Авторизация
 

Пройдзе ўсё, а пабудаванае будзе вечна. Рэпартаж з будоўлі жылога дома ў Міёрах

 Мікрараён Русачкі – візітная картка райцэнтра. Пяціпавярховыя дамы растуць як грыбы. Дзякуючы новым квадратным метрам палепшыліся жыллёвыя ўмовы шматлікіх яго жыхароў. Да камфорту непасрэднае дачыненне маюць спецыялісты ПМК-55. Яны – наша асноўная будаўнічая адзінка. Практычна палова ўсёй жылой плошчы, якая ўводзіцца ў эксплуатацыю, даводзіцца на іх долю. Калектыў шчаслівы, калі загружаны і некалі расслабляцца. Завяршаюць адзін аб’ект, тут жа прыступаюць да наступнага. У гэтым жыццё будаўнікоў.

На вышыні

птушынага палёту

Каб адчуць смак адной з самых неабходных прафесій, накіроўваемся на вуліцу Лермантава. Тут у актыўнай фазе будаўніцтва чарговы 40-кватэрны дом № 27.


 Работа кіпіць. Будаўнікі і тэхніка размеркаваны па ўсёй будпляцоўцы. На першых паверхах над гатовымі сценамі чаруюць тынкоўшчыкі. У суправаджэнні майстра Вольгі Пліско няспешна і асцярожна трымаем курс да муляраў. Яны збудавалі тры паверхі і ўжо пераходзяць да чацвёртага. Роўна на столькі ўзнялася ўверх лесвіца, якая вывела на бліжэйшую да хлопцаў пляцоўку. Адсюль адкрылася цудоўная панарама, прыгожыя віды. А лёгкі ветрык на вышыні ўжо больш агрэсіўны. Можна ўявіць сабе, як дзьме тут пры мінусавой тэмпературы. Гэта не ва ўтульным офісе сядзець. Летняй парой дакучае спякотнае сонца, зімой калючы мароз. Неспрыяльныя ўмовы надвор’я – самае непрыемнае для будаўнікоў. І тэмп работ ад гэтага залежыць.

Жыць у доме,
які ўзвялі самі

Нарэшце гучны лязгат кельмаў. Рад за радам шпарка кладзецца цэгла, сцяна расце на вачах. У камандзе муляраў дзесяць чалавек. Нароўні з імі працуе брыгадзір Аляксандр Шаўлюга. Аб’ект размяркоўвае з раніцы, усе расстаўлены па сваіх месцах, выконваюць даведзеныя задачы. Некаторым трэба падказаць і павучыць. Вопыт ёсць. З удзелам Аляксандра будаваліся дамы па прэзідэнцкай праграме ў аграгарадках, узведзены практычна ўсе пяціпавярхоўкі ў Русачках.


– 10 кубоў на дзень – гэта мінімум, – інфармуе пра заданне брыгадзір. – І норму трэба даваць, і якасць забяспечваць. Брыгада стараецца, ад тэмпаў выпрацоўкі залежыць заробак. Важна і каб будматэрыялы пастаўлялі своечасова.


 Хлопцы маладыя, настрой бадзёры, некаторыя мараць жыць у доме, які пабудавалі самі. Іван Анціпаў родам з Наваполацка. У ПМК-55 працуе не так даўно. На Міёршчыну прывяло каханне. Тут маладой сям’і камфортна, але няма жылля. Не хапае сродкаў ні каб набыць яго, ні тым больш пабудаваць. Паразважаў на тэму і другі хлопец з брыгады, які з сям’ёй жыве ў бацькоў:


– Была пара, будаўнікам жыллё вы-дзялялі, тады і за месца трымаліся. Цяпер дамы ўзводзяць, а свайго куточка няма.

Незамянімых няма,

ёсць непаўторныя

У поўным распараджэнні муляраў і бетоншчыкаў аўтакранаўшчык. Ён падае ім раствор, блокі, цэглу. Дапамагае з мантажом падмурка, разгружае вагоны з будаўнічымі матэрыяламі. Галоўны інжынер ПМК-55 Леанід Касевіч называе Аляксандра Матэленка прафесіяналам сваёй справы. Застаецца верны арганізацыі на працягу 30 гадоў. З сур’ёзнымі задачамі пагрузкі-разгрузкі спраўляецца адзін, яго калегі пагналіся за доўгім рублём.


Пра сябе Аляксандр Фёдаравіч расказвае сціпла. Пасля школы атрымаў вадзіцельскае пасведчанне. Затым хлопца з сухапутнай вёскі Пад’ельцы паклікала марская рамантыка. Служба ў арміі доўжылася тры гады ў Севастопалі на караблі. Пасля лёс рашуча прывядзе яго ў Міёрскую ПМК-55, як аказалася, назаўсёды.


 Асноўныя веды і навыкі аўтакранаўшчыку далі ў Гомелі на курсах. На першым часе адточваў майстэрства на ЗІЛе грузападымальнасцю 6,3 тоны. Затым у арганізацыі з’явіўся 10-тонны МАЗ. Дагэтуль машына 1982 года выпуску нароўні з навейшым 25-тоннікам служыць свайму клапатліваму гаспадару.


Місія ў кранаўшчыка складаная і адказная. Але даўно набіта рука. Пад’ехаць у зручнае месца, устойліва ўстанавіць машыну на падпорныя «лапы» – усё элементарна проста для спецыяліста. Далей трэба ў кабіне крана нібы згуляць у прыстаўку. Галоўнае – дакладна кіраваць джойсцікамі і з вагой груза не пралічыцца.


Як прызнаецца аўтакранаўшчык, пакуль выканаеш задачу, сумаваць не даводзіцца, час бяжыць непрыкметна. Нярэдка клічуць у дарогу камандзіроўкі. За работай не заўважыў нават, як дзеці выраслі. Добра, што з дому далёка не з’ехалі. Сын знайшоў сябе ў газавай службе, дачка-медык – у АСВОДЗе.  

 Куды больш чым сад,

амаль адушаўлёны

У гаспадарчым двары ПМК-55 ёсць свой яблыневы сад. Сваім з’яўленнем райскі куточак абавязаны былому дырэктару Валерыю Брылю. Гэта яго ініцыятыва. Саджанцы з гадавальніка фермера Уладзімір Кашкура падраслі і ўзмужнелі. Са слоў Леаніда Ігнацьевіча, вясной усё было ахоплена бела-пеннай з пяшчотнай ружовасцю квеценню. Цяпер яркімі сакавітымі гронкамі спеюць яблыкі. Між роўных радкоў любяць прагульвацца будаўнікі. Тут добра дыхаецца. І думаецца. Пра мімалётнае, вечнае. Напрыклад, як складана не толькі пабудаваць, але і вырасціць, зберагчы, абараніць, захаваць. На радасць сабе і іншым. І гэта мае дачыненне не толькі да яблынь – да ўсяго істотнага ў нашым жыцці.

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Наталія СТАНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 14 апреля 2021
Ефим, Иван, Макар, Сергей, Мария

Именины 13 апреля 2021
Вениамин, Иван, Иннокентий, Иосиф, Анна

Госці краін

free counters
Партнеры сайта