Чем занимается Белорусский Красный Крест сегодня?
gazeta 20-10-2020, 13:27 425 Грамадства / Здароўе
Папярэджанне і аблягчэнне чалавечых пакут. Аказанне дапамогі ахвярам узброеных канфліктаў і асобам, пацярпелым у выніку надзвычайных сітуацый. Удзел у вырашэнні сацыяльных праблем. Садзейнічанне ў ахове здароўя насельніцтва. Гэтыя задачы штодзённа вырашае Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа. Чым непасрэдна займаюцца апошнім часам, гутарым са старшынёй раённага аб’яднання Ганнай ЛІСКОВАЙ.
– У сённяшняй напружанай сітуацыі Беларускі Чырвоны Крыж па дамове з Міністэрствамі аховы здароўя і ўнутраных спраў на пастаяннай аснове арганізуюць дзяжурствы валанцёрскіх каманд. Іх задача – аказваць першую медыцынскую дапамогу пацярпелым падчас масавых мерапрыемстваў, – заўважае Ганна Віктараўна. – З 12 жніўня валанцёры па ўсёй краіне дзяжурылі 129 разоў, аказалі першую дапамогу і псіхасацыяльную падтрымку 474 чалавекам.
Чым падтрымліваеце затрыманых?
– Ва ўзаемадзеянні з Дэпартаментам выканання пакаранняў МУС у месцы заключэння перадалі звыш 4,2 тысячы гігіенічных набораў, 1,2 тысячы літраў вады, а таксама коўдры, цёплае адзенне, перавязачны матэрыял.
Што наконт эпідэміялагічнай сітуацыі?
– Праграма па барацьбе з COVID-19 не прыпынялася. Валанцёры Чырвонага Крыжа і цяпер дастаўляюць прадукты і лекі для пажылых, забяспечваюць сродкамі аховы медыцынскіх і сацыяльных работнікаў. Рэалізуецца інфармацыйная кампанія па прафілактыцы каронавірусу.
Па якіх яшчэ напрамках працуеце?
– Па-першае, аказваем псіхалагічную падтрымку. Лінія 201 пашырыла накірункі работы і стала адзіным цэнтрам атрымання інфармацыі і псіхалагічнай дапамогі для ўсіх, хто мае ў гэтым патрэбу. Па-другое, мы садзейнічалі ў падрыхтоўцы дзяцей, якія аказаліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, да школы. Да таго ж медыцынскія сёстры медыка-сацыяльнай службы Чырвонага Крыжа «Дапамога» штодня клапоцяцца пра 1,5 тысячы адзінокіх пажылых людзей.
Валанцёраў хапае?
– Не заўсёды. Беларускі Чырвоны Крыж актывізаваў работу па навучанні насельніцтва навыкам першай дапамогі. Запушчаны бясплатныя майстар-класы для ўсіх жадаючых. Са жніўня нашы рады папоўніліся на 2 344 чалавекі.
Кожны з нас, работнік і валанцёр, дапамагае людзям, прытрымліваецца прынцыпаў Міжнароднага Руху Чырвонага Крыжа, даказваючы грамадству сваю карысць канкрэтнымі справамі і ўчынкамі.
Алена ВАРОНІНА.
Фото для иллюстрации.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.