Авторизация
 

Як святкуюць тыя, хто нарадзіўся ў дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі?

 Толькі ў беларускім календары 7 лістапада прысвячаецца Кастрычніцкай рэвалюцыі. Афіцыйнае свята, якое цяпер праводзіцца без даўніх шматлюдных дэманстрацый у гарадах і не такіх масавых мерапрыемстваў у вёсках. Што яно азначае для чалавека, які нарадзіўся ў апошнім месяцы восені? 

 

З гэтым пытаннем першай пашчасціла датэлефанавацца да жыхаркі вёскі Дворышча Перабродскага сельсавета Раісы ПАРФЁНЕНКА.

 

Святкаваць – сямейная традыцыя

– У лістападзе нарадзілася не толькі я, але і мой муж Аляксандр, – апавядае Раіса Васільеўна. – Студэнтамі-аднакурснікамі Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі вырашылі згуляць вяселле ў дзень яго нараджэння – менавіта 7 лістапада. Напярэдадні зарэгістравалі шлюб у Новапагосцкім сельскім Савеце. Сціплае застолле ладзілі ў маіх бацькоў у Моцеўках 43 гады таму. Запрасілі бліжэйшых родных і суседзяў, яго бацькоў з Гомельшчыны, некалькі аднакурснікаў.

 
У 1979-м вярнуліся працаваць на Міёршчыну. Штогод 7 лістапада запрашаем за наш стол родных і сяброў, каб разам успомніць пра падзеі адыходзячага года для кожнага і ўсіх разам: пагаварыць – гэта ж у традыцыі беларусаў. Спяваем песні юнацтва і больш папулярныя пазнейшага часу. Не забылі словы рэвалюцыйных, а вось тэксты сучасных музычных кампазіцый чамусьці не запамінаюцца.
Штогод адзначаем 7 лістапада як сямейнае свята.

 

У нас быў агульны шлях

Так сцвярджае цяпер пра людзей свайго пакалення жыхарка Узмён Лідзія АЛЕСЬКА. Яна нарадзілася у лістападзе 1950-га ў сям’і калгаснікаў з вёскі Пераслова. У школе была піянеркай і камсамолкай. Разам з іншымі вучнямі пастаянна 7 лістапада ўдзельнічала ў мітынгах і ўскладанні вянкоў да велічнага помніка савецкаму воіну-вызваліцелю ва Узмёнах, шкада што ён не захаваўся. Пасля тэхнікума ў Полацку 20 гадоў працавала галоўным бухгалтарам калгаса імя Кірава. Выйшла замуж за шафёра і нарадзіла трох дачок, пры гэтым як і ўсе вяскоўцы трымала вялікую асабістую гаспадарку. Займалася грамадскімі справамі і была прынята ў партыю.

 

Невыпадкова ёй даверылі клапаціцца пра іншых як старшыні прафкама. Потым была пасада старшыні Узмёнскага сельскага Савета, неабходнасць штодзённага вырашэння патрэб вяскоўцаў. Што непасрэдна да 7 лістапада, 9 Мая, іншых важных для дзяржавы дат, то ўжо сама арганізоўвала мітынгі, ускладанні вянкоў і святы для сяльчан. Рабіла гэта не толькі таму, што патрабавала пасада. Бачыла, якія станоўчыя змены прынесла вёсцы Кастрычніцкая рэвалюцыя, імкнулася, каб перамен да лепшага было больш. Яны дазволілі і ёй асабіста даць вышэйшую адукацыю ўсім траім дочкам. Старэйшая з іх цяпер загадвае магазінам у Віцебску, малодшыя – спецыяліст апарата райсавета і выкладчыца гімназіі ў суседнім раёне.

 
Лідзія Цярэнцьеўна даўно жыве ва Узмёнах адна, няма здароўя трымаць вялікую гаспадарку. А 7 лістапада становіцца асабістым святам, калі сабіраюцца ў яе хаце сем’і ўсіх дачок з унучкамі.

 

У чаканні юбілею

Гэтай падзеяй жыве цяпер жыхар аграгарадка Чапукі, ветэран працы Сцяпан САРОКІН. Патомны сяльчанін. У калгасе «Кастрычнік» (цяпер гэта ААТ «Любінова») пастаянна працаваў вадзіцелем. Завочна атрымаў дыплом агранома ў Лужаснянскім тэхнікуме і нават пэўны час займаў пасаду спецыяліста па кормавытворчасці. Але цяга да тэхнікі перамагла, таму летам на працягу двух дзесяцігоддяў перасаджваўся на касілку. Праца на травяных угоддзях прыносіла асаблівае задавальненне, літаральна асалоду.

 
Сцяпан Кузьміч даўно на заслужаным адпачынку. Успамін пра святкаванне 7 лістапада ў савецкія часіны – гэта калгасныя сходы ці вясковыя мітынгі ля абеліска воінам-землякам, канцэрты мастацкай самадзейнасці ў клубе. Цяпер за святочнымі мерапрыемствамі сочыць па тэлевізары. Звычайна працуе толькі на асабістай гаспадарцы, але цікавіцца справамі ў калектыве, якому прысвяціў актыўнае жыццё. І не парывае сувязі з грамадскімі справамі – узначальвае пярвічную ветэранскую арганізацыю сельгаспрадпрыемства, у якой цяпер рыхтуе справаздачны сход. А сам асабліва чакае 15 лістапада, калі сям’я і сябры збяруцца на яго 70-годдзе.

 

Леанід МАТЭЛЕНАК.

Фота для ілюстрацыі.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 6 мая 2021
Анатолий, Валерий, Георгий, Иван, Александра, Валерия, Афанасий

Именины 5 мая 2021
Виталий, Всеволод, Гавриил, Дмитрий, Климент, Платон, Федор

Госці краін

free counters
Партнеры сайта