Люди приходят в магазин за покупками и общением

 Магазін Ушацкага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства ў Цвеціне вабіць пакупнікоў выбарам тавараў і добразычлівасцю прадаўцоў. У рэдакцыю не раз тэлефанавалі жыхары Цвеціна і ваколічных вёсак з падзякамі прадаўцам сельскага магазіна. Адзначалі шырокі асартымент гандлёвай кропкі і пазітыўны настрой, з якім тут сустракаюць пакупнікоў. Наведаліся ў магазін карэспандэнты раённай газеты.

 

Будні дзень, пасляабедзенны час. Пакупнікоў няшмат, ды і ўвогуле доўгіх чэргаў у сельскіх магазінах не бывае. Даўно мінула пара, калі сяльчане спяшаліся купіць толькі прывезеныя хлеб ці марожанае, пакуль усё не разабралі. Цяпер на паліцах удосталь духмяных боханаў і здобы, свежых фруктаў і агародніны, мясных паўфабрыкатаў, салодкіх ласункаў.

 
– Летам хутка разыходзілася марожанае. Хоць у многіх вяскоўцаў агароды, куплялі ў нас агуркі і памідоры. Запатрабавана малочная прадукцыя, бо мала хто цяпер кароў трымае. Ёсць попыт на гатовыя чабурэкі, галубцы, блінчыкі з розным начыннем, якія дома застаецца толькі разагрэць. Гэта зручна, асабліва калі няма часу доўга стаяць ля пліты, – расказвае пра пакупніцкія густы загадчыца магазіна Ірына Кадушка (на фота справа). – Хлебабулачную прадукцыю завозяць чатыры разы на тыдзень. Што-дня ля магазіна спыняецца машына з таварамі: з прадукцыяй «Санта Брэмар», з мяснымі вырабамі ад «Ганны», з мінеральнай вадой «Дарыда», з каўбасамі Міёрскага мясакамбіната і так далей.

 
 Разам з шырокім асартыментам прадуктаў харчавання ў сельскім магазіне прапаноўваюць сродкі бытавой хіміі, канцылярскія прылады, будаўнічыя матэрыялы. Калі трэба, і веласіпед прывязуць. За мінулы сезон два прадалі. Загадчыца магазіна стараецца задаволіць пакупніцкія інтарэсы.

 
З Ірынай Панцялееўнай мы пазнаёміліся ў сакавіку 2018 года ў цвецінскім аддзяленні паштовай сувязі. Ішлі апошнія месяцы яе работы начальнікам АПС падчас водпуска па доглядзе дзіцяці асноўнага работніка. Ужо ў канцы мая Ірына Кадушка стала загадчыцай у мясцовым магазіне, які на той час яшчэ ўваходзіў у структуру Міёрскага райспажыўтаварыства. Сельскі гандлёвы аб’ект не быў для яе новым. Тры гады загадвала ім перад тым, як перайсці на пошту, таму хутка аднавіла ў памяці і на справе ранейшыя веды і навыкі.

 
Вяртанню калегі ўзрадавалася прадавец Наталля Альхімовіч, якая за прылаўкам цвецінскага магазіна з 2012 года. Абедзве жанчыны  пражываюць у суседняй вёсцы Іст, адкуль да месца працы дзесяць кіламетраў. У Ірына Панцялееўны свой аўтамабіль, Наталля Валер’еўна цёплай парой выбірае веласіпед, у халады дабіраецца на аўтобусе ці займае месца пасажыра ў машыне свайго начальніка.

 
– Магазін працуе штодня без абеда і выхадных, але па суботах і нядзелях мы даём адна адной адпачыць, па чарзе на працу выходзім, – расказвае прадавец. – Пакупнікоў хапае штодня. Летам іх кагорту папаўняюць дачнікі.

 
– Дарэчы, гараджане сельмагам задаволены. Заўважаюць, што ў нас можна набыць усё патрэбнае. Аднойчы дачнік здзівіўся, што нават гранёныя шклянкі ў продажы ёсць. Купіў сабе, – дапаўняе загадчык. – Вядома, розныя пакупнікі прыходзяць. Хтосьці і дзвярыма стукне. Мы вывучылі характары і запыты наведвальнікаў, ведаем, як з кім сябе паводзіць. Хтосьці пакупкі зрабіў і пайшоў, многім хочацца затрымацца, пагутарыць, чымсьці асабістым падзяліцца. Калі час дазваляе, падтрымліваем размову.
Наўрад ці сярод прафесійных якасцяў работнікаў гандлю прапісана эмпатыя. Між тым без яе складана ўявіць якаснае абслугоўванне ў сельскім магазіне, дзе персанал і пакупнікоў звязвае не толькі спажывецкі попыт.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.