Авторизация
 

У летапісе Язна – 545

 Выставы і майстар-класы, насычаная канцэртная праграма. Язненцы пастараліся: калі ўжо адзначаць 545-годдзе роднай вёскі, то неардынарна, ад усёй шырокай душы. Прадугледзелі і пачастункі для гасцей. Меню язненскае: бутэрброды з вяленымі памідорамі, смаката са слоікаў, пірожныя «Бульба» і «Чырвоны аксаміт». Віна аж пяць гатункаў па эксклюзіўных рэцэптах прадстаўніц мясцовага аматарскага аб’яднання «Вера. Надзея. Любоў». Амаль без градусаў, таму прыемнае на смак і карыснае для здароўя. Папулярным гасцінцам стаў бездражджавы жытні хлеб: святочны з кмінам, звычайны і да чаю. Выпякае яго па сваім унікальным рэцэпце загадчык Язненскай участковай бальніцы Уладзімір Пашковіч.

 

На ноце духоўнасці да свецкай ўрачыстасці

Урачыстасці ў Язне стартавалі яшчэ 8 кастрычніка. У гэты дзень сабраліся на сумесную малітву ў роднай Спаса-Прэабражэнскай царкве, дзе адбылася Набожная літургія ў гонар Прадстаўлення прападобнага Сергія Раданежскага, якую ўзначаліў епіскап Полацкі і Глыбоцкі Ігнацій. Уладыка павіншаваў прыхаджан са 120-годдзем храма і ўзнагародзіў Архіерэйскай граматай і пісьмамі-падзякамі тых, хто асабліва папрацаваў на дабрабыт святыні.

 
 З Богам у сэрцы мясцовыя жыхары працягвалі рэпеціра- ваць, афармлялі сцэну, выпякалі, рыхтуючыся да свецкага свята 10 кастрычніка. Доўгачаканая субота настала і расквецілася ўсмешкамі, жартамі, радаснымі воклічамі-прывітаннямі вяскоўцаў і гасцей у фае сельскага Дома культуры. У гэты рознагалосы хор гарманічна ўпляталіся пералівы інструментальнага ансамбля Міёрскай дзіцячай школы мастацтваў. Людскі паток падхопліваў і прыбіваў то да аднаго, то да другога прычала. Выклікалі цікавасць майстар-класы па стварэнні маляўнічых карцін з воўны, дэкарыраванні розных прадметаў у тэхніцы дэкупаж, вырабе смачных напояў з ягад. Вопытам дзяліліся педагогі Кацярына Альхімовіч і Іна Пашковіч, кіраўнік і ўдзельніца клуба «Вера. Надзея. Любоў» Саламея Сіняўская і Ева Астроўская.

 

Паселішча з багатай гісторыяй

Язненцы – народ унікальны. Ідэйны, актыўны, перажывае за родную старонку, з душой клапоціцца пра яе. Такім прыкладам захапляе іншых. Усяго тут каля 700 жыхароў. Па колькасным складзе Язна – трэці населены пункт пасля райцэнтра і Дзісны. Гісторыя паселішча асаблівая. Як расказала са святочнай сцэны мясцовы краязнаўца Ірына Стома, першая пісьмовая згадка пра сяло Язна датуецца 1475 годам. Аднак сяліліся на гэтай зямлі нашмат раней – больш за 2 тысячы гадоў таму. Гэта ўстанавілі супрацоўнікі акадэміі навук БССР, калі праводзілі раскопкі на мясцовым гарадзішчы. Вядома, што на язненскай зямлі жылі плямёны Днепра-дзвінскай культуры, былі знойдзены рэшткі керамікі, і самае каштоўнае – бронзавыя падвескі, якія захоўваюцца на стэндзе музея гісторыі Беларусі ў Мінску. У розныя часы Язна ўваходзіла ў склад Вялікага княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі, Польскай Рэспублікі, СССР. Мястэчкам валодалі Галімскія, шляхцічы Друцкія-Сакалінскія, Козел-Паклёўскія, Кацэлы і Корсакі.

 
 Цяпер гэта самастойны населены пункт, дзе жывуць у нагу з часам, з павагай ставяцца да гістарычнага мінулага, клапоцяцца пра развіццё мясцовасці, умацоўваюць хрысціянскія традыцыі, што заўважаецца ў канкрэтных справах кожнага яго жыхара і адказнай рабоце працоўных калектываў. На тэрыторыі вёскі свае ўчастковая бальніца, школа, бібліятэка, дзіцячы садок, сельскі Дом культуры, музычная школа, ПМК, сельгаспрадпрыемства, камунальная служба, лясніцтва, пажарны пост, тры магазіны, паштовае аддзяленне сувязі, дарожны ўчастак Каралеўскія Міёрскага ДРБУ. Усе разам ствараюць спрыяльныя, камфортныя ўмовы для пражывання.

 

Уладкоўваюць, бо самі тут жывуць

Сучаснае Язна прыгожае ў любую пару года. Аформленыя кветкамі і малымі архітэктурнымі формамі будынкі і дамы, дагледжаныя вуліцы. Санітарнаму стану тут надаюць шмат увагі. Кожная сям’я па-свойму ўмела распараджаецца сваім участкам, а ў цэлым – усеагульная гармонія. За гэта старшыня сельсавета Валянціна Фядзьковіч аддзячыла дыпломамі і падарункамі.
Першымі на сцэну ўзняліся старэйшыны аграгарадка: Лілія Спірковіч, Ія Кавалёнак, Раіса Наркевіч і Наталія Шыман. Гэта лідары, да слоў якіх прыслухоўваюцца аднавяскоўцы, аўтарытэту якіх давяраюць.

