала павага да пісьмовага слова. Немалаважная акалічнасць: маці Арыады ў міжваенны перыяд скончыла сем класаў польскай школы, што сярод сяльчан здаралася нячаста. Пра яе нават нагадвае дзённікавы запіс Язэпа Драздовіча, які адносіцца да лета 1936 года, калі ў Ляскове, населеным пункце паблізу Дзісёнкі, ён маляваў сцянныя дываны для пяці сёстраў Балошкаў.
«Пятніца. 26/VІ. Заканчваю тут ужо чацвёртую працу сваю для сям’і Балошак з пяццю паненкамі. І насценны дыван на падрамніку – для старэйшай, што збіраецца выйсці замуж аж пад Шаркаўшчыну… Два пейзажы (выгляд іх сялібы і «Зіма») для ўсёй сям’і і малодшых, і насценнік для падстаршай, Жэні. Апошні, як на зайздрасць старэйшай, Ганьцы, з двума букетамі паабапал гатычнага акна з начным відам на вадзяны млын выйшаў зусім як на дзіва…». Гэтая Жэня праз нейкі час з бацькамі і сёстрамі наведала фэст на Пятра ля царквы ў далёкіх Грыгаравічах, дзе спаткала мясцовага хлопца і свой лёс.
Арыада скончыла дзевяць класаў у Туркоўскай школе, хаця мела добрыя адзнакі, далей вучыцца не змагла – захварэлі бацькі. Пайшла працаваць. Першым рабочым месцам 16-гадовай дзяўчыны стала ветлячэбніца ў Міёрах, якой кіраваў галоўны ветурач Міхаіл Сенчык. Установа месцілася на вуліцы Горкага паблізу цаглянага будынка машына-лічыльнай станцыі. Там патрабавалася санітарка, каб мыць прабіркі і іншае абсталяванне, даглядаць жывёлу для доследаў. Першы рабочы дзень запомніўся тым, што старэйшыя работнікі садзілі яблыні, а ёй давялося паліваць дрэўцы.
Сваімі службовымі абавязкамі не абмяжоўвалася, вучылася ў вячэрняй школе рабочай моладзі і дапамагала ў справах бухгалтару Доры Епіфанавай. У той час якраз да Міёрскага далучылі Шаркаўшчынскі раён, міярчанам трэба было прымаць пад сваё крыло іх ветучасткі. Гэтым займалася бухгалтар Дора Кірылаўна, а ў памочнікі запрасіла Арыаду. Маладая і ініцыятыўная санітарка на месцы ў сваёй лячэбніцы і ў навакольных участках на практыцы знаёмілася з тым, чым займаюцца ветэрынарныя работнікі. Калі праз два гады, у 1962-ім, скончыла вячэрнюю школу, далейшы шлях скіраваў у Віцебскі ветінстытут: мела патрэбныя тады для абітурыента два гады практыкі па профілі.
Стаць студэнткай факультэта ветэрынарыі стацыянару аказалася нескладана, а стыпендыя ў 35 рублёў была большай за заробак санітаркі. Вучоба таксама давалася проста. Неўзабаве выйшла замуж за аднакурсніка Юрыя Драчэнку і нарадзіла дачку. Па накіраванні сям’ёй працаваць пачалі на Міёршчыне ў калгасе імя Чапаева з цэнтрам у Даўгінаве. Гаспадарка была эканамічна моцнай, загадваў ёй удзельнік абароны Брэсцкай крэпасці Акім Чувікаў. Ён падабраў граматных спецыялістаў і старанных работнікаў. Ветэрынарнай службай кіраваў Віктар Шадурскі. Для новага ветурача пачаліся штодзённыя паходы і паездкі, нават верхам на кані, па невялікіх фермах, дзе патрабавалася лячэнне статка. Стварыла ветаптэку. Жыццё наладжвалася, але праз год мужа перавялі галоўным заатэхнікам у суседні «Гігант», там Арыада Генадзьеўна ўзначаліла ветэрынарную службу.
Калгас «Гігант»у пачатку 70-х гадоў актыўна развіваўся пад кіраўніцтвам старшынь Уладзіміра Гайдулькіна, затым Гілярыя Талкача, Уладзіміра Шчарбакова, якія потым пайшлі на павышэнне. Усе фермы злучыла тэлефонная сувязь. Толькі што пабудаваны новы кароўнік, тры свінарнікі – ствараўся свінагадоўчы комплекс. Пакуль на ім утрымлівалася 6,5 тысячы жывёл, але пагалоўе планавалася падвоіць. «Гігант» нават паспяхова спаборнічаў з «Маладой гвардыяй». Калі ў суседзяў лепш ішлі справы ў малочнай жывёлагадоўлі, то тут – у мясной. Хаця гігантаўцы пэўны час рэалізоўвалі дзяржаве не малако, а смятану.
Пачынаць на новым месцы Арыадзе Генадзьеўне дапамагалі вопытныя і дасведчаныя спецыялісты. Павяцкай участковай лячэбніцай загадвала Вера Астукевіч, у гаспадарцы працавалі ветурачамі Мікалай Шамёнак, Віктар Вармахоўскі і Генадзь Пілецкі. У заатэхніі заўсёды можна было разлічваць на падтрымку не толькі мужа, але і Уладзіміра Бабчонка, Рычарда Астапковіча, Сяргея Петрашэнкі.
