Авторизация
 

За дакладнасць адказваюць: прафесійнае свята адзначылі работнікі статыстыкі

 Сто гадоў з дня ўтварэння органаў дзяржаўнай статыстыкі Рэспублікі Беларусь спаўняецца 23 жніўня. Яе гісторыя непарыўна звязана з гісторыяй і жыццём краіны. Развівалася ва ўмовах ваеннай разрухі, нягод і пазбаўленняў, што выпалі на долю беларускага народа ў гады першай сусветнай і грамадзянскай, Вялікай Айчыннай войнаў. Пра тое, што ўяўляе гэтая сістэма сёння, гутарым з начальнікам аддзела статыстыкі Міёрскага раёна Наталляй НОВІК.

 

– Беларуская статыстыка займае годнае месца сярод адпаведных служб іншых дзяржаў. У 2008 годзе Рэспубліка Беларусь стала афіцыйным членам Статыстычнай камісіі ААН. Сучасная сістэма ўліку і статыстыкі адпавядае міжнародным стандартам і працягвае ўдасканальвацца. Гэта дазваляе параўнаць узровень эканамічнага развіцця нашай краіны з іншымі дзяржавамі сусветнай супольнасці, – падкрэслівае Наталля Аляксееўна. – Раённая служба неаднаразова пераўтваралася і мяняла свае назвы. У 1948 годзе гэта была раённая інспектура статыстыкі, а ў 1965-ым ужо машынна-вылічальная станцыя. Раённай інфармацыйна-вылічальнай станцыяй яна стала ў 1971-ым, а з 1987-га носіць назву раённага аддзела статыстыкі.

 

Хто каардынуе дзейнасць органаў статыстыкі?
– Узначальвае адзіную сістэму органаў дзяржстатыстыкі Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь. На тэрыторыі Віцебскай вобласці афіцыйную дзейнасць ажыццяўляе Галоўнае статыстычнае ўпраўленне.

 

 Што ў аснове арганізацыі і вядзення дзяржаўнай статыстыкі?
– У Законе Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўнай статыстыцы» вызначаны наступныя прынцыпы: незалежнасць пры ажыццяўленні дзяржаўнай статыстычнай дзейнасці, канфідэнцыяльнасць пярвічных дадзеных, абгрунтаванасць афіцыйнай статыстычнай метадалогіі, суразмернасць нагрузкі на рэспандэнтаў патрэбам карыстальнікаў, а таксама актуальнасць, своечасовасць, аб’ектыўнасць і даступнасць інфармацыі.

 

З чым звязаны найбольшы аб’ём работы?
– Найвялікшымі статыстычнымі работамі лічацца перапісы насельніцтва, якія праводзім адзін раз у дзесяцігоддзе. Вельмі адказным і напружаным для нас стаў 2019-ы. Па маштабах і цяжкасці гэтая работа для ўсіх нацыянальных статыстычных служб не мела аналагаў. У адрозненне ад папярэдніх перапісаў насельніцтва працэс збору
і апрацоўкі персанальных дадзеных быў поўнасцю аўтаматызаваны. Упершыню апытанне насель- ніцтва праводзілі з дапамогай планшэтных камп’ютараў. Акрамя таго, жыхары Беларусі мелі магчымасць самастойна перапісацца праз інтэрнэт. Цяпер Белстат праводзіць не менш працаёмкую і адказную работу па распрацоўцы вынікаў перапісу насельніцтва і інфармавання карыстальнікаў аб іх.

 

Насельніцтва сумленна ставілася да важнай кампаніі?
– Так, і вялікі дзякуй усім за гэта. На перыяд падрыхтоўкі і правядзення перапісу быў падрыхтаваны 31 чалавек часовага персаналу. Гэта няшмат, аднак улічваючы, што нашы землякі наведвалі перапісныя ўчасткі, запаўнялі анкеты праз інтэрнэт, аб’ём работы ў іх зменшыўся. Разам мы паспяхова справіліся з задачай дзяржаўнага значэння.
Удзячны часоваму перапісному персаналу, раённай камісіі садзейнічання перапісу насельніцтва пад кіраўніцтвам Таццяны Стальмачонак і Валерыя Драба, а таксама кіраўнікам арганізацый і прадпрыемстваў, сельвыканкамаў за дапамогу ў падрыхтоўцы і правядзенні перапісу.

 

 Чым займаецеся ў перыяд паміж перапісамі насельніцтва?
– Штогод праводзім статыстычныя назіранні. Гэта асноўны інструмент, які забяспечвае дзяржаўны заказ Урада на атрыманне афіцыйнай інфармацыі для дзяржаўнага кіравання і рэгулявання. Па выніках мярку-
юць аб эфектыўнасці дзяржпраграм, вызначаюць курс развіцця дзяржавы, даведваюцца, што адбываецца ў нашай краіне.

 
Як з часам мяняецца сістэма?
– За апошнія гады дзяржаўная статыстыка значна ўдасканалена. Перайшлі на пераважна электронны фармат прадастаўлення справаздачнасці, у тым ліку праз шматфункцыянальны вэб-партал Белстата ў рэжыме анлайн. Выходзяць на новы ўзровень і каналы распаўсюджання афіцыйнай інфармацыі. Статыстычныя зборнікі і бюлетэні размяшчаюцца ў адкрытым доступе ў сетцы Інтэрнэт на сайтах Белстата і тэрытарыяльных органаў дзяржстатыстыкі. Цяпер знайсці неабходную інфармацыю можа кожны, не выходзячы з дома.

 

Поспехі ва ўдасканаленні дзяржаўнай статыстыкі – вынік работы калектыву.
– Згодна. Аддзел статыстыкі Міёрскага раёна прадстаўляе невялікі, але зладжаны калектыў. За адданасць сваёй справе і штодзённую напружаную працу дзякую галоўнаму спецыялісту Наталлі Валяўка і эканамісту Святлане Фурс. Заўсёды рады сустрэчам з людзьмі, якія шмат гадоў працавалі ў аддзеле: Святланай Валажонак, Святланай Вішнеўскай, Марынай Трубіла, Алесяй Паляк, Святланай Балай. Бясконца ўдзячны нашым ветэранам за каштоўны вопыт, што перадалі пакаленню маладых спецыялістаў. Звыш 26 гадоў узначальвала калектыў Любоў Васільеўна Касцюкевіч. Дзесяцігоддзі прысвяцілі дзяржаўнай статыстыцы Валянціна Браніславаўна Ліцвінава, Кацярына Альфонсаўна Сушко, Вера Пятроўна Данілюк, Ганна Васільеўна Шаўлюга, Марыя Адольфаўна Баравік, Ірына Пятроўна Загадская, Таццяна Мікалаеўна Вішнёвая, Валянціна Міхайлаўна Антановіч і Алена Францаўна Федаровіч.

 
Пераглядаючы фотаальбом гісторыі нашага працоўнага калектыву, разумею, што пералічыла далёка не ўсіх. Тых, чыя працоўная дзейнасць звязана ці калісьці мела дачыненне да статыстыкі, віншую з прафесійным святам. Жадаю моцнага здароўя, міру і дабра, шчасця і дабрабыту вам і вашым блізкім, невычэрпнага аптымізму, поспеху і новых жыццёвых здзяйсненняў.

 

Падрыхтавала Алена ВАРОНІНА.

Фотаматэрыял з архіва аддзела статыстыкі Міёрскага раёна.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 13 апреля 2021
Вениамин, Иван, Иннокентий, Иосиф, Анна

Именины 12 апреля 2021
Захар, Иван

Госці краін

free counters
Партнеры сайта