Авторизация
 

Спакуса верасовай слодычы

 У час мінулага фестывалю на паўвостраве было нямала прапаноў ад прадаўцоў мёду. Не звяртаючы ўвагу на цану, купіў, здаецца, самы водарны, па кансістэнцыі крыху адрозны ад прывычнага з лугавых кветак. «Верасовы», – прарэкламаваў прадукт гаспадар Аляксандр Крокас.

 

Аляксандр Васільевіч міярчанін, тут нарадзіўся і вучыўся, нават служыў на аэрадроме. А нечуванае ў нашых мясцінах прозвішча калісь прывёз з Гродзеншчыны яго бацька, тут яно і прыжылося. Ад яго ж пераняў захапленне пчалярствам. Праўда, не адразу той дзясятак – другі вулляў ператварыўся ў вялікую падсобную гаспадарку. Пэўны час быў звыштэрміновым прапаршчыкам-тылавіком на тутэйшым запасным аэрадроме, потым тры гады арганізоўваў харчаванне для службоўцаў савецкай марской авіябазы ў далёкім Емене. Нямала пакалясіў за рулём аўтафуры па дарогах Еўропы. А як закончыў качавое жыццё, пераключыўся на пчалярства. Узімку ўласнаручна вырабляў вуллі – дзесяцірамкавыя пад рамку Дорана. Потым іх засяляў раямі, пакуль уласны пчальнік не перабольшыў сотню сем’яў крылатых працаўніц.

 
Напачатку заставіў вуллямі дачу ў Снегах. Але там наўкола азёры, для пчол няшмат кармавых угоддзяў, меданосаў хапае калі толькі з вясны. Ды і далекавата самому ездзіць. Стаў асвойваць наваколле. Нагледзеў нядрэннае месца ля Дзехцяроў, дзе летам цвіла люцэрна, непадалёку рэдкалессе, зручнае для палётаў пчолам. У Малой Кавалеўшчыне летам прывабліваюць даўнія прышкольныя ліпы. Бліжнія гаспадаркі сеюць нямала рапсу. Гаспадар «Дэмскага саду» Уладзімір Кашкур запрашае крылатых працаўніц, як з вясны пакрываюцца кветкамі пладовыя дрэвы і кусты. Гэта абяцае добры ўраджай. А верасовы мёд – падарунак найперш верхавога балота Ельня. На ім пасля даўніх вялікіх пажараў надта разрасліся гэтыя невялікія кветкавыя хмызнякі. Вось і качуюць з канца ліпеня да пачатку верасня вуллі да вёсак Казлы, Мнюхі, Дульскія. Для перавозкі выкарыстоўваецца мікрааўтобус (у ім месцяцца чатыры домікі) з прычэпам (яшчэ 15).

 
Перамяшчэнне пчальнікоў – не самая клопатная справа з вясны па восень. Аляксандр Васільевіч для сваіх мясцовых і ўжо гібрыдных пчол перыядычна купляе племянных матак «Бакфаст», па сотні еўра за кожную. А потым вырошчвае ўласных. Збірае матачнае малачко (моцны імунаўмацавальны сродак), пяргу (утрымлівае шмат вітаміна В), пропаліс, пылок, воск… Некаторыя з гэтых аперацый патрабуюць дакладнага захавання тэхналогіі, часу выканання і правядзення, таму ў пчаляра ўсё лета без выхадных.

 
 Пра адкачку мёду размова асобная. Дарэчы, з-за працяглых халадоў майскага «ўраджаю» ў гэтым годзе не было. Летні яшчэ не зусім закончаны, аднак па разліках гаспадара з кожнага вулея ён павінен атрымаць прыкладна па 50 кілаграмаў салодкай прадукцыі. Удакладняе: з-за таго, што перавозіць на ўраджайныя меданосы. Але ж верасовы – жэлепадобны – у звычайнай медагонцы і пры звычайнай тэхналогіі з рамак не выкачваецца. Выкарыстоўваюцца валік ці прэс, нават сучаснае (і дарагое) камп’ютарызаванае абсталяванне са шматлікімі праграмамі.

 
Верасовы мёд падабаецца і карысны людзям, а вось для пчол як корм на зіму не падыходзіць. Таму заспеў яшчэ цёплым вераснёўскім днём Аляксандра Васільевіча на яго прыгарадным пчальніку ля вулеяў з падкормкай. У кожны замест выкачанага верасовага змяшчаў ёмістасць з сіропам, настоеным на палыну для папярэджання страўнікавых расстройстваў. Адразу пацікавіўся, ці не трапіць вада з сіропа потым у мёд?

 
– Ні ў якім выпадку, – запэўніў пчаляр. – Гэтая колькасць сіропу будзе спажыта за зіму, а калі вясна акажацца позняй, як сёлета, давядзецца падкормку паўтарыць. Якасць мёду перад рэалізацыяй абавязкова правяраю ў спецыяльных лабараторыях Наваполацка ці Мядзеля.

 
Апошні пратакол праверкі засведчыў, што мёд з пчальніка Аляксандра Крокаса ўтрымліваў 20% вады, што адпавядае норме, меў дыасторны лік 23,5% (патрэбна не менш за 8%), накапіў цукрозы 3,2% (дапушчальна да 5%), адмоўна рэагаваў на рэакцыю Селіванава-Фіге (значыць, не разаграваўся), кіслотнасць складала 12,5% (забаронная мяжа 40%), а ўтрыманне радыёактыўнага цэзію складала толькі тысячную долю шкоднай колькасці. Значыць, мясцовыя і сталічныя спажыўцы атрымаюць салодкую прадукцыю гарантаванай якасці.

 
Заўважыў, што на пчальніку Аляксандр Васільевіч працаваў толькі ў сетцы на галаве і амаль не карыстаўся дымаром, хаця распаліў яго. Патлумачыў, што ў злых сем’ях мяняе матак, імкнецца выбіраць для працы ля вулляў сонечныя і бязветраныя дні. Але калі сем’яў шмат, зрабіць гэта вельмі цяжка, ды і спяшацца трэба. Таму без укусаў не абыходзіцца. Але ж пчолкі свае, працуюць выдатна, на іх нельга крыўдаваць.
Думаеце, восеньскі догляд пчол закончыцца, і пчаляр пойдзе на адпачынак. Не, пачнецца праца ў майстэрні над новымі вуллямі і рамкамі, якіх патрэбна асабліва шмат.

 

Леанід МАТЭЛЕНАК

Фота аўтара.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 24 июня 2021
Мария, Ефрем

Именины 23 июня 2021
Александр, Алексей, Андрей, Василий, Герасим, Иван, Игнатий, Илья, Иннокентий, Кузьма, Макар, Николай, Павел, Тимофей, Анна, Антонина, Семен

Госці краін

free counters
Партнеры сайта