Кожны дзень, акрамя тых, у якія добры гаспадар сабаку з хаты не выпусціць, у лесапарку насупраць райаграсэрвіса можна ўбачыць невысокую стройную дзяўчыну з прыгожай і дужай нямецкай аўчаркай. Гэтае месца будучы кінолаг Анастасія МАЛЕЕВА выбрала для прагулак і трэніровак свайго Макса. Маладая гаспадыня вучыць гадаванца розным камандам, якія той выконвае старанна, хоць часам дапускае свавольствы. Абодвум хораша праводзіць разам час.
Любоў да сабак родам з дзяцінства
Сабака – найлепшы сябар чалавека. Для міярчанкі Насці Малеевай гэты крылаты выраз значыць шмат. З малых гадоў яе акружалі верныя чатырохлапыя таварышы, якіх вельмі любяць у сям’і дзяўчыны.
– Першы гадаванец, якога я памятаю з дзяцінства, – нямецкая аўчарка Ніка. Прыгожая і добрая, – расказвае субяседніца. – Цяпер у нас тры сабакі. У доме жыве ёркшырскі тэр’ер Кнопка, у двары дружна суседнічаюць сабака змешанай пароды – нямецкая аўчарка і хаскі – Хільда і мой Макс. Усіх люблю аднолькава, але да Макса прывязана больш, бо шмат часу з ім праводжу. Па характары ён дружалюбны, цікаўны, настойлівы, гарэзлівы, уважлівы. Аднойчы заўважыў, што мне сумна, падышоў і абняў. Сабакі адчуваюць сваіх гаспадароў і ўмеюць іх падтрымаць у цяжкія хвіліны.
Нямецкія аўчаркі – любімая парода Насці. Расказвае, што яны надзейныя сябры, добразычлівыя да дзяцей, ніколі не нападуць першымі, прыгодныя для любой службы, разумныя і рухавыя, паслухмяныя, калі з імі сістэматычна займацца. Трэніраваць сабак пачынаюць у два – тры месяцы праз гульню.
Прафесію падказала кіно
Шчырую любоў Насці да сабак дапаўняе прафесійны інтарэс. У 10 класе яна дакладна вырашыла, чым, а дакладней кім, хоча займацца ў самастойным дарослым жыцці.
– Вызначыцца з будучай прафесіяй дапамаглі фільмы пра службовых сабак, якія з цікавасцю глядзела. Чытала шмат літаратуры на гэтую тэму, праглядала відэаролікі, – расказвае дзяўчына. – Бацькі падтрымалі мой выбар стаць кінолагам. Для іх самае важнае, каб я была шчаслівай і займалася любімай справай. Разам мы пачалі шукаць навучальную ўстанову, дзе можна атрымаць прафесію. Каледж у гарадскім пасёлку Ідрыца, што знаходзіцца ў Себежскім раёне Пскоўскай вобласці, падказаў знаёмы кінолаг.
Школу Насця скончыла ў мінулым годзе і паехала насустрач сваёй мары. Выпускнікоў 11 класа залічвалі адразу на другі курс па конкурсе атэстатаў. З балам вышэй за 8 абітурыентку з Беларусі прынялі без праблем. Па ўмовах навучання, у сярэдзіне ці пасля другога курса студэнты павінны заводзіць сабаку, з якім будуць займацца. На сваё 18-годдзе Насця атрымала ў падарунак ад бацькоў Макса.
Вучоба натхняе
Будучыя кінолагі вывучаюць анатомію сабак, іх паводзіны, асаблівасці розных парод, правілы аказання першай дапамогі жывёле. Насця вучыцца з захапленнем, хоць некаторыя прадметы часам выклікаюць цяжкасці. Яна адзіная на сваім курсе студэнтка з Беларусі, але чужой сябе не адчувае.
– Ідрыца – асаблівы пасёлак. Там шмат кінолагаў, сабак і ўсе адзін аднаго любяць, – характарызуе мястэчка.
Сёлета ў лютым Насця праходзіла практыку ў Міёрскім аддзяленні Дэпартамента аховы. Вывучала, як нясуць службу сабакі ў нашым горадзе. Засталіся прыемныя ўражанні. Шкадуе, што з-за пандэміі каронавіруса не змагла вярнуцца на вучобу ў Ідрыцу. Заканчвала другі і пачала трэці курс у анлайн-рэжыме. З каледжа дасылаюць заданні, выконвае іх і накіроўвае на праверку.
У снежні ў Насці і Макса экзамен. Будзе здымаць на відэа, як гадаванец выконвае каманды. Адзін з іспытаў – пошук сабакам рэчы гаспадара сярод іншых.
– Падчас вучобы я зноў і зноў упэўніваюся, што выбрала сваю справу. Мне падабаецца займацца з сабакам, нам хораша разам, – усміхаецца студэнтка.
Сабакі нясуць службу ў міліцыі, на мытні, у аэрапортах. Насця жадае, каб яе прафесія была на карысць людзям. Напрыклад, з радасцю пайшла б у рады выратавальнага пошукавага атрада. Не выключае магчымасці пачаць прафесійны шлях у родным горадзе. Насці падабаюцца Міёры. Адзінае, чаго ёй тут не хапае, – пляцоўкі для сабак. Марыць, што яна з’явіцца пры падтрымцы іншым сабакаводаў.
Плануе прадоўжыць адукацыю ў Санкт-Пецярбургу, сумяшчаючы працу з завочным навучаннем.
– Такі варыянт самы аптымальны: працуеш, атрымліваеш заробак і ў той жа час папаўняеш свае веды і навыкі ў вну, – разважае дзяўчына.
Рэжым – аснова здароўя
Як толькі з’явіцца магчымасць, Насця паедзе ў Ідрыцу разам з Максам. Для сабак навучэнцаў ёсць спецыяльны вучэбны гарадок з усімі ўмовамі. Пакуль актыўна праводзяць час у Міёрах.
– Тройчы на дзень ідзём на прагулку. Самая доўгая – адна – дзве гадзіны – пасля абеду, у гэты час трэнірую Макса, – расказвае будучы кінолаг. – Для сабакі, як і для чалавека, рэжым і харчаванне маюць вельмі важнае значэнне. У рацыёне нямецкай аўчаркі для здароўя, імунітэту і фізічнай сілы штодня павінна быць 600 грамаў мяса, пажадана варанага. Самае лепшае – ялавічына, бо менш тлустая, у параўнанні са свінінай. Абавязкова ўключаць у меню фрукты і гародніну. Макс вельмі любіць яблыкі і моркву. У перыяд лінькі вясной і восенню трэба даваць вітаміны.
Меню для гадаванца Насця складае самастойна і гатуе сама.
Быць шчаслівым проста
Пакуль гуляем па сцежках лесапарку, дыхаючы халодым лістападаўскім паветрам, цікаўны Макс дасканала вывучае мясцовасць носам і з інтарэсам разглядае навакольныя пейзажы.
– На волі паводзінамі сабакі кіруе інтарэс. На чалавека ці іншую жывёлу глядзіць з цікаўнасцю і ўспрымае як партнёра для гульні. На сваёй жа тэрыторыі чужынцаў не любіць і брэхам сігналізуе, каб сыходзілі, – раскрывае Насця сакрэты сабачага ўнутранага свету. – Кожны сабака, як і кожны чалавек, нараджаецца са сваім характарам, які можна карэкціраваць выхаваннем. Сабака – адлюстраванне свайго гаспадара, бо з першых месяцаў назірае за ім і вучыцца паводзіць сябе з людзьмі, як і ён. Расповяды пра злосных пітбуляў і ратвейлераў – міфы. Уся справа ў выхаванні і ў прыкладах, якія гадаванцу падае гаспадар.
У вучэбнай літаратуры Насця знайшла інфармацыю, што сабака, колькі б яму ні было гадоў, у сваім інтэлектуальным развіцці застаецца на ўзроўні чатырохгадовага дзіцяці. Напэўна, з гэтым пагодзяцца многія сабакаводы, чые гадаванцы нават у салідным узросце застаюцца гарэзлівымі, непасрэднымі, з агеньчыкамі ў вачах. Сваёй жыццярадаснасцю сабакі абуджаюць у дарослым чалавеку яго ўнутранае дзіця, што схавалася за шчыльнай шырмай клопатаў і праблем, і вучаць наноў радавацца жыццю проста так.
Кацярына РЫНКЕВІЧ
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.