В социальном кафе научат компьютерной грамотности

 У ліку пераможцаў конкурсу мясцовых ініцыятыў, што праходзіў у рамках праекта «Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён», фінансуемага Еўрапейскім саюзам, – сацыяльнае кафэ «Сярэбраны ўзрост». Аўтары ідэі – раённая арганізацыя Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў у партнёрстве з тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва – атрымалі 10 тысяч еўра на яе ўвасабленне. Пра асаблівасці ініцыятывы і крокі яе рэалізацыі гутарым з загадчыкам аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і суправаджальнага пражывання ТЦСАН Ганнай ЛІСКОВАЙ.

 

– У сацыяльнае кафэ «Сярэбраны ўзрост» запрашаем жыхароў горада і раёна ва ўзросце за 60 гадоў і людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Набіраем групу з 40 чалавек: 30 пажылых і 10 інвалідаў, – адзначае Ганна Віктараўна. – Асноўная мэта кафэ – павысіць узровень камп’ютарнай граматнасці наведвальнікаў. Іх навучаць рабіць праз інтэрнэт плацяжы і афармляць дастаўку тавараў на дом, заказваць талоны да ўрача і білеты на грамадскі транспарт, карыстацца сацыяльнымі сеткамі і мэсэнджэрамі і так далей. Новыя веды і навыкі пасадзейнічаюць прафілактыцы дэменцыі, пашыраць сацыяльныя сувязі.

 

Як лічыце, наколькі будзе запатрабаванай сярод указанай аўдыторыі прапанова асвоіць інтэрнэт-прастору?
– Напярэдадні тэрытарыяльны цэнтр правёў маніторынг узроўню камп’ютарнай граматнасці сярод ста гараджан пажылога ўзросту. Вынікі паказалі, што у 67 % рэспандэнтаў ёсць цяжкасці ў рабоце з камп’ютарам, 33 % апытаных увогуле не маюць такіх навыкаў, 89 % выказалі жаданне імі авалодаць. Думаю, у сацыяльнае кафэ пажадаюць прыйсці многія.

 

Ініцыятыва разлічана на 12 месяцаў. Раскажыце пра этапы яе рэалізацыі.
– Работу распачалі з верасня. У будынку тэрытарыяльнага цэнтра на першым паверсе рыхтуем памяшканне для кафэ. Трэба зрабіць рамонт, абнавіць мэблю, закупіць абсталяванне. Для заняткаў неабходны камп’ютары, для адпачынку – кава-машына, чайнік, посуд. На ўладкаванне сацыяльнага кафэ адвялі два месяцы. Урачыстае адкрыццё адбудзе- цца ў лістападзе. Тады пачнуцца заняткі. Наведвальнікаў будзе весці трэнер, які навучыць арыентавацца ў інтэрнэт-прасторы. З шостага месяца плануем займацца па прынцыпе «роўны навучае роўнага». Гэта значыць наведвальнікі, якія атрымаюць неабходныя веды і навыкі, змогуць самі вучыць іншых.

 

Як стаць наведвальнікам сацыяльнага кафэ?
– Запіс у групу вядзём па тэлефоне 5 28 32. Калі жадаючых будзе больш, чым зможа прыняць кафэ, створым рэзервную групу.
 
Кацярына РЫНКЕВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.