Мудрость и радость идут бок о бок

 Свята мудрых і добрых людзей. Так назвалі дату 1 кастрычніка ўдзельнікі сустрэчы, што адбылася ў гэты дзень у тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Раённая арганізацыя Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў па традыцыі сабрала разам кіраўнікоў пярвічак.

 

«Не только грусть мои года, мои года – мое богатство…», – гучала фонам вядомая песня. Атмасферу свята сваім пазітыўным настроем стваралі вядучыя – загадчык аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і суправаджальнага пражывання Ганна Ліскова і спецыяліст Юлія Машара, добрыя словы гасцей, усмешкі і нязмушаныя дыялогі ўдзельнікаў.

 
Павіншаваць ветэранскі актыў з Днём пажылых людзей завіталі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Вячаслаў Бялько, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Аксана Ашурка. Адзначалі маладосць іх душы і багаты багаж вопыту і мудрасці, дзякавалі за актыўную жыццёвую пазіцыю, жадалі бадзёрасці духу і цеплыні сямейнага ачага.

 
Старшыня ветэранскай арганізацыі Часлаў Кашкур распавёў, чым жыло аб’яднанне з мінулагодняй сустрэчы. Удзельнічалі ў мерапрыемствах, прысвечаных 80-годдзю Міёрскага раёна, 75-годдзю Перамогі, у кампаніі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Шкадуюць ветэраны-актывісты, што ўвасабленню многіх ідэй перашкодзіла пандэмія каронавіруса. Не адбыліся агляд-конкурс мастацкай самадзейнасці, раённая спартакіяда, экскурсіі ў Копысь і на Лінію Сталіна. Разам з тым працягваюць будаваць планы.

 
 Кіраўнікі ветэранскіх пярвічак, якія ля руля не першы год, добра ведаюць адзін аднаго, рады сустрэчам і зносінам. Падчас мерапрыемства іх пазнаёмілі з навічкамі. У ААТ «Міёрскі райаграсэрвіс» узначаліў пярвічку Юрый Лагунёнак, у Міёрскім КБА – Ірына Грыцаенка, у цэнтральнай раённай бальніцы – Наталля Капітонава, на мясакамбінаце – Святлана Сцепулёнак.
Сказаць добрыя словы жадалі многія ўдзельнікі сустрэчы і ў кожнага была такая магчымасць.

 
 – Раніцай слухала радыё. У сталых людзей пыталіся, у чым сакрэт маладосці. Думаю, ён у аптымізме. Мы ўмеем радавацца кожнаму новаму дню, – гаварыла былы начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне і цяперашні кіраўнік ветэранскай пярвічкі арганізацыі Таццяна Рымша.

 
Актыўнасць і запал удзельнікі сустрэчы паказалі ў конкурсах: гатавалі экспрэс-стравы, збіралі на прагулку ўнукаў, выступалі аратарамі, адгадвалі і спявалі песні. Да месца была падрыхтаваная вядучымі скрыначка ўспамінаў, якая натхняла на расповяды пра мінулае.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фотарэпартаж Казіміра БЛАЖЭВІЧА. 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.