Евфросиния Горбачонок: школа далёкая и такая близкая

 Ефрасіння ГАРБАЧОНАК нядаўна адсвяткавала 80-гадовы юбілей. Практычна ўсё жыццё адпрацавала ў сістэме адукацыі. Цяпер паўсядзённыя інтарэсы абмежаваны дамашнімі клопатамі ды асабістым здароўем. Неяк нават сама паверыла, што колішняе школьнае даўно забыта. А як толькі дакранулася да схованак памяці, мінулае маляўніча аднавілася ў падзеях, уражаннях і вобразах.
 

Першыя ўспаміны таксама звязаны са школай. Дзяўчынка з Басяных у бедныя пасляваенныя гады з такой жа сельскай дзятвой прыкладна трохкіламетровай сцежкай праз поле і лес скіроўвалася за ведамі ў Орцы. Заняткі праходзілі ў надта сціплых умовах – у вялікай вясковай хаце (стаіць і цяпер), – але абудзілі імкненне да ведаў і цікавасць да настаўніцкай працы. Пасля сельскай сямігодкі прадоўжыла навучанне ў Міёрскай СШ. Трывалымі ведамі, здольнасцямі і ініцыятыўнасцю запомнілася тагачасным бясспрэчным аўтарытэтам у сістэме адукацыі – завучу Аляксандру Капітанаву і дырэктару Валянціне Раманоўскай. З атэстатам аб сярэдняй адукацыі ўладкавалася ў аб’яднанне грамадскага харчавання. Аднак былыя настаўнікі яе не забылі: праз пэўны час – у 1960-м – прапанавалі касіру і бухгалтарскаму работніку пасаду выхавальніка школьнага інтэрната.

 
З гэтага пачаўся шлях Ефрасінні Васільеўны ў педагогіку. У наступным годзе паступіла ў Віцебскі педінстытут на фізіка-матэматычны факультэт. Вучылася завочна, а выкладаць матэматыку вучням пачала ў Друйскай вячэрняй школе. Горад уваходзіў у склад Міёрскага раёна, а калі апынуўся ў Браслаўскім, маладая настаўніца перабралася бліжэй да родных мясцін, працавала ў Шалцінаўскай васьмігодцы.

 
З атрыманнем дыплома аб вышэйшай адукацыі зноў памянялася месца працы. З 1 верасня 1966-га выкладала матэматыку ў школе рабочай моладзі ў райцэнтры, кіраваў якой Захар Тамашэвіч. Праз некалькі месяцаў яе прызначылі завучам, праявіла сябе ў грамадскіх справах у настаўніцкім асяроддзі. Гэта стала падставай для наступных перамен: Ефрасінню Васільеўну абралі старшынёй райкама прафсаюза работнікаў адукацыі. Той 16-гадовы перыяд сваёй дзейнасці ўзгадвае плённым.

 
– Райкам нашага прафсаюза адрозніваўся вялікім актывам, – расказвае ветэран. – Актыўна дзейнічалі камісіі. Напрыклад, па жыллёва-бытавых пытаннях асабліва клапацілася пра захаванне льгот для вясковых настаўнікаў, найперш пра забеспячэнне жыллём, зніжэнне аплаты за ацяпленне і электраэнергію. Культурна-масавая арганізоўвала турыстычныя паездкі для настаўніцкай моладзі на Каўказ, Маскву і па Залатым кальцу Расіі. Для вывучэння педагагічнага вопыту скіроўваліся да вядомых калег па рэспубліцы і ў краіны Прыбалтыкі. Арганізоўвалі спаборніцтва па падрыхтоўцы школ да новага навучальнага года і па іншых напрамках. У маім кабінеце вісеў вялікі стэнд з дасягненнямі кожнай навучальнай установы па некалькіх дзясятках паказчыкаў ад узроўню ведаў вучняў па асобных прадметах да паступлення ў вну і замацавання выпускнікоў.

 
 Цяпер удзячна Ефрасіння Васільеўна за падтрымку, якую аказваў тагачасны загадчык РАНА Віктар Казлоў. З’яўляліся членамі райкама прафсаюза ці актыўна супрацоўнічалі з ім дырэктары Іван Гур’янаў з Паташні, Фёдар Сівы з Павяцця, Надзея Гобец з Туркова, Уладзімір Камароў з Новага Пагоста, Казімір Рачыцкі з Дзісны, Тэрэза Смулькевіч, якая загадвала Міёрскім дзіцячым садам № 1, бяззменны завуч школ райцэнтра Аляксандр Капітанаў. У спіс можна ўключаць усіх тагачасных кіраўнікоў сістэмы асветы, многіх іншых педагагічных работнікаў. Вынікам зладжаных намаганняў стала заваяванне рэспубліканскага пераходнага Чырвонага сцяга ад галіновага прафсаюза па выніках падрыхтоўкі школ Міёршчыны да 1980 – 1981 навучальнага года. Вопыт райкама абагульняўся на рэспубліканскім і абласным узроўнях. На базе раёна праводзіліся адпаведныя семінары прафсаюзнага актыву. Ефрасінню Васільеўну тады ўзнагародзілі Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР і нагрудным знакам ВЦСПС СССР. Ці мае хто яшчэ ў раёне такую адзнаку ад Усесаюзнага цэнтральнага савета прафесіянальных саюзаў Савецкага Саюза.

