У рамках акцыі па папаўненні экспазіцыі «Дарога памяці» на тэрыторыі комплексу ў ваенна-патрыятычным парку Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі «Патрыёт» 6 кастрычніка прайшоў забор зямлі ў Міёрскім раёне.
– На Міёршчыне 37 вайсковых пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай вайны, – адзначыў ваенны камісар раёна Сяргей Пунтус. – Сабрана па жменьцы зямлі з кожнага. Цяпер яна адправіцца ў Віцебск, а пасля – у мінскае ўпраўленне па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр вайны Узброеных Сіл. Адтуль матэрыял з усіх рэгіёнаў Беларусі накіруюць расійскаму боку.
Акцыя стартавала 22 чэрвеня. Зямлю з брацкіх магіл савецкіх воінаў збіраюць у месцах іх пахаванняў на тэрыторыі Расіі, а таксама яшчэ больш чым у 40 краінах свету. Яе змяшчаюць у спецыяльныя кантэйнеры – салдацкія кісеты (іх закладваюць у гільзы артылерыйскіх снарадаў) – і ўстанаўліваюць у гісторыка-мемарыяльным комплексе «Дарога памяці».
Праект «Дарога памяці» рэалізуецца Міністэрствам абароны Расійскай Федэрацыі і ўяўляе сабой агульнадаступную адзіную базу дадзеных пра кожнага ўдзельніка Вялікай Айчыннай.
Алена ВАРОНІНА
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.