Авторизация
 

Спецыялісты ў справы пагрузіліся глыбей падчас Дня Міёрскага сельсавета

 17 ліпеня для раённага дэпутацкага корпуса, служб і аддзелаў райвыканкама аказалася даволі насычанай. Падвялі вынікі дня Міёрскага сельсавета, што завяршылася выязным пасяджэннем прэзідыума. Гэта дазволіла разгледзець на практыцы работу па добраўпарадкаванні мясцовых населеных пунктаў, вытворчых, сацыяльна-культурных аб’ектаў, зносе старых і пустуючых дамоў. Комплекснае вывучэнне пытанняў жыццезабеспячэння дапоўнілі сустрэчы ў працоўных калектывах і па месцы жыхарства насельніцтва. На гандлёвае, медыцынскае, паштовае, сацыяльнае абслугоўванне нараканняў не прагучала. 

Перш за ўсё –
клопат пра людзей

Ва УП «Чэрасы» завітаў кіраўнік раёна Ігар Кузняцоў. Ён нагадаў, што галоўныя задачы аграрыі вырашаюць круглы год. Каб гаспадарка трымалася на плаву, своечасова выплачваўся заробак, неабходна карміць і даіць. Жывёла сытая, калі кармоў нарасло, назапасілі іх у тэрмін. Многае залежыць ад кліматычных умоў, немалаважны і чалавечы фактар. Старшыня райвыканкама цэніць імкненні чэраскіх аграрыяў да найлепшых вынікаў. Для гэтага ў іх ёсць усё неабходнае: матэрыяльна-тэхнічная база, камандны дух і малады дырэктар. Разлічвае на сельгаспрадпрыемства і падчас уборачнай кампаніі.


Важнае для аграрыяў і развіццё эканомікі роднага краю. Са слоў Ігара Валер’евіча, будаўніцтва райпаліклінікі ў райцэнтры запланавана на будучы год, што адпавядае графіку рэспубліканскай інвестыцыйнай праграмы. У жніўні будзе гатова праектна-каштарысная дакументацыя на сучасны дзіцячы садок у мікрараёне Русачкі.


 Важнай падзей сёлетняга года стане выпуск першай прадукцыі металапракатнага завода, з чым звязаны візіт Прэзідэнта ў раён напрыканцы месяца. Прадпрыемству аддадуць пачэсную і адказную ролю горадаўтваральнага. Цяпер раён датацыйны. Калі завод запрацуе на поўную моц, датацыйнасць на палову знізіцца. Гэта значная сума. Дадатковыя расходы можна будзе накіраваць на падтрымку сацыяльнай сферы, дарожнай галіны. Наш раён, дзе цяпер каля 20 тысяч жыхароў, практычна пачынае новае жыццё. З узвядзеннем жылля будзе развівацца будаўнічая галіна. Прыросту насельніцтва паспрыяе і ўнікальны шматпрофільны медцэнтр, у радыусе абслугоўвання якога будзе пяць раёнаў. Новыя аб’екты пасадзейнічаюць развіццю турыстычнай сферы. Ёй павышаная ўвага на дзяржаўным узроўні. І пры ўсім гэтым застанецца запатрабаванай і важнай праца аграрыяў, умовы жыцця і працы якіх таксама палепшацца.


Як звярнуў увагу старшыня райвыканкама, раёну патрэбны маладыя кадры. Іх атрымаем, калі будзем выхоўваць сваіх дзяцей у любові да малой радзімы, каб яны адчувалі, што тут іх рады бачыць і з нецярпеннем чакаюць пасля вучобы. Ігар Валер’евіч запэўніў: для кожнага знойдзецца працоўнае месца незалежна ад спецыяльнасці.


У ходзе размовы ўвага надавалася важнай сацыяльна-палітычнай падзеі краіны – выбарам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Кіраўнік раёна адзначыў, што працэнт удзелу жыхароў Міёршчыны ў папярэдніх выбарчых кампаніях дастаткова высокі. Важна ў чарговы раз праявіць актыўнасць і завітаць на выбарчы ўчастак.


Падчас прыёму грамадзян агучылі праблему зарастання абочын лазняком. Па маршруце Чэрасы – Пціцкія – Захарні асабліва абцяжараны праезд буйнагабарытнай сельгастэхнікі да ўгоддзяў. Механізатару Івану Іванову з Якубаўшчыны таксама муліць вока лішняя расліннасць пры дарозе да роднага населенага пункта. Але ён гатовы павысякаць яе сабе на дровы. Кіраўнік раёна паскорыць вырашэнне набалелых пытанняў.

 Такое сяло
толькі прываблівае

Вёска Пціцкія – трэці, апошні прыпынак інфармацыйнай групы пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама, дэпутата райсавета Леаніда Лясовіча. Мясцовыя жыхары збіраліся ў двары Казіміра Дарожкі. Прайсці міма такога дома немагчыма. Не двор, а курортная зона. Усмешлівыя Казімір Станіслававіч і Марыя Мамертаўна 34 гады разам. Жыллё самі сабе збудавалі, у ім жа і вяселле зладзілі. У любові і клопаце выраслі іх чацвёра дзяцей. І ў павазе да працы, бо дома заўсёды трымаюць падсобную гаспадарку і клапоцяцца пра навакольную прыгажосць.


Шарападобныя туі, шацёр з вінаграднай лазы, тэраса ў кветках, сад, малыя архітэктурныя формы. За хлявамі ў нізіне вадаём і ліпавы парк. Рукатворны райскі куточак – самае любімае месца адпачынку сям’і, і гасцям з буйных гарадоў падабаецца. З лазні даюць нырца ў празрыстую ваду ў любую пару. На беразе можна і рыбу вудзіць, і шашлыкі смажыць. А яшчэ паўсюль лілеі і петуніі. Усім і за дзень не налюбуешся. Смачны ў гаспадароў бярозавы сок з чорнымі парэчкамі. У спякоту найлепшага сродку спатоліць смагу бадай што няма. І на вінаграднае віно гасцей запрашаюць. Новы ўраджай звычайна здымаюць у кастрычніку. Гронак – як усыпана.


Ладзяць Дарожкі з суседзямі. Марыя Мамертаўна толькі патэлефанавала, як яны хто пешшу, хто на веласіпедзе ўжо ля веснічак. Прыбраныя, усмешлівыя жанчыны паселі сярод прыгожых петуній на тэрасе. Яны таксама сочаць за парадкам вакол сваіх домаўладанняў, разбіваюць кветнікі, высаджваюць розныя гатункі. І жыўнасць гадуюць. Таму фармат сустрэчы адразу перайшоў у дыялог. Жыхароў Пціцкіх турбуюць візіты лісіц, якія звычайна завяршаюцца скраданнем курэй. Выпусціць хатнюю птушку на волю не атрымліваецца – трэба як кароў пасвіць. Са слоў намесніка старшыні райвыканкама Леаніда Лясовіча, раённая паляўнічая арганізацыя за паўгоддзе сёлета адстраляла каля 80 лісіц і звыш 10 янотападобных сабак. Работа вялікая, і яе не спынялі. Важна і самім клапаціцца пра сваіх гадаванцаў. У вальеры больш бяспечна – пагадзіліся гаспадыні, але яек куры даюць менш.


  Каб дабрабыт
і шчасце памнажаліся

Аднак не толькі дзікія звяры ўяўляюць пагрозу. Намеснік начальніка РАУС Святаслаў Паніч заклікаў клапаціцца пра захаванасць маёмасці. Дзверы, падпёртыя палачкай, сведчаць, што дома нікога няма. Ведае пра гэта і злодзей. Жыллё і гаспадарчыя пабудовы трэба замыкаць, ключ насіць з сабой.


Часта вяскоўцы трапляюць на вуду заезджых гандляроў. Як правіла, яны наведваюць адзінокіх, нямоглых, прычым амаль заўсёды такія выпадкі заканчваюцца банальным крадзяжом. Часам людзі і самі, нібы загіпнатызаваныя, перадаюць у рукі махляроў грошы і іншыя каштоўнасці. Калі па вёсцы курсіруюць незнаёмыя, найлепш адразу набраць 102.


Што да статыстыкі, то сёлета на тэрыторыі Міёрскага сельсавета зарэгістравана 14 злачынстваў (у 2019 – 8), у тым ліку адно забойства, наўмыснае ўчыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, сем крадзяжоў, махлярства, два выпадкі незаконнага захоўвання зброі, згон транспартнага сродку, а таксама ўцягненне непаўналетняга ва ўчыненне злачынства. Яшчэ на ўчастку складзена 43 адміністрацыйныя пратаколы.


Пра пажарную бяспеку нагадаў інспектар РАНС Алег Перапячаеў. З пачатку года ў раёне зарэгістравана 11 загаранняў, два чалавекі загінулі. Абодва злоўжывалі спіртнымі напоямі. Няспраўнасць пячнога ацяплення – таксама ў ліку асноўных прычын няшчасцяў. Да пачатку халоднага сезона неабходна выявіць і затынкаваць усе трэшчыны на цаглянай кладцы, умацаваць дзверцы, калі яны аселі ці расхісталіся, вызваліць ад назапашанай сажы дымаходы. Не менш важна сачыць за спраўнасцю электрасетак, не дапускаць перанапружання. Уключаныя бытавыя прыборы не пакідаць без нагляду. Пры выхадзе з дому і на ноч іх найлепш абясточыць. Да ўласнай пільнасці рэкамендавана дадаць пажарны апавяшчальнік у кожным жылым пакоі.


Завяршылася сустрэча абмеркаваннем важнай палітычнай кампаніі – выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Прагаласаваць – грамадзянскі абавязак кожнага. У гэтым вясковы народ дысцыплінаваны і адказны.

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Наталія СТАНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 24 сентября 2021
Виктор, Герман, Дмитрий, Лев, Николай, Петр, Роман, Сергей, Евдокия, Ия, Карп

Именины 23 сентября 2021
Андрей, Василий, Гавриил, Глеб, Евгений, Иван, Климент, Константин, Николай, Павел, Петр, Татьяна, Семен

Госці краін

free counters
Партнеры сайта