 
Аднак станоўчага рэдка бывае занадта. За дзень да новага навучальнага года ў 1984-м амаль што «па ўласным жаданні», пацверджаным райкамам партыі, Ефрасінню Гарбачонак прызначылі дырэктарам Дворнасельскай СШ. Папярэдніца Слава Туча пакінула нядрэнную спадчыну, вопытны і згуртаваны калектыў, дзе панавалі творчая атмасфера, узаемаразуменне і ўзаемадапамога. Настаўнікамі высокай кваліфікацыі з’яўляліся сямейныя пары Марыі і Алега Кіслякоў, Алены і Уладзіміра Цітовічаў, Галіны і Віктара Цітовічаў, Валянціны і Анатоля Пракоф’евых. Бяззменным сакратаром партарганізацыі была Тамара Вайцельская. Вялікі жыццёвы вопыт мелі Аляксей Мятла і Ілья Мацкевіч, стаж выхаваўчай работы – намеснік дырэктара Таццяна Крук. Цудоўна выкладалі свае прадметы Святлана Маханькова, Таццяна Сарока, Людміла Пракоф’ева, Антаніна Кляшчонак, Алена Ільніцкая, Ніна Закрэўская, Зоя Мароз, Алена Дзедушкевіч, Алена Пугаўка, Пётр Сяліцкі, Віктар Маскалёў, Аляксандр Кляшчонак. Жанна Сушко, Эдуард Сарока і іх выхаванцы плённа займаліся творчасцю і з поспехам удзельнічалі ў розных выставах. На старэйшых таварышаў арыентаваліся Жанна Закрэўская, Вольга Мароз.

 
Увогуле, пра ўклад кожнага педагога ў паспяховае ўкараненне новых форм і метадаў класнай і пазакласнай работы Ефрасіння Васільеўна гатова расказваць доўга, бо ўсё прыносіла станоўчыя вынікі. Запомнілася, як рэарганізавалі працоўнае навучанне. Хлопчыкі старэйшых класаў асвойвалі механізатарскую справу ў Маляўскім ВВК, а для дзяўчынак Жанна Сушко распрацавала курс «Гаспадыня сядзібы», вучыла іх агародніцтву, весці дамашнюю гаспадарку, а таксама кулінарыць, кроіць і шыць. Яе выхаванкі ўдзельнічалі ў выставах выпечкі і хатніх нарыхтовак.

 
На пасадзе дырэктара Ефрасінні Васільеўне даводзілася вырашаць мноства гаспадарчых пытанняў, бо неўзабаве распачалі капітальны рамонт школы. Агульнымі намаганнямі абнаўлялі інтэр’ер, па-новаму афармлялі кабінеты, майстэрні, спартзалу, сталовую. Надзейным памочнікам кіраўніка стаў настаўнік Віктар Цітовіч.

 
Потым дабудавалі агароднінасховішча, дзе захоўвалі варэнні, саленні і іншыя закруткі на зіму. Наступным крокам стала арганізацыя бясплатнага харчавання дзяцей, у тым ліку ў інтэрнаце. Гэтаму садзейнічалі трывалыя сувязі з калгасам «Парыжская камуна». Вучні працавалі на палетках, узамен гаспадарка пастаўляла патрэбныя прадукты, а сродкі ад вырошчвання вялікага ўчастка буракоў паступалі на спецыяльны рахунак школы.

 
На першым часе ў ацяпляльны сезон кожны рабочы дзень дырэктар пачынала ў кацельні, дзе пастаянна нешта выходзіла са строю. Аднак і там паступова ўсё наладжвалася. Дворнасельская школа станавілася адной з найлепшых у раёне на падрыхтоўцы да новага навучальнага года, па агульнаадукацыйным узроўні вучняў. Выпускнікі паступалі ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы, асабліва сельскагаспадарчыя. Таму пры падтрымцы аддзела асветы ў ёй адным з першых у раёне з’явіўся камп’ютарны клас. Тут рэгулярна праходзілі пасяджэнні метадычных саветаў амаль па ўсіх падметах, нават абласныя мерапрыемствы. Добраўпарадкоўвалі тэрыторыю ўласнымі сіламі і заасфальтавалі пры падтрымцы раёна.

 
Прызнаннем асабістых заслуг стала прысваенне Ефрасінні Гарбачонак ў 1999-м вышэйшай катэгорыі як настаўніцы матэматыкі і ўручэнне нагруднага знака выдатніка народнай асветы як дырэктару.
– Было цікава працаваць, – прыгадвае той час Ефрасіння Васільеўна, і шчыра ўдзячна за гэта калегам-настаўнікам і тэхнічнаму персаналу. Ці ж важна, што ў снежныя зімы іншы раз даводзілася пераадольваць пешшу пяцікіламетровы шлях да школы. Радуе, што з выхадам на заслужаны адпачынак дырэктарскі партфель перадала Антаніне Кляшчонак, якая дарасла да пасады пад яе кіраўніцтвам.

 
Да юбілейнай даты Ефрасіння Васільеўна Гарбачонак адзначана найвышэйшай раённай узнагародай – Ганаровай граматай райвыканкама.

 

Леанід МАТЭЛЕНАК

Фотаматэрыял з сямейнага альбома Ефрасінні Гарбачонак.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.