Авторизация
 

Лідзія БАБАРНЁВА: «Добрасумленна рабіла сваю справу»

 24 верасня, пакуль цёплае і сонечнае надвор’е, Павяцце перабірала бульбу з асабістых агародаў. Урадзіла яна нядрэнна, але многія вялікія клубні патрэскаліся і згубілі таварны выгляд. Гэтым жа ў двары дачкі займалася Лідзія Бабарнёва. Ветэрану працы не сядзіцца без справы: як разбярэцца з ураджаем – вечарам з сяброўкамі з клуба «Надзея», такімі ж актыўнымі аматарамі здаровага ладу жыцця, скіруецца на прагулку.

 

Лідзію Андрэеўну на Міёршчыне ведаюць як цудоўную настаўніцу і кіраўніка метадычнага аб’яднання выкладчыкаў фізікі, арганізатара мастацкай самадзейнасці, нават музыканта, умелага спецыяліста клубнай работы. Мяне ж цікавілі заслугі, за якія мая субяседніца ўзнагароджана ордэнам «Дружба народаў».

 
Свой жыццяпіс Лідзія Андрэеўна пачала здаля: нарадзілася ў сям’і калгаснікаў Паршутаў у вёсцы Чарналессе, ад якой засталася толькі адна хата паблізу Турчына і Сіцькова ў Мікалаёўскім сельсавеце. Маці часта хварэла, бацька працаваў брыгадзірам і загадчыкам фермы, рэдка бываў дома. А там падрасталі тры дачушкі.

 
Жылі бедна, таму Лідзія пасля восьмага класа Акунёўскай СШ уладкавалася на цагельны завод у Горках. Механізацыя туды прыйдзе пазней, а тады многае рабілася ўручную. І ёй давялося адвозіць цэглу-сырэц ад фармовачнага станка, укладваць яе на прасушку, дастаўляць на апальванне да печаў. Адначасова займалася ў вячэрняй школе рабочай моладзі ў Дзісне, якой кіраваў Мікалай Чарноў. Аказалася здольнай вучаніцай па ўсіх прадметах, асабліва па матэматыцы, яе выкладала Таццяна Мацкевіч. Яна і парэкамендавала выпускніцы-медалістцы працягваць вучобу ў гэтым напрамку.

 
Лідзія Андрэеўна накіравалася на фізіка-матэматычны факультэт Віцебскага педінстытута імя Кірава. Адолела ўступныя экзамены. Складана было вучыцца пры сціплай матэрыяльнай падтрымцы сям’і на стыпендыю ў 14 рублёў, таму кожнае лета ўсе дзве змены працавала старшай важатай у піянерскіх лагерах. Затым скіроўвалася на Ельню па журавіны, каб зарабіць на вучобу.
Выкладчыкі інстытута прыкмецілі старанную і здольную студэнтку з беднай сям’і, з трэцяга курса прапанавалі ёй заняцца рэпетытарствам. Нават парэкамендавалі вучня, які слаба разбіраўся ў матэматыцы. Пачатак аказаўся ўдалым: той хутка і выдатна засвоіў школьную праграму. Цяпер ужо здольнага рэпетытара шукалі. Для студэнткі гэта стала істотнай падтрымкай: перад урокамі яе заўсёды кармілі, яшчэ і грошы плацілі.

 
Практыку Лідзія Андрэеўна праходзіла ў Браслаўскай СШ, а працаваць скіравалася ў Мішнівіцкую сярэднюю школу Шумілінскага раёна. Там яе чакаў аднакурснік Уладзімір Бабарнёў, які раней таксама з-за эканамічных цяжкасцей у сям’і перавёўся на завочнае навучанне. Ён стаў яе мужам.

 
У Мішнівіцкай школе справы складваліся ўдала. Прапанавалі заняць толькі што ўведзеную пасаду намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце. Выкладала фізіку, была класным кіраўніком. Займалася камсамольскай работай – школьная арганізацыя «грымела» на ўвесь раён. Чаго варты толькі 100-кіламетровы лыжны паход па месцах партызанскай славы. Выконвала грамадскія даручэнні агітатара на вытворчасці, нават народнага засядацеля ў судзе. Не мела вольнай хвіліны на рабоце і пасля яе. Але такі лад стаў прывычным, на яго ў педагагічным асяродку не прынята было скардзіцца.

 
Вось як пра той час, будучы старшакаснікам Мішнівіцкай школы, нагадвае жыхар райцэнтра Пётр Пятроў, цяпер кіраўнік пярвічнай ветэранскай арганізацыі работнікаў райсельгасхарчу, а ў недалёкім мінулым – намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання па жывёлагадоўлі:

 
«У 1966 – 1967 навучальным годзе на работу ў нашу школу прыехала маладая сямейная пара выпускнікоў Віцебскага педінстытута Бабарнёвых: матэматык Уладзімір Сцяпанавіч і фізік Лідзія Андрэеўна. Яны вельмі дапаўнялі адзін другога і з першых дзён граматна і з галавой акунуліся ў навучальны працэс. Нам запомніліся лыжныя паходы, турыстычныя лагеры, экскурсіі ў Брэст і Ленінград, школьныя вечары, камсамольскія сходы, КВЗ, мастацкая самадзейнасць, што яны арганізоўвалі. Іх намаганнямі і з улікам усіх метадычных навацый з нуля быў створаны сучасны кабінет фізікі, дзе месца парт занялі электрыфікаваныя лабараторныя сталы. З’явіліся так званыя кантрольныя заняткі (тэсты), калі ўсе вучні адначасова пісьмова адказвалі на пытанні вывучаемай тэмы. Мы старанна рыхтаваліся да кожнага ўрока: ведалі, што ўсім давядзецца адказваць.

 
Маладыя настаўнікі не толькі дапамагалі нам засвоіць школьную праграму, але і ў выніку дыялогу выявіць глыбіню ведаў кожнага. Гэта натхняла. Некаторыя старшакласнікі нават займаліся ў рэспубліканскай завочнай фізіка-матэматычнай школе, а двое пасля атрымання вышэйшай адукацыі працавалі на касмадроме.

 
Лідзія Андрэеўна мела пасведчанне кінамеханіка і вяла кінагурток. Пасля заняткаў у ім васьмікласнікі (я ў іх ліку) змаглі здаць экзамен на кінадэманстратараў на базе абласнога інстытута ўдасканалення настаўнікаў з правам пераздачы ў 10-м класе на паўнацэнныя правы кінамеханіка. А гэта ўжо сталая прафесія, тады даволі папулярная.

 
З вялікім жаданнем наведвалі фотагурток. Вывучалі азбуку Морзе, мотавелатэхніку, вучыліся вязаць марскія вузлы (Уладзімір Сцяпанавіч служыў на флоце і ведаў гэтую справу), выраблялі стэнды і розныя дапаможнікі. Такім чынам тэарэтычныя веды падмацоўваліся практычнымі навыкамі.

 
Я шчыра ўдзячны Лідзіі Андрэеўне і яе пакойнаму мужу Уладзіміру Сцяпанавічу за веды і жыццёвы вопыт, якія ад іх атрымаў».
Жыццё для Бабарнёвых перавярнулася ў 1978 годзе весткай, што цяжка захварэла маці. Каб яе даглядаць, перабраліся на Міёршчыну ўсёй сям’ёй, а гэта не толькі дзве дачушкі, але і пляменніца з пляменнікам. Патрабавалася падтрымка пажылым і хворым бацькам (хутка – толькі бацьку). Неўзабаве захварэў на анкалогію муж, не міналі хваробы і трагедыі блізкіх людзей. У дадатак, вялікая сям’я патрабавала і вялікай падсобнай гаспадаркі.

 
У такіх умовах для Бабарнёвых пачалася праца ў Павяцкай СШ пры дырэктары Фёдары Сівым. Калектыў быў дружным, можна было разлічваць на падтрымку і дапамогу Аляксандра Гайдзеля, Ядвігі Гіржда і іншых педагогаў. Лідзія Андрэеўна выкладала фізіку, астраномію і інфарматыку, зноў адкрытыя ўрокі з прысутнасцю калег, рэгулярныя праверкі метадыстаў нават з Віцебска і Мінска. І тут – афармленне кабінета фізікі. Сцвярджае, што ў ім адначасова маглі займацца тры класы і для кожнага вучня было падрыхтавана асабістае заданне. Навучальны працэс арганізавала на такім узроўні, што заваявала аўтарытэт сярод калег ва ўсім раёне. Як не стала самага знакамітага выкладчыка фізікі на Міёршчыне Аляксандра Капітанава, ёй прапанавалі ўзначаліць метадычнае аб’яднанне выкладчыкаў прадмета. Немалаважнае значэнне мела і тое, што тагачасны загадчык РАНА Вячаслаў Цітовіч, вопытны кіраўнік, ведаючы спецыяліст і мудры чалавек, таксама быў настаўнікам фізікі.

 
Выдатных выкладчыкаў у школах таксама працавала нямала. З удзячнасцю нагадвае Лідзія Андрэеўна Віктара Цітовіча з Дворнага Сяла, аднакурсніцу Галіну Фурс з Дзісны, дырэктара СШ № 2 Уладзіміра Ханецкага і настаўніцу гэтай школы Ларысу Грыгор’еву. Па шляху любімага педагога пайшла вучаніца Алена Астапковіч, што працавала ў СШ № 3. Калісь выпускніцу Валянціну Найдзёнак з чацвёркай па фізіцы вазіла на абласную алімпіяду, а яна заняла чацвёртае месца ў вобласці па гэтым прадмеце. Гэта пра ўзровень ведаў, што атрымлівалі яе вучні. Дарэчы, у наступным Валянціна таксама стала настаўніцай, працавала завучам у Слабадской БШ.
Клопаты кіраўніка метадаб’яднання не абмяжоўваліся пасяджэннямі, пошукам навінак, правядзеннем адкрытых урокаў у школах раёна. З калегамі наведала Пулкаўскую абсерваторыю, займалася ў рэспубліканскай завочнай школе. Працяглы час уваходзіла ў склад журы абласной алімпіяды па фізіцы, займалася пошукам юных талентаў па ўсёй краіне ў складзе рэспубліканскага клуба «Эўрыка». Выступала на педагагічных канферэнцыях у сталіцы, была дэлегатам педагагічнага таварыства. Узначальвала санітарную дружыну калгаса «Гігант» на раённых спаборніцтвах.

 

Больш таго, стала на палавіну стаўкі мастацкім кіраўніком Павяцкага СДК, дзе рыхтавала канцэрты, агляды, розныя святы і мерапрыемствы. Давялося граць на бубне і барабане ў складзе ансамбля «Павятчанка» пад кіраўніцтвам Зінаіды Белавус. Ужо ў пенсіённым узросце са сваёй каляжанкай Алінай Капуста стварыла клуб «Надзея», больш за дзесяць гадоў ён праводзіў рэгулярныя пасяджэнні, арганізоўваў адпачынак для пажылых вяскоўцаў. Былое не забыта: і цяпер актывісткі клубнага руху сустракаюцца, дзейнічае спартыўная група, што праводзіць рэгулярныя прагулкі.
 
Пасля пераліку спраў, да рэалізацыі якіх мела дачыненне Лідзія Андрэеўна, удакладняць, за што ўзнагароджваюць ордэнам, палічыў лішнім. Сама ж гаспадыня вясковай хаты прытрымліваецца думкі, што кожнаму трэба добрасумленна рабіць сваю справу. А яны з калегамі працавалі так, што іх выпускнікам пры паступленні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы рэпетытары не патрабаваліся. 

 

Леанід МАТЭЛЕНАК

Фота аўтара.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 98 521
  • 0

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 92 581
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 90 019
  • 1

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 43 126
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 42 662
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 36 707
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 25 813
  • 2
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 20 октября 2020
Иосиф, Леонтий, Марк, Николай, Сергей, Юлиан, Пелагея

Именины 19 октября 2020
Иван, Макар, Никанор

Госці краін

free counters
Партнеры сайта