 
Дамоў узорнага парадку ў Язне шмат. Сёлета па выніках штогадовага конкурсу за імкненне ствараць прыгажосць ва ўласным двары вылучыліся Фёдар і Лілія Казельскія, Аляксандр і Ася Басянок, Тадэвуш і Яўгенія Захарэвічы, Васіль і Наталля Шыманы, Іван Лаўшоў і Света Вяль, Пётр і Ала Шамшуры, Пётр і Таццяна Баслакі, Анатоль і Алена Шчарбіцкія, Павел і Святлана Осіпавы, Уладзімір і Алена Чэпікавы, Васіль Галяс і Алена Банах, Анастасія і Андрэй Шчарбіцкія.

 

Ініцыятыва ў цане

Адзначаны язненскія актывісты. У тым ліку майстар па апрацоўцы дрэва Аляксандр Кавалёнак. Ён адчувае сябе гаспадаром на роднай зямлі, дзякуючы гэтаму ў грамадскіх месцах Язна з’явіліся новыя альтанкі, абнавіліся драўляныя сталы на рынку. На суботніках не маюць праблем з абслугоўваючай тэхнікай.

 
 Каштоўная роля ў жыцці аграгарадка Ірыны Стома. Яна дасканала ведае гісторыю роднага краю, аўтар юбілейнага праваслаўнага календара. Дарэчы, гэта не рэклама мясцовасці, – з яркіх фотаздымкаў пазіраюць землякі, якімі ганарацца на Язненшчыне. Умела прэзентуе язненскія краявіды і славутасці ў інтэрнэт-прасторы гаспадыня аграэкасядзібы «Белыя росы» Наталля Жойдзік. Алена Радзюк выступае спонсарам добрых спраў, дзякуючы ёй і падарункі да юбілейнай урачыстасці набылі.

 
У віншавальнай прамове старшыня сельсавета Валянціна Фядзьковіч падзякавала землякам за любоў і адданасць малой радзіме, за разуменне і узаемавыручку ў справах на дабрабыт аграгарадка. Дзякуючы такім найлепшым чалавечым якасцям квітнець язненскай зямлі яшчэ не адно тысячагоддзе.

 

Людзі – у пашане

У прывітальным адрасе ад кіраўніцтва раёна адзначана маляўнічасць язненскіх краявідаў, хлебасольнасць краю, шырокая душа і працавітасць яго жыхароў. Дзякуючы гэтаму аграгарадок прыгажэе і развіваецца. Неацэнная роля ў тым папярэднікаў, традыцыі якіх умела працягваюць сучаснікі. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Марыя Баніфатава пажадала язненцам заставацца клапатлівымі гаспадарамі роднай зямлі, каб захоўваць і перадаваць наступным пакаленням усё найлепшае.

 
Намеснік старшыні райвыканкама Валерый Драба адзначыў, што многае ў аграгарадку зроблена па праграме адраджэння сяла, значны ўклад і саміх жыхароў. Працавітых і таленавітых тут нямала, раз’ехаліся і па свеце. Найлепшыя патрыёты малой радзімы атрымалі ўзнагароды раённага Савета дэпутатаў і райвыканкама.

 
На святочнай сцэне цёплыя словы гучалі ў адрас маладых жыхароў Язна, якія сёлета прамовілі клятву вернасці адно аднаму. Цяпер задача новых сем’яў – паляпшаць дэмаграфічную сітуацыю. Нараджэнне немаўлятак для вяскоўцаў – вялікая радасць. Пяць дзяўчатак сталі сёлетнім папаўненнем. Наказ іх бацькам, каб дзеткі раслі здаровыя і шчаслівыя. У прыклад – доўгажыхары. Феафаніі Александроўскай, Веры Дуброўскай, Яўгеніі Малчун і Галіне Шчарбіцкай ужо за 90, а яны па-ранейшаму актыўныя і жыццелюбівыя. Каштоўныя іх вопыт і мудрасць, пажадалі дзяліцца імі яшчэ доўгія гады.

 

Рэпертуар на любы густ

Віншаванняў прагучала шмат. Іх разнастайвалі канцэртныя нумары. Душэўным песнапеннем непаўторную атмасферу свята ствараў царкоўны хор язненскага прыхода. Ярка выступала «Язынка». Гэта даўно ўжо не проста талісман Язна. Вакальны калектыў звыклы, як пейзаж роднай старонкі, разам з тым – самабытная з’ява ў культуры раёна. Яго выступленне – заўсёды падзея. Усе нумары найлепшыя. Сімпатыі гледачоў і аматараў фальклору заваяваў не толькі ў раёне, вядомы і далёка за яго межамі.
Апладзіравалі юным і дарослым самадзейным артыстам, у якіх таксама ёсць свае фанаты і прыхільнікі. Майстар-клас дэманстравалі міёрскія прафесіяналы.

 

Наталія СТАНКЕВІЧ

Фотарэпартаж Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 98 605
  • 0

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 94 297
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 90 539
  • 1

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 43 563
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 42 709
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 36 743
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 25 894
  • 2
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 25 ноября 2020
Александр, Борис, Владимир, Даниил, Дмитрий, Иван, Константин, Лев, Матвей, Николай, Степан, Федор, Афанасий

Именины 24 ноября 2020
Викентий, Виктор, Евгений, Максим, Степан, Тимофей, Федор

Госці краін

free counters
Партнеры сайта