На фермах працавала нямала жывёлаводаў, якія ведалі сакрэты абслугоўвання і ўмелі дабівацца высокіх вынікаў. Сярод найлепшых работнікаў галіны ў раёне нярэдка называлі старэйшую даярку гаспадаркі Мацільду Мілашэвіч, узнагароджаную ордэнам Леніна, даярак Франю Голуб, Юзэфу Аніська, Чаславу Чабок, Рэгіну Лабунька, Эмілію Уласевіч, свінарак Ядвігу Альхімовіч, Соф’ю Найдзёнак, Данату Арсоба, Юльяну Чабок, даглядчыка Антона Кукуця і іншых.
Між тым спраў у ветурачоў хапала. Яны займаліся не толькі планавай апрацоўкай вялікага пагалоўя буйной рагатай жывёлы і свіней, а яшчэ і са шпрыцамі ў руках выпраўлялі недахопы ў кармленні і ўтрыманні статка. Настройвала на аптымістычны лад тое, што неспакойнае калгаснае жыццё прыносіла плён і задавальненне. Па выніках 1976 года калгас «Гігант» заняў першы радок у раённай зводцы па вытворчасці і рэалізацыі мяса, меў істотна вышэйшыя за сярэднераённыя паказчыкі ў малочнай галіне. Роля ветэрынараў у гэтых дасягненнях бясспрэчная.
Запомніўся гэты перыяд і ў асабістым жыцці: была прынята ў партыю, узнагароджана медалём «За працоўную адзнаку». У пачатку 1977-га ў раёне ордэны і медалі ўручылі 88 кіраўнікам рознага ўзроўню, спецыялістам і радавым работнікам Міёршчыны, сярод іх толькі адзін ветурач – Арыада Драчэнка. Невыпадкова да яе прыглядаўся галоўны ветэрынарны ўрач раёна Аляксей Скурат. Ён добра ведаў ветслужбу, патрабаваў адказнасці і дакладнага выканання абавязкаў ад падначаленых. Палічыў, што такім крытэрыям адпавядае Арыада Генадзьеўна, якая мела ўжо дзесяць гадоў канкрэтнай практыкі ў гаспадарках. Праз два месяцы выпрабаванняў яе прызначылі намеснікам галоўнага ветурача раёна, а на рубяжы тысячагоддзяў узначаліла гэтую раённую службу. За чатыры гады ветстанцыя двойчы займала прызавыя месцы ў вобласці, у якасці прызоў атрымала тэлевізар і магнітолу.
– Сярод ветэрынарных урачоў было шмат мужчын, мне з імі лёгка працавалася, – расказвае Арыада Генадзьеўна.
Першым сярод сваіх паплечнікаў называе ўрача-гінеколага Данііла Платонава. У гэтых спецыялістаў праца спецыфічная, няпростая, але Данііл Герасімавіч, хаця меў толькі сярэдне-спецыяльную адукацыю, свае абавязкі ведаў дакладна і старанна іх выконваў. Выдатнымі спецыялістамі праявілі сябе ўрач-эпізаатолаг Уладзімір Пінчук і яго жонка Ларыса – загадчык лабараторыі. Потым іх пераманіў на працу старшыня калгаса «Парыжская камуна» Іосіф Майдзін. Невыпадкова. У якасці ветурача-гінеколага гэтай гаспадаркі Уладзімір Васільевіч на працягу некалькіх гадоў займаў першае месца ў рэспубліцы. Падобны лёс выбраў ветурач Віталь Мацук.
Выдатнымі ветспецыялістамі, сцвярджае Арыада Генадзьеўна, станавіліся работнікі, якія пачыналі ўзыходжанне па кар’ернай лесвіцы з Бігосаўскага зоаветтэхнікума, потым працавалі па профілі і працягвалі навучанне ў ветінстытуце. У прыклад прыводзіць Фаіну Кісель, якая шмат гадоў была ветурачом і заатэхнікам у калгасе імя Пушкіна. Такі ж шлях прайшла Фаіна Окунь, пачынала ўрачом у калгасе імя Пушкіна, працягвала асемянатарам у «Шляху да камунізму». Усё жыццё аддала гэтай працы.
Сама Арыада Генадзьеўна яшчэ студэнткай праходзіла практыку ў загадчыцы Туркоўскай участковай лячэбніцы Валянціны Тамашэвіч. Яна ўсё жыццё лячыла дамашнюю жывёлу ў навакольных гаспадарках, цудоўны спецыяліст. Даўно на заслужаным адпачынку, але як толькі недзе здарыцца няпросты выпадак са статкам, і цяпер звяртаюцца да яе. Добры след у прафесіі ветурача пакінула ветэран ветстанцыі Вацлава Бяляева.
Выдатнымі спецыялістамі былі Пётр Падабед у саўгасе «Міёрскі», Рыгор Конан у калгасе імя Кірава, якіх ужо няма сярод нас. Ветслужба слыла моцнай іншымі работнікамі. Напрыклад, усё жыццё аддаў ёй вадзіцель ветстанцыі Генадзь Кукуць, з 1958-га па 1998-ы штодзень за рулём «казялка» развозіў ветурачоў па гаспадарках раёна. Ветэрану ідзе 90-ы год. 42 гады працуе ў ветаптэцы Ірына Сядова.
Арыада Генадзьеўна ў пачатку 2000-га перадала партфель галоўнага ветурача Сяргею Асетніку. Аднак яшчэ на працягу трох гадоў працавала ў ветаптэцы. Пра перыяд дзейнасці ў ветэрынарыі нагадвае стос ганаровых грамат – раённых, абласных і рэспубліканскіх. Цяпер яна проста маці і бабуля, якая радуецца, што знайшоў сябе ў справе ў абласным цэнтры сын, што побач жыве дачка, наведваюцца чатыры ўнукі і не забываюць дзве праўнучкі.
Леанід МАТЭЛЕНАК
Фота аўтара і з альбома Арыады ДРАЧЭНКА.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.