Цёплая восень падоўжыла не толькі перыяд палявых работ у гаспадарках, але і час для пастаноўкі некаторай тэхнікі на працяглае захоўванне.
Таму працэс запаўнення пляцовак сельгасмашынамі і глебаапрацоўчымі прыладамі крыху зацягнуўся. Паспяхова завяршаюць яго інжынерныя службы і механізатары філіяла «Павяцце» (галоўны інжынер Леў Крук), СУП «Цітова» (Павел Крысенка), ААТ «Папшулі» (Уладзімір Кухцінскі).
Нямала зроблена ў гэтым напрамку ў ААТ «Туркова» (Аляксандр Жук) і шэрагу іншых гаспадарак. Але не ва ўсіх. Не спяшаюцца выкарыстаць цёплае надвор’е для ачысткі і пастаноўкі тэхнікі на працяглае захоўванне інжынеры, загадчыкі машынных двароў і механізатары ААТ «Дрыгучы» і «Пад’ельцы», у КУП «Язна» нават няма каму гэтую справу арганізаваць.
У шэрагу сельгаспрадпрыемстваў не назіраецца вялікіх намаганняў у падрыхтоўцы майстэрняў да працы ў зімовых умовах і разгортвання падрыхтоўкі тэхнікі да веснавога сезона сельгасработ, там з большага працягваецца бягучы рамонт трактараў. Між тым маніторынг спраў на машынных дварах і ў майстэрнях працягваецца, патрабаванні да арганізацыі пастаноўкі і рамонту тэхнікі павялічваюцца.
Сяргей ГІЛЬНІЧ, начальнік раённай інспекцыі – галоўны дзяржаўны інспектар дзяржтэхнагляду раёна.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.