Путешествуем в Осада Дедино

 Падарожжы пашыраюць кругагляд і ўзбагачаюць унутраны свет. Мы жадаем пабачыць на свае вочы дзівосы замежных краін – і гэта цудоўнае імкненне. Разам з тым побач з намі таксама шмат прывабных мясцін, пра якія часам нават не ведаем. У рубрыцы «Паедзем – паглядзім» пазнаёмім чытачоў з цікавымі месцейкамі нашай краіны, да якіх рукой падаць.

 

Лагічным будзе пачаць падарожжа па беларускіх куточках з роднай Міёршчыны. Завітаем у вёсачку Асада Дзедзіна паглядзець на руіны былой сядзібы.

 

Подых мінулага і росчыркі сучаснасці

Цёплы і шэры лістападаўскі дзень. Ветру няма, пад нагамі прыемна шапаціць апалая лістота. Ідзём да былога сядзібнага дома. На аўтамабілі можна пад’ехаць, лічы, да самага ганка і прайсці застаецца некалькі крокаў. Перад вачыма масіўнае двухпавярховае збудаванне з калонамі, пустымі аканіцамі і месцамі прадзіраўленым дахам. На сценах фасада пакінулі размашыстыя надпісы сучаснікі. Над аркай ля ўваходу ўказаны чыйсці нумар мабільнага для знаёмства. Можа быць, арыгінальны, але наўрад ці прымальны спосаб заявіць пра сябе.

 
 Страціўшы за сотні гадоў шмат чаго са знешняй прывабнасці, будынак захоўвае сваю былую веліч. Цікаўнасць вядзе ўнутр. Захавалася лесвіца, па якой можна падняцца на другі паверх. Падысці да аконных праёмаў не адважваемся, каб раптоўна не апынуцца ўнізе. Міжэтажныя перакрыцці ў многіх месцах абваліліся. У думках спрабуем уявіць, што дзеелася ў гэтых сценах шмат гадоў таму. За падказкамі звяртаемся да інтэрнэт-крыніц.

 

Окей, гугл!

Напрыканцы 18 стагоддзя на дзедзінскіх землях сталі гаспадарыць Рудніцкія. Сядзібны дом у Асада Дзедзіна пачалі ўзводзіць у 1810 годзе па заказе дваранскага суддзі Аляксандра Рудніцкага. Будаўніцтва доўжылася дзесяць гадоў.

 
У доме мелася арыгінальныя сістэма ацяплення: адна пячная труба абагравала ўвесь будынак, а топка знаходзілася ў падвале. У многіх пакоях былі каміны з белай і каляровай кафлі.

 
  З часам маёмасць атрымалі ў спадчыну сыны гаспадара – Аляксандр і Зігмунд.
Зігмунд Рудніцкі вёў разгульны лад жыцця і не вызначаўся беражлівасцю. За даўгі прадаў маёнтак роду Вішнявецкіх. У 1939 годзе сваячка Зігмунда Алена Яблонская выкупае сядзібу і перадае Вінніцкаму ўніверсітэту. Падчас нямецкай акупацыі Зігмунд вярнуўся ў Дзедзіна. Яго прызначылі старастам. Былы ўладальнік маёнтка добра адносіўся да людзей, не жадаў выконваць варожыя загады, за што быў расстраляны.

 
  Пасля вайны сядзіба Рудніцкіх стала адміністрацыйным будынкам калгаса «Ленінскі шлях».
У маі 2016-га паўразбураную сядзібу прадалі на электронных таргах за 13,6 мільёнаў рублёў (цяперашнія 1 360 рублёў). Інвестар абавязваўся наладзіць прадпрымальніцкую дзейнасць, пры неабходнасці правесці рэстаўрацыю помніка архітэктуры. Пакуль слядоў гаспадарлівасці на тэрыторыі былой сядзібы не заўважаецца.

 

Парк не для прагулак

Часткова захаваўся да нашага часу парк. Парослы густым дываном высокай травы, ён не прывабіць аматараў пешых прагулак. Затое здзівіць цікавым дрэвам, якое ад зямлі разыходзіцца на два ствалы, якія крыху вышэй сплятаюцца нібы ў абдымках.

 

Збіраючыся ў Асада Дзедзіна, вазьміце пустую бутэльку ці невялікую каністру. Па дарозе ўбачыце добраўпарадкаваную крынічку, якая пачастуе халоднай чыстай і смачнай вадой. Кажуць, яна дапамагае вылечыць хваробы вачэй і скуры.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фотаматэрыял з альбома аўтара і адкрытых інтэрнэт-крыніц.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.