60-летний юбилей отмечает Валерий КУБАРКА

  Устаноўка і наладка ахоўнай сігналізацыі – штодзённы клопат міярчаніна Валерыя КУБАРКІ. Трэцяга верасня ён адзначыў 60-гадовы юбілей. Трэць жыцця працуе электраманцёрам у Міёрскім аддзяленні Дэпартамента аховы.

 

З біяграфіі

Валерый родам з вёсачкі Прэмяны Шаркаўшчынскага раёна. Нарадзіўся ў сям’і Яўгеніі і Раймунда Кубаркаў. Яшчэ падлеткам па сямейных абставінах трапіў далёка на поўнач. Жыў у сястры па лініі маці і хроснай у горадзе Варкута Рэспублікі Комі. Там скончыў васьмігодку. Марыў стаць будаўніком, узводзіць шматпавярхоўкі. Аднак лёс распарадзіўся інакш. Група не набралася. Таму ў прафесійна-тэхнічным вучылішчы Варкуты пачаў засвойваць азы электраманцёрскай справы. Што і стала прафесіяй усяго жыцця.

 
– Першы працоўны вопыт па спецыяльнасці атрымліваў ва Упраўленні мантажу і наладкі абсталявання г. Варкута. Праз год пайшоў у армію, – прыгадвае Валерый Раймундавіч, – прызваўся ў войскі ваенна-паветраных сіл. Служыць давялося ў Казахстане на сакрэтным на той час аб’екце Байканур. Казармы нашы знаходзіліся за дваццаць кіламетраў ад стартавай пляцоўкі, і за тры кіламетры ад горада Ленінска, дзе размяшчалася гасцініца касманаўтаў. Службу нёс зменамі. У якасці электраманцёра абслугоўваў узлётную паласу касмадрома, выконваў і службовыя абавязкі як салдат.

 
– Цяжка было служыць? – пытаюся ў Валерыя Раймундавіча.

 
– І працавалася, і служба давалася лёгка, нязведанае вабіла навізной, а з цікаўнасцю да гэтага ўсё дасягалася хутка.
Пасля дэмбеля яшчэ год Валерый працаваў у Варкуце. У водпуску накіраваўся праведаць маці. У Міёрах завітаў да знаёмых. Там кватаравала Іна Ляўковіч – малады фармацэўт цэнтральнай гарадской аптэкі. Магчыма, гэта было каханне з першага погляду. Праз нядоўгі час сяброўства Валерый і Іна зарэгістравалі шлюб. Так каханне і ўжо новыя сямейныя абставіны вярнулі Валерыя Раймундавіча з халоднай поўначы на радзіму. Маладая сям’я атабарылася ў Міёрах. Нарадзілі і вырасцілі дачушак. Старэйшая Галіна ўзначальвае санэпідэмстанцыю ў Міёрах. Выхоўваюць з мужам Дзмітрыем Аліну і Сямёна. Абодва школьнікі. Сямён сёлета пайшоў у першы клас. На лінейку падтрымаць малога завіталі і дзядуля з бабуляй. Унукі частыя госці ў іх доме, ужо памочнікі.
Малодшая дачка Святлана жыве ў Віцебску, працуе інжынерам-канструктарам на абутковай фабрыцы «Белвест».

 

 Эх, прафесійныя будні…

Па вяртанні на радзіму ў 1982 годзе Валерый Раймундавіч уладкаваўся электрыкам у сельгастэхніку. Праз некаторы час кіраўніцтва прапанавала прайсці курсы павышэння кваліфікацыі. З іх вярнуўся слесарам па абслугоўванні даільных і халадзільных установак. Ім адвялі з напарнікам аб’екты на Дзісненскай і Новапагосцкай зонах раёна. У 90-ых стала праблемна з выплатай заробкаў, давялося шукаць іншую работу. Знаёмая падказала, што ў аддзяленне аховы патрабуецца электраманцёр. Іван Пятровіч Рунда, тады начальнік Міёрскага аддзялення, прапанаваў паспрабаваць Валерыю. Азы па ўстаноўцы і наладцы ахоўнай сігналізацыі атрымліваў ад штатных электраманцёраў Мікалая Цітовіча, Леаніда Пруднікава, Рамана Харытовіча.

 
– Тады ахоўная сігналізацыя падключалася пад тэлефонныя лініі, – прыгадвае Валерый Раймундавіч. – Працаваць было нескладана. З цягам часу ўсё развівалася і ўдасканальвалася. Цяжка прывыкаў да камп’ютара. Сумеснымі сіламі нашага калектыву электраманцёраў засвойвалі новую навуку. Вучыліся праграмаваць, разбіваць на зоны са з’яўленнем новага абсталявання і датчыкаў. Шчыра дзякую маладому пакаленню электраманцёраў, якія пры патрэбе даюць параду.

 
Абслугоўванне па ахоўнай сігналізацыі справа тонкая і вельмі адказная. Дамовы пра маштабы працы і планы з заказчыкамі, дасканалае падключэнне абсталявання, праверка спрацоўвання датчыкаў, строгае выкананне тэхнікі бяспекі, начныя дзяжурствы, пад’ём па трывозе ў час дрэннага надвор’я – усё гэта добра знаёмыя будні электраманцёра Валерыя Кубаркі. Спраўляецца выдатна, і як праз усё жыццё – з лёгкасцю і аптымізмам. 

 

Вольга ВІШНЕЎСКАЯ

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА і з сямейнага архіва Валерыя КУБАРКІ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.