Педагогическая конференция прошла в районном доме культуры в Миорах

 Першы званок у Дзень ведаў гучыць не толькі для першакласнікаў. На ўрок кліча ён маладых настаўнікаў. Сёлета кагорту педагогаў Міёршчыны папоўнілі 13 спецыялістаў, дзевяць з іх вярнуліся на працу ў родны край. Знаёмства з новымі калегамі адбылося 26 жніўня на педагагічнай канферэнцыі, што па традыцыі праходзіць у раённым Доме культуры.

 

У педагогаў навучальны год пачынаецца крыху раней, чым у іх выхаванцаў. Стартам можна лічыць традыцыйную педагагічную канферэнцыю, што праходзіць напрыканцы жніўня. Тэма сёлетняй сустрэчы – «Адукацыя Міёрскага раёна: рэзервы якасці і арыенціры эфектыўнага развіцця».

 

 З віншаваннямі і ўдзячнасцю

З пачаткам новага навучальнага года павіншаваў педагогаў старшыня раённага выканаўчага камітэта Ігар Кузняцоў. Падзякаваў усім за няпростую і вельмі важную работу, ад вынікаў якой залежыць наша будучыня. Запэўніў, што ўлада зацікаўлена ў задавальненні патрэб сферы адукацыі. Далучыўся да віншаванняў намеснік старшыні Валерый Драба. У звароце да былых калег выказаў упэўненасць, што ім пад сілу справіцца з пастаўленымі задачамі.

 

 Да заняткаў гатовы

Удасканаленне сістэмы адукацыі, якая стабільна функцыянуе, не залежыць ад знешніх умоў і скіроўваецца на ўсебаковае развіццё асобы дзіцяці. Так акрэсліў першачарговы арыенцір на 2020 – 2021 навучальны год начальнік аддзела па адукацыі Аляксандр Жук. Таксама ў ліку задач – павышэнне якасці адукацыі, фарміраванне кадравага патэнцыялу, стварэнне сучаснай матэрыяльна-тэхнічнай базы.

 
 Навучальны працэс на Міёршчыне будуць забяспечваць 22 установы адукацыі: шэсць дзіцячых садоў, 13 школ, цэнтр карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі, сацыяльна-педагагічны цэнтр, раённы цэнтр дзяцей і моладзі. У навучальных установах абнавілася матэрыяльна-тэхнічная база. З’явілася восем інтэрактыўных мульцімедыйных сістэм, у Дзісненскай школе новы клас хіміі, ў Новапагосцкай – біялогіі. Завяршаецца пастаўка кабінета біялогіі ў СШ № 3 імя Я. Томкі. Камп’ютарныя класы набылі для Павяцкай і Сіцькоўскай школ. Установы адукацыі забяспечылі мэбляй, спартыўным інвентаром, тэхналагічным і халадзільным абсталяваннем для харчаблокаў.

 
 Педагогам начальнік аддзела па адукацыі рэкамендаваў удасканальваць работу з адоранымі і высокаматываванымі вучнямі, у прафарыентацыйнай дзейнасці рабіць ухіл на прэстыж рабочых прафесій, акцэнты ў выхаваўчай справе ставіць на патрыятызм і фарміраванне пачуцця асабістай адказнасці за будучыню краіны. Важнымі момантамі застаюцца прававая асвета навучэнцаў, выхаванне талерантных адносін да дзяцей-інвалідаў, ранняе выяўленне сямейнай нядобранадзейнасці.
– Усе ўстановы гатовы да новага навучальнага года, – адзначыў Аляксандр Іванавіч і падзякаваў кіраўніцтву раёна за садзейнічанне і дапамогу ў вырашэнні пытанняў развіцця адукацыі.

 

 Грані навучальнага працэсу

Навучанне і выхаванне – два шчыльна пераплеценыя паміж сабой працэсы з мноствам складнікаў, кожны з якіх важны і патрэбны. У фарміраванні гарманічнай асобы немалаважную ролю адыгрывае выхаванне працай. Як заўважыла дырэктар Павяцкай школы Алена Паўлоўская, апошнім часам складваецца ўражанне, што праца – занятак непрэстыжны, моладзь прывыкла, што і так усё атрымае. Гэты стэрэатып у Павяцці развенчваюць. Да працы сваімі рукамі ў навучальнай установе прывіваюць цікавасць з дашкольнага ўзросту. Менавіта ў самых маленькіх выхаванцаў самае вялікае жаданне дапамагаць і быць карыснымі. Дырэктар пашкадавала, што ў праграме па працоўным навучанні мала гадзін адведзена на сельскагаспадарчую працу. Разам з тым вучні школы ведаюць, што такое клопаты на зямлі. З 2018 года ў навучальнай установе дзейнічае профільная група аграрнай скіраванасці.

 
 Пра асаблівасці перадпрофільнай і профільнай падрыхтоўкі навучэнцаў у Чапукоўскай школе расказала намеснік дырэктара Ірына Качан. З 2015 года профільнае навучанне ідзе на трэцяй ступені адукацыі. Штогод ва ўстанове арганізуюць работу больш за 20 факультатыўных заняткаў. Сёлета выпусціўся клас педагагічнай скіраванасці. На павышаным узроўні вывучаюць біялогію і больш гадзін займаюцца фізічнай культурай навучэнцы групы спартыўна-педагагічнага накірунку.

 
Развіваецца на Міёршчыне інклюзіўная адукацыя, якая дае магчымасць сацыялізавацца дзецям з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця. Па інфармацыі дырэктара цэнтра карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі Вольгі Мілашэвіч, у мінулым навучальным годзе адпаведную дапамогу атрымлівалі 437 дзяцей. У раёне працуе 36 настаўнікаў-дэфектолагаў, з якіх 17 маюць вышэйшую профільную адукацыю. Важны момант іх дзейнасці – работа не толькі з выхаванцамі, але і з іх бацькамі.

 

 Першы званок для педагогаў

Прадставілі на канферэнцыі маладых спецыялістаў, якія сёлета папоўнілі калектывы ўстаноў адукацыі раёна. Для выхавацеляў Веранікі Матэленак, Валерыі Чарнавалюк і Таццяны Грыгор’евай першым рабочым месцам стаў Міёрскі яслі-сад № 1. У яслі-сад № 2 уладкавалася Марыя Драздовіч, у яслі-сад № 3 прыйшла на работу Наталля Мурзёнак. Настаўнікам-дэфектолагам у Дворнасельскую школу накіравалі Ніну Лапкоўскую. Урокі геаграфіі ў вучняў Новапагосцкай школы будзе весці Яна Бяспальчык, беларускай мовы і літаратуры – Таццяна Кукуць. Юлія Голубева – настаўнік замежнай мовы ў Сіцькоўскай школе. СШ № 2 – першае месца працы настаўнікаў замежнай мовы Юліі Красілевіч і Марыны Юхно, настаўніка фізічнай культуры Дзмітрыя Байчука. На пасадзе інжынера-праграміста ў раённым вучэбна-метадычным кабінеце пачынае працоўную дзейнасць Павел Гладкі. З наказам да маладых калег звярнулася дырэктар Новапагосцкай школы Людвіга Марат.

 
– Першае месца работы запомніцца назаўсёды, як і ўсё, што адбываецца ў першы раз, – заўважыла яна.
Пажадала педагогам часцей усміхацца, не баяцца памылак, бо праз іх таксама прыходзіш да ісціны, ствараць камфортную атмасферу для сябе і тых, хто побач.

 
  Узнагароды – найвышэйшыя адзнакі

Старанні і поспехі вучняў вымяраюць у адзнаках. Якасную работу педагогаў пацвярджаюць узнагародамі. Ганаровай граматай райвыканкама адзначана плённая праца загадчыка бібліятэкі і настаўніцы беларускай мовы і літаратуры СШ № 3 імя Я. Томкі Дзіяны Варона і Святланы Яцкоўскай. Удзячнасць райвыканкама аб’яўлена выхавацелю яслі-сада № 3 Наталлі Танкавід. Грамату ад Міністэрства адукацыі атрымала намеснік дырэктара Дзісненскай школы па выхаваўчай рабоце Алена Красоўская. Узнагароды ад абласнога ўпраўлення па адукацыі ўручылі настаўніку працоўнага навучання Алене Кіслай з СШ № 2, выхавацелю яслі-сада № 2 Ніне Лагун, настаўніку рускай мовы і літаратуры Алене Чарняўскай з Чапукоўскай школы, педагогу сацыяльнаму Язненскай школы Наталлі Грыгель, загадчыку раённага вучэбна-метадычнага кабінета Марыне Зюзелевай, настаўніку-дэфектолагу Сіцькоўскай школы Алене Матылёнак, выхавацелю яслі-сада № 1 Святлане Маляўка. Яшчэ 13 педагогаў атрымалі ўзнагароды ад раённага аддзела па адукацыі. 

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.