Авторизация
 

Нясхільная жанчына: Тамара Нікіфарава святкуе 80-годдзе

 У Тамары Данілаўны што ні дзень, то новыя клопаты. Прыбярэ ў хаце, падмяце ў двары, памые бялізну. Усё робіць хуценька, подбегам. Амаль як у маладосці. Даўно на заслужаным адпачынку, але ад сваіх звычак не адмаўляецца. «Можа таму ёй старэць некалі?!», – захапляецца малодшая дачка Валянціна.

 

Сёння карэнная жыхарка Пестунаў Тамара Данілаўна НІКІФАРАВА адзначае 80-годдзе. Урачыстасць пройдзе ў коле вялікай сям’і: пяцярых дзяцей, васьмі ўнукаў і пяцярых праўнукаў. Запрошаны на юбілей каляжанкі па грамадскай рабоце.

 

Ваеннае дзяцінства

Тамара мела чатырох братоў і сясцёр. Ёй споўнілася паўтара гады, калі пачалася вайна. Бацьку разам з іншымі мужчынамі сагналі ў Германію. Ліхалецце ўзгадвае толькі са слоў старэйшых. Аднак адзін выпадак запомніўся. У вёску прыйшлі немцы, учынілі разгром. Маці наказала малым хавацца ў канаўцы непадалёк ад дома. Схованку накрылі дошкамі. Яе, зусім маленькую, тулілі да сябе. Было вельмі страшна, калі над імі прабягаў варожы салдат. Але, угрэўшыся, прыснула. Раніцай, калі ўсё супакоілася, пайшлі дадому.

 
Голад і холад былі пастаяннымі спадарожнікамі. Ужо пасля вайны, калі працавалі на палях, гадавалі жывёлу, іх аднавясковец Петра гаварыў «пачакайце, хутка будзем пышкі есці». Надзея на гэта акрыляла і давала сілы.
Памятае, як пасля вайны асабістыя гаспадаркі пачалі аб’ядноўваць у калгасы. Хто каня прывёў, хто карову. Уся маёмасць стала агульнай.

 

Паміж дзецьмі і калгаснымі клопатамі

Бацькі завіхаліся ў сельскай гаспадарцы. У калгас пасля заканчэння чатырох класаў пайшла і Тамара. Ніхто не рабіў зніжку на ўзрост – падлеткам працавала нароўні з дарослымі. Работа «гарэла» ў руках. Касіла і сушыла сена, палола буракі, садзіла і капала бульбу, жала жыта, ірвала лён, з балотаў торф вывозіла на палі.

 
 Замуж выйшла за мясцовага хлопца Вісарыёна. У сям’і нарадзіліся тры дзяўчынкі і двое хлопчыкаў. Розніца паміж старэйшым і малодшым – трынаццаць гадоў. Цяжка даводзілася: дома малыя, а трэба на працу выходзіць. Баялася, каб нічога дрэннага не здарылася. Кагосьці брала з сабой, бывала і прывязвала вяроўкай да печы. Калі падраслі старэйшыя, даглядалі малодшых.
Пасля цяжкага дня на полі спраўлялася з хатняй гаспадаркай. У калгасе налічвалі толькі працадні, жылі з таго, што вырасцілі самі. Пакуль усё зробіш – ноч на дварэ, і зноў на работу.

 
– Гуляць на даводзілася. Прывыкла бегаць, і дагэтуль не магу спыніцца, – кажа Тамара Данілаўна. – За работай свету белага не бачыла. Як дзеці падраслі, стала лягчэй. Кожны з іх да працы змалку прывучаны. Калі хлопцы пайшлі служыць, уся мужчынская работа легла на мяне і дзяўчат. Пасля адзін за адным сталі ствараць свае сем’і.
Працавалі – затое мелі. Крыўдна было, як у 90-я страцілі сродкі, якія трымалі «на чорны дзень». Аднак вяселлі дзяцей і праводзіны ў армію спраўлялі, гулялі ўсёй раднёй.

 

Пенсія – не значыць адпачынак

Апошнія гады перад пенсіяй сяльчанка працавала малаказборшчыкам на маршруце Мацюкі – Пестуны – Сухія – Картавыя – Селішча. Нават мужчыны дзівіліся, як лоўка варочала бідоны. Не ведала стомы і адпачынку. У асабістай гаспадарцы да нядаўняга часу трымала кароў, свіней. Цяпер у хляве толькі куры. Аднак без работы не заседжваецца: чысценька і ўтульна ў хаце, «выскаблены» двор, прыбраны да зімы кветнікі.

 
Сёння Тамара Данілаўна жыве з дачкой-інвалідам першай групы Таццянай. Мужа не стала 24 гады таму. Кожны дзень з райцэнтра прыязджае дапамагчы малодшая Валянціна – вартаўнік аддзялення Дэпартамента аховы. Старэйшы сын – Васіль – заняты ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы ў Дзісне. Ірына – камендант у віцебскім універсітэце. Сяргей працуе вадзіцелем у Шаркаўшчыне.
– Хто ў горы жыве, той чалавекам стане, – гаворыць Тамара Данілаўна. – Мне за дзяцей не сорамна. Вучыла іх перш за ўсё быць чалавечнымі.

 

З Богам у сэрцы

Кожная добрая справа павінна пачынацца з Божага бласлаўлення.
– Сваімі рукамі дапамагала будаваць царкву ў Пестунах. Ад першай рыдлёўкі да апошняй цаглінкі. Уручную мяшалі раствор, ставілі сцены, – узгадвае Тамара Данілаўна. – Святыня з’явілася па ініцыятыве айца Мікалая Рунды. Збіралі сродкі і ўзводзілі храм усім прыходам. Асноўным памочнікам і дарадцам быў Міхаіл Панкрат. Вывучыла малітвы, спявала на пахаваннях у Міёрах і дальніх вёсках. Апошнім часам толькі па наваколлі езджу. Да нядаўняга прыбіралася ў царкве.
І цяпер сяльчанка актыўная ў грамадскіх справах. Яна ў гушчы падзей: будзь то збор сродкаў на выдаленне аварыйных дрэў на могілках ці добраўпарадкаванне тэрыторыі. 

 

Тамара Нікіфарава мае Ордэн Маці.
– Цяпер дзяцей гадаваць куды лягчэй, моцная падтрымка дзяржавы, – гаворыць шматдзетная матуля. – Нам не даводзілася на кагосьці разлічваць, працавалі да сёмага поту, каб іх пракарміць і вывесці ў людзі. Цяпер у маці ёсць час і на сябе.

 

Алена ВАРОНІНА

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 14 апреля 2021
Ефим, Иван, Макар, Сергей, Мария

Именины 13 апреля 2021
Вениамин, Иван, Иннокентий, Иосиф, Анна

Госці краін

free counters
Партнеры сайта