Авторизация
 

На творчасць родная зямля натхняе

 Завітаць ў вёску Курылавічы Язненскага сельсавета меліся дзве нагоды. Па-першае, уручылі падарунак пераможцам фотаконкурсу «Фишка нашего двора». Па-другое, хацелася асабіста пазнаёміцца з гаспадарамі і распытаць у іх пра сакрэты карцін з крышачак, якімі аздобілі сцены дома і не толькі.

 

Гутарым ва ўтульнай альтанцы. Гэта падарунак гаспадару на юбілей ад жонкі і дзяцей. Даўно пра яе марыў, і жаданне збылося. Цёплымі вечарамі ладзяць тут чаяпіцце ўдваіх, часта збіраюцца за сталом дзеці і ўнукі.

 

Крышачкі ўзялі верх над сайдынгам

Двор гаспадароў Рунда вабіць стракатымі колерамі кветак, што красуюць на клумбах з ранняй вясны да позняй восені, і яркімі карцінамі на сценах дома і гаспадарчых пабудоў, «напісаных» звычайнымі пластыкавымі крышачкамі. Жар-птушка, матылёк, аленяня і іншыя выявы цешаць позірк і выклікаюць добрую ўсмешку.

 
Крышачкавым дэкорам Уладзімір Яўгенавіч і Рэгіна Тадэвушаўна займаюцца чатыры гады. Ідэю падгледзелі ў інтэрнэце і вырашылі ўвасобіць на сваім падворку. Раздрукавалі схемы, падлічылі патрэбную колькасць крышачак і пачалі іх назапашваць.

 
– Да прыкладу, каб аленяня змайстраваць, спатрэбіліся 144 жоўтыя крышачкі, 94 карычневыя, 23 чорныя, 143 белыя, шэсць зялёных, 302 залацістыя, 26 блакітных, 135 сініх, чатыры аранжавыя, 21 чырвоная і 20 цёмна-зялёных. Матылёк менш затратны: 110 сініх крышачак, 348 блакітных, 38 белых, 58 чорных і 24 жоўтыя, – прыводзіць падлікі гаспадар. – Зрабіць малюнак па схеме – справа не вельмі доўгая. Жар-птушку збіралі два дні па некалькі гадзін. Функцыі ў нас падзелены: жонка падае крышачкі і цвікі, а я прыбіваю.

 
Матэрыял для творчасці збіраюць усёй сям’ёй. У магазіне, выбіраючы напоі, звяртаюць увагу не толькі на кошт і аб’ём, але і на колер крышак. З лесу разам з грыбамі прыносяць пакінутыя кімсьці пластыкавыя бутэлькі. Дзеці, едучы да бацькоў, разам з гасцінцамі вязуць пакеты крышачак. Перадаюць пластыкавыя прывітанні былыя калегі.
– Напачатку былі думкі абшыць дом сайдынгам, – заўважае Уладзімір Яўгенавіч. – Цяпер рады, што выбралі іншае аздабленне.

 

 Спатканне на вуглу агарода

– Гэты дом – радавое гняздо Уладзіміра. Тут ён вырас, – гаворыць Рэгіна Тадэвушаўна. – Пазнаёміліся мы таксама ў Курылавічах.
– Вунь там – на вуглу агарода – сустрэліся, – з усмешкай паказвае гаспадар у канец двара ля дарогі. – Ішлі з сябрам з Язна, а Рэгіна з дзяўчатамі на танцы. «Вось наш новы брыгадзір», – прадставіў яе таварыш.

 
Было гэта ў 1983 годзе. Уладзімір нядаўна вярнуўся з арміі. Рэгіна прыехала працаваць па размеркаванні ў мясцовы калгас пасля Навагрудскага сельскагаспадарчага тэхнікума. Родам яна са Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці.

 
Праз два гады маладыя людзі ўзялі шлюб і падаліся ў Наваполацк. Уладзімір ужо працаваў на «Нафтане» машыністам кампрэсарных установак. Яшчэ да арміі скончыў наваполацкае вучылішча нафтавікоў. Рэгіна была кухонным работнікам ва ўстановах адукацыі, затым таксама перайшла ў нафтавую прамысловасць. Уладкавалася на завод аператарам таварным, асвоіўшы новую справу непасрэдна на месцы працы.

 
 Жыллё спачатку здымалі, праз тры гады атрымалі кватэру ад прадпрыемства. Выхаднымі спяшаліся ў вёску да бацькоў. На аўтобусе, з маленькімі дзецьмі. Цяпер ужо дарослыя Сяргей і Алена са сваімі сем’ямі з радасцю
едуць вольнымі днямі ў Курылавічы. Любяць гасцяваць у дзядулі і бабулі любімыя ўнукі – трохгадовы Марк і пяцікласнік Кірыл.

 

На пенсію – у Курылавічы

– Цяпер у вёсцы плануем жыць пастаянна. Мы ўжо на пенсіі: я ў мінулым годзе пайшла, Уладзімір сёлета, – кажа Рэгіна Тадэвушаўна. – Калі зіма будзе суровай, можа і паедзем у гарадскую кватэру, але не хочацца туды. Накіроўваемся ў горад толькі па неабходнасці, а справіўшыся, кажам: «Паехалі дадому!»

 
Клопаты нядаўніх гараджан цяпер у вёсцы. У бацькоўскім доме, на прасторным двары з клумбамі, агародам і маладымі яблынямі, новымі альтанкай і лазняй, са свежым гаючым паветрам. Праца на зямлі дорыць асалоду і прыемную стомленасць, а вечарамі так хораша паслухаць навакольную цішыню.

 
Тут сама прырода дае новыя сілы, абуджае імкненне да творчасці. Яшчэ не ўсе ідэі гаспадароў адлюстраваны на падворку. У кладоўцы чакаюць сваёй пары акуратна раскладзеныя па колерах крышачкі ў пакетах.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 98 521
  • 0

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 92 635
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 90 029
  • 1

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 43 133
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 42 662
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 36 707
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 25 813
  • 2
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 21 октября 2020
Василий, Виктор, Владимир, Дмитрий, Иван, Николай, Павел, Петр, Елизавета, Мария, Надежда, Пелагея, Таисия, Татьяна

Именины 20 октября 2020
Иосиф, Леонтий, Марк, Николай, Сергей, Юлиан, Пелагея

Госці краін

free counters
Партнеры